Несмотря на преклонный возраст, Генрих Третьяк взялся за возрождение старинной усадьбы и стал ее хранителем

Флер’янова нанова

Герой Сацыялістычнай Працы, кандыдат сельскагаспадарчых навук і былы старшыня калгаса імя Ламаносава Ляхавіцкага раёна Генрых Траццяк з маладосці вылучаўся мэтанакіраванасцю і схільнасцю да нестандартных рашэнняў. Дзякуючы гэтым рысам характару ўжо ў сталым узросце ён вырашыў самастойна ўзяцца за аднаўленне сядзібы роду Бохвіцаў у вёсцы Флер’янова. Гэтае памкненне аказалася даволі плённым, і сёння Генрых Міхайлавіч разам са сваёй жонкай Ларысай Паўлаўнай з задавальненнем прымае гасцей і турыстаў у выратаванай ад заняпаду старадаўняй сядзібе.

Генрых і Ларыса Траццяк каля сядзібы.
Фота аўтара

Сіла роднай зямлі

Трапяткое стаўленне да Флер’янова Генрых Трац­цяк тлумачыць шэрагам прычын. Па-першае, ён родам з гэтых мясцін — на свет з’явіўся ў размешчанай непадалёк вёсцы Літва. Па-другое, у Флер’янове знаходзілася цэнтральная ся­дзіба калгаса, у якім яму давялося працаваць 28 гадоў, 27 з іх — старшынёй. Але вытокі сваёй любові да гэтага куточка Ляхавіцкай зямлі ён бачыць у бацькоўскім выхаванні:

— Мае бацькі — Міхаіл Ва­сіль­евіч і Аляксандра Іванаў­на — усёй душой любілі зямлю, на якой жылі, шанавалі яе традыцыі і лічылі, што менавіта яна дае чалавеку сілы. Ад іх мне і перадалася любоў да роднага краю, цікавасць да яго гісторыі і культурнай спадчыны.

Цікавасць да гісторыі ў яго праяўлялася з самага дзяцінства. Але цяжкі пасляваенны час унёс карэктывы ў выбар прафесіі. Скончыўшы ў 1953 годзе сямігодку, 16-гадовы Генрых, каб дапамагчы бацькам, пайшоў працаваць у калгас і паралельна вучыўся ў вочна-завочнай школе рабочай моладзі. Затым былі сем гадоў армейскай службы і пяць — вучобы ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, якую ён з адзнакай скончыў у 1968-м.

У 1969-м Генрых Траццяк стаў галоўным аграномам у калгасе імя Ламаносава, а ўжо праз год на агульным сходзе яго аднагалосна выбралі старшынёй. Перыяд, калі ён кіраваў гаспадаркай, стаў часам яе росквіту. Пераймаць перадавы вопыт да Траццяка прыязджалі з усёй Беларусі і іншых саюзных рэспублік. У 1988 годзе яго праца была адзначана вышэйшай узнагародай — Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы.

Дзейная натура

Дуб, пасаджаны Элізай Ажэшкай.
У 1997-м, дасягнуўшы 60-гадовага ўзросту, Генрых Міхайлавіч пайшоў на пенсію. Але сядзець на заслужаным адпачынку склаўшы рукі не ў характары Траццяка. У 2003 го­дзе яго абралі ў раённы Савет дэпутатаў, а праз тры гады — старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі, якую ён узначальваў на працягу дзесяці гадоў. У 2011-м у яго ўзнікла ідэя стварыць клуб навукова-тэхнічнай творчасці ветэранаў. Падбіраючы памяшканне, ён звярнуўся ў СВК «Шлях новы», да якога ў сярэдзіне 2000-х быў далучаны калгас імя Ламаносава. Там пагадзіліся выдзеліць пад клуб будынак канторы ў Флер’янове, які знаходзіўся ў былой сядзібе Бохвіцаў і пуставаў з 1998 года. Праўда, прыдатнымі да выкарыстання ў ім былі толькі некалькі пакояў, у астатніх — ні вокнаў, ні дзвярэй, а дзе-нідзе працякаў дах.
За пару месяцаў члены клуба ветэранаў пры падтрымцы гаспадаркі трохі падлаталі сядзібу. Але каб выратаваць яе ад далейшага разбурэння, трэба было выканаць яшчэ масу работ. У канцы 2011 года Траццяк папрасіў старшыню СВК вылучыць рабочага, які б даглядаў будынак. А ў адказ яму прапанавалі забраць сядзібу ў прыватную ўласнасць за адну базавую велічыню і працягваць яе аднаўленне самастойна.

— І я пагадзіўся, хоць добра ўсведамляў, якую адказнасць бяру на сябе. Але мы жывём побач з сядзібай, і глядзець на тое, як яна паступова руйнуецца, было невыносна, — тлумачыць Генрых Міхайлавіч. — Акрамя адной базавай, давялося яшчэ заплаціць суму, эквівалентную прыкладна 500 доларам, за афармленне ўсіх неабходных дакументаў.

Багемнае месца

На пачатку ХХ стагоддзя сядзіба ў Флер’янове здзіўляла ўсіх сваёй прыгажосцю і была папулярным месцам летняга адпачынку тагачаснай багемы. Госці заязджалі сюды па цяністай ліпавай алеі праз вітыя чыгунныя вароты, а вакол быў узорны парадак: дагледжаныя парк, дом, гаспадарчыя пабудовы…

Ад усёй гэтай велічы да нашых дзён захавалася толькі малая частка. Стаўшы ў 2012 го­дзе паўнапраўным уладальнікам сядзібы, Генрых Міхайлавіч разам з сынамі Дзмітрыем, Віталём і Міхаілам, якія жывуць паблізу — у Ляхавічах і Баранавічах, сур’ёзна ўзяўся за яе аднаўленне. 

Па словах цяперашняга гаспадара сядзібы, падтрымку ў яе аднаўленні і добраўпарадкаванні тэрыторыі аказваюць і розныя валанцёры, у тым ліку навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа і прыватнае прадпрыемства ТАА «Фермент», вытворчая база якога знаходзіцца ў Флер’янове. Сам жа Генрых Траццяк на аднаўленне сядзібы кожны месяц траціць каля паловы сваёй пенсіі. Дарэчы, нягледзячы на сталы ўзрост, многія рамонтныя работы ён, як і раней, выконвае сваімі рукамі.

— Працуючы тут, я свае сілы не марную, а наадварот — памнажаю, — кажа пенсіянер. — Да таго ж, акрамя сыноў, сюды пастаянна прыязджаюць і ўнукі з унучкамі — іх у мяне пяцёра, яны таксама дапамагаюць. Але ў першую чаргу ў аднаўленні сядзібы мяне падтрымлівае жонка Ларыса Паўлаўна. Без яе разумення я, напэўна, не адважыўся б узяцца за ­справу.

Рамансы без фінансаў

Муж і жонка Траццяк ра­зам вырашылі, што сядзіба зноў павінна стаць месцам, дзе будуць збірацца творчыя людзі, як і пры Бохвіцах. І гэты дух удалося адрадзіць. З 2013 года ў Флер’янове пры арганізацыйнай падтрымцы Ляхавіцкага райвыканкама сталі рэгулярна праводзіцца розныя культурныя мерапрыемствы. Ёсць у сядзібе і свая невялікая музейная экспазіцыя, якая паступова папаўняецца дзякуючы агульным намаганням.

Да эпідэміі каронавіруса сюды некалькі разоў на месяц наведваліся асобныя падарожнікі і арганізаваныя групы турыстаў. Цяпер гасцей стала значна менш. А калі яны прыязджаюць, Ларыса Паўлаўна па-ранейшаму бясплатна праводзіць для іх экскурсіі. Прычым не проста распавядае пра гісторыю гэтага месца, а каб лепш перадаць творчую атмасферу, якая панавала тут у пачатку мінулага стагоддзя, выконвае і некалькі старадаўніх рамансаў на розных мовах.

Візіт Элізы Ажэшкі ў сядзібу Бохвіцаў.

КАМЕНТАРЫЙ

Святлана Юрлевіч, намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама:

— Наш раён багаты на аб’екты, якія маюць гістарычную, культурную і архітэктурную значнасць. Сярод найбольш знакамітых — сядзібы ў Грушаўцы і Флер’янове, сядзібна-паркавы комплекс у Начы, парк Рэпіхава і іншыя знакавыя месцы. Усё гэта стварае добрыя перадумовы для развіцця ўнутранага турызму, асабліва ў цяперашняй сітуацыі, калі з-за кавіда граніцы аказаліся фактычна закрытымі. Найбольш перспектыўнымі для нас бачацца культурна-пазнавальны, рэлігійны і аграэкатурызм. Прыцягваюць гасцей у раён і розныя рэгіянальныя мерапрыемствы: фальклорнае свята «З крыніц спрадвечных» на базе сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы, «Флер’яноўскія чытанні» ў сядзібе Бохвіцаў і канцэрты арганнай музыкі ў Петрапаўлаўскім касцёле ў Мядзведзічах.

ДАСЬЕ «НГ»

З сядзібай у Флер’янове звязаны біяграфіі многіх вядомых людзей. Яе ў 1870 годзе пабудаваў сын пісьменніка і філосафа Фларыяна Бохвіца Ян Атон і назваў у гонар бацькі. Ян Атон таксама быў чалавекам неардынарным. Афіцэр гусарскага палка, які прайшоў крымскую кампанію, і перакананы праціўнік прыгоннага права, ён прыняў удзел у паўстанні 1863—1864 гадоў, за што год правёў у зняволенні ў Дынабургскай крэпасці. У 1908—1909 гадах у Флер’янове гасцявала Эліза Ажэшка, якая пасадзіла тут на памяць дуб, палюбавацца якім можна і цяпер. Дарэчы, сын Яна Атона — Тадэвуш — стаў «сардэчным сябрам» пісьменніцы, а іх лісты адзін да аднаго праз некаторы час былі выдадзены асобным 300-старонкавым томам. У Флер’янове гасцявалі нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Уладзіслаў Рэймант, вядомы лекар, філосаф і журналіст Генрых Нусбаум, літаратары Юзэф і Люцына Катарбінскія, прадстаўнікі сем’яў Радзівілаў і Рэйтанаў.

paplauski@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter