Флоксы ці “паненскі вечар”?

Лілейнікі і бархатцы дзвесце гадоў таму можна было ўбачыць пры кожнай сялянскай хаце, а аспарагус — толькі ў кветніках урачоў і настаўнікаў.

Лілейнікі і бархатцы дзвесце гадоў таму можна было ўбачыць пры кожнай сялянскай хаце, а аспарагус — толькі ў кветніках урачоў і настаўнікаў.

Калі б я, дарагія чытачы, запыталася, з чым асацыіруецца ў вас бабуліна хата, напэўна, пачула б пра печ, сырадой, нізкі земляны склеп ці карункавыя аканіцы... А кветкі? Ці не ўзгадваюцца вам, як і мне, куст “разбітага сэрца” пад вокнамі бабулінай хаты або “залатыя шары”, высаджаныя ля прыступкаў? Гэтак жа, як ткацтва, саломапляценне, вышыўка, кветкаводства з’яўляецца неад’емным элементам народнай культуры. Толькі хіба ўзростам маладзейшае — першыя кветкі ў палісадніках беларусаў з’явіліся каля двухсот гадоў таму. Што гэта былі за расліны, адкуль яны ўзяліся ў беларускіх агародах і якія з іх квітнеюць і цяпер у нашых палісадніках, даведалася карэспандэнт “НГ”.

Беларускія ананасы

— Ну якія там маглі быць кветкі ў сялянскіх агародах? — запытаецца хтосьці.  Людзям прыходзілася так цяжка працаваць. Наўрад ці ў іх быў час яшчэ на разбіўку і праполку кветнікаў.

— Сяляне сапраўды займаліся цяжкай працай. Многія людзі даваеннага пакалення,  з якімі даводзілася размаўляць, казалі, што ў іх агародах ніколі не было кветак, —  расказвае вядучы  навуковы супрацоўнік Цэнтральнага батанічнага сада АН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Наталля Луніна. — Аднак у мясцовасці заўсёды знаходзіўся “шукшынскі чалавечак”, які высаджваў ля хаты елачку, бярозку, рабінку ці якую палявую кветку.

Дарэчы, першай у палісадніках з’явілася мыльнянка — гэта кветка расце ў прыроднай флоры Беларусі. А вось інтрадуцэнты — расліны, прывезеныя з іншых краін, — на нашай тэрыторыі з’явіліся толькі ў эпоху Асветніцтва. І то спачатку толькі ў заможных панскіх дварах — Радзівілаў, Агінскіх і іншых, сярод якіх стала модным вырошчваць рознага кшталту экзоты. У некаторых аранжарэях нават ананасы з апельсінамі можна было знайсці!

“Амерыканка” на кветніках

— Як маглі трапіць “панскія” расліны ў агароды простых беларускіх сялян, мы можам толькі здагадвацца.  Можа, які садоўнік адшчыпнуў флянсік у падарунак каханай дзяўчыне ці малады паніч падарыў ружу прыгожай сялянцы, якую тая, як клапатлівая гаспадыня, утыкнула ў зямельку пад акном, — разважае Луніна. — Але дакладна вядома, як толькі ў якім сялянскім двары з’яўлялася новая расліна — яна тут жа распаўсюджвалася па ўсёй вёсцы. І сёння яшчэ можна натрапіць на рамонкавую вёску ці мясцовасць, дзе вырошчваюць амаль адны мальвы.

Канешне, складаныя замежныя назвы кветак нашы продкі не запаміналі, а можа, і не ведалі ніколі. Новай расліне прыдумвалі свае — простыя і зразумелыя ў залежнасці ад колеру, формы ці іншых прыкмет раслін.

— Падчас экспедыцый нам удалося сабраць каля 50 мясцовых назваў кветак, — расказвае Наталля Міхайлаўна. — Дыцэнтру называлі “разбітым сэрцам”, “паненчынымі слязьмі” або “завушніцамі” — яе кветачкі вельмі падобныя на жаночае ўпрыгожанне. Мне асабліва падабаецца гэта назва. Рудбекія ў нашых бабуль была “залатымі шарамі” ці “зімовымі вяргінямі”. На касмею — рознакаляровыя рамонкі — казалі “цыганачкі” ці “матылёчкі”. А ў адной з абласцей пачулі назву “амерыканкі”. Аказалася, што кветка сапраўды родам з Амерыкі. Флоксы называлі “плёксамі”, “вечарніцамі” або “паненскім вечарам” — можна зрабіць вывад, што кветка  расла раней у паноў.

Дзве тысячы экзотаў

— Вядома,  экзатычныя расліны каштавалі вельмі дорага, — расказвае Наталля Міхайлаўна. — Заможныя беларусы заказвалі іх з-за мяжы,  прывозілі з гадавальнікаў і батанічных садоў.  Першы батанічны сад на тэрыторыі Беларусі, дарэчы, з’явіўся ўжо ў 1775 годзе. Яго стварыў у Гродне вядомы натураліст Жан-Эмануэль Жылібер, запрошаны з Францыі Антоніем Тызенгаўзам. Тызенгаўз не шкадаваў на экзатычныя расліны ніякіх грошай — у садзе налічвалася каля 2000 экзатычных раслін. Нядзіўна, што батанічны сад у Гродне быў адным з самых значных у Еўропе. Жылібер  сам прызнаваў: “Тызенгаўз даў магчымасць зрабіць за чатыры гады тое, што я не зрабіў бы ў Францыі за дваццаць гадоў”.

Аднак праіснаваў сад нядоўга — разам з медыцынскай каралеўскай акадэміяй ён быў перавезены з Гродна ў Вільню.

— Мы доўга не ведалі, якія кветкі вырошчваліся ў Гродне. Разам з садам з беларускага горада былі вывезеныя і апісанні раслін. Праўда, і ў літоўскай сталіцы яны доўга не пабылі. Акадэмія разам з садам была зачынена пасля паўстання ў Вільні і пераведзена ў Кіеў. Аказваецца, туды трапіла і частка гербарыя. Мы не ведалі гэтага — думалі, страцілі спісы навечна. Ды толькі тры гады таму паехалі на міжнародную канферэнцыю ў Кіеў. І вось, уявіце сабе, адкрываюць перад намі скураныя папкі, а там — імя Жылібера! Якое гэта было дзіва! Нарэшце, мы даведаліся, якія расліны былі ў найстарэйшым беларускім садзе. Гэта і бархатцы, і лілейнікі, і канны...

Супрацоўнікі Цэнтральнага батанічнага сада нядаўна даследавалі культурную флору нашай краіны — наведалі не адзін беларускі палісаднік. І, што цікава, знайшлі 29 відаў раслін з батанічнага сада Жылібера, якія вырошчваюцца на Беларусі да сёння.

“Елачка” — для эліты

Якія яшчэ расліны можна было знайсці ў бабуліных кветніках двухсотгадовай даўнасці?

— Гваздзіку турэцкую, лілейнік буры, аканіт,  аспарагус, які таксама называюць “елачкай”. Праўда, апошні можна было сустрэць толькі на кветніках настаўнікаў, урачоў, паштальёнаў... Дзіўна, але простыя сяляне “елачку” чамусьці не садзілі, — расказвае Наталля Міхайлаўна. — Многія з раслін XVIII стагоддзя да сёння не захаваліся. Частым жыхаром палісаднікаў раней быў, да прыкладу, марознік. Цяпер сустракаецца вельмі рэдка. Распаўсюджанай была гваздзіка кітайская. Сёння яе таксама амаль не ўбачыш.

Паслухаеш пра беларускія кветкі і прыходзіш да высновы, што яны — спадчына, не менш каштоўная і цікавая за саломапляценне, вышыўку і ткацтва. Праўда, даследаваная слаба. Не ведаем мы яшчэ, да прыкладу, колькі дакладна каштавалі расліны 100—200 гадоў таму, якія кветкі прынята было дарыць  на вяселле ці імяніны, якія існавалі забабоны, звязаныя з вырошчваннем тых ці іншых кветак. Таму, каб дакладна намаляваць карціну “Беларусь у кветках”, папрацаваць яшчэ прыйдзецца і батанікам, і архівістам, і нам з вамі, дарагія чытачы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter