Будзем чакаць турыстаў: бізнес-стратэгія турызму распрацавана для пяці рэгіёнаў краіны

Фішкi на карце

Усё мае ўласцівасць заканчвацца. У гэты момант заўсёды ўзнікае слушнае пытанне: што далей? Адказ на яго спрабавалі знайсці прадстаўнікі Еўрасаюза, Мінспорту і турызму, райвыканкамаў на фінальнай сустрэчы. Праект «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі» завяршыўся. На яго рэалізацыю Еўрасаюз выдаткаваў 1,7 млн еўра. На што пайшлі гэтыя грошы і цi не знікнуць старанні міжнародных экспертаў без пільнага кантролю спонсараў?

Фестываль у Мсціславе
Фота Уладзіміра ШЛАПАКа
Праект доўжыўся два з паловай гады і спачатку буксаваў. Але пасля таго як яго ўзначаліў Янез Сіршэ, справы пайшлі. Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной не раз рабіў кампліменты ў адрас славенца. Маўляў, той і тэму разумее, і наш менталітэт, ведае краіну і мову. Ды і грошы сталі ісці куды трэба. «Раней адны і тыя ж людзі перацякалі з праекта ў праект, займаліся плагіятам, выдавалі нікому не патрэбную макулатуру», — так намеснік міністра апісваў сутнасць кадравага канфлікту падчас мінулагодняй міжнароднай канферэнцыі па брэндынгу тэрыторый. Тады ж на суд экспертаў вынеслі распрацаваныя для пяці рэгіёнаў лагатыпы і слоганы. Дарэчы, спачатку было чатыры рэгіёны, ужо ў працэсе да іх дадаўся стратэгічны для краіны пяты — Аўгустоўскі канал. Астатнія — гэта Камянец і Пружаны, Мсціслаў, Мядзел, Полацк.

Грошы выдаткавалі не проста на малюнак і слоган. Для кожнай дэстынацыi распрацавалі брэнд-платформу. Але найперш эксперты правялі вандроўкі па гэтых раёнах, каб набрацца вобразаў, зразумець іх сутнасць. Сімвалы-асацыяцыі закадзіравалі ў фірменны стыль рэгіёнаў. Самымі папулярнымі сталі канцэпцыі з кветкамі. Для прасоўвання мястэчак распрацавалі прэзентацыйныя матэрыялы, якія выпусцілі на рускай, беларускай, польскай, англійскай і кітайскай мовах тыражом больш за сотню тысяч асобнікаў. З гэтай жа мэтай былі зняты прэзентацыйныя відэаролікі для кожнага раёна. З'явілася пяць фірменных сайтаў. Каб было ў чые прафесійныя рукі перадаць напрацоўкі, для больш чым сямі сотняў спецыялістаў з рэгіёнаў правялі каля чатырох дзясяткаў трэнінгаў, навучальныя паездкі як за мяжу, так і ўнутры краіны. Далей усе карты, як кажуць, ім у рукі. Каб паказаць прыклад прыцягнення ўвагі, з удзелам экспертаў у рэгіёнах праходзілі розныя фестывалі і сустрэчы. Цi гатовыя да самастойнасцi гарады? 

Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч расказвае, што мясцовыя спецыялісты кансультуюць калег з іншых кропак Віцебшчыны. Турiнфацэнтр перажывае новы віток развіцця, а аб'екты турызму пачынаюць думаць наперад, абапіраючыся на 30-старонкавую стратэгію і падрабязны план дзеянняў. Так, больш актыўна трэба прасоўваць рэгіён у Прыбалтыцы, Германіі, Польшчы, Нідэрландах, Эстоніі, не забываючы пра гарады і вёскі ў дзвюх гадзінах язды. «Наклёўваецца» iнтарэс з боку Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая, Украіны і Азербайджана, гаворыцца ў дакуменце. Гасцей зацікавяць культурны і духоўны турызм, лячэбна-аздараўленчы, кулінарны, спартыўны, рэкрэацыйны і паляванне. Юрый Мельнікаў, намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама, запэўнівае: дзякуючы падказкам убачылі прабелы і памылкі. Палепшылася ўзаемадзеянне з аграсядзібамі, з'явіліся новыя турпартнёры. Пра рэгіён з жывой гісторыяй больш даведаліся дзякуючы ўдзелу ў турвыстаўцы.

На думку Янеза Сіршэ, дзякуючы таму, што краіна працягвае спрашчаць візавы рэжым, прасцей будзе запрасіць інвестараў, зацікавіць тураператараў. Бо працы — мора. Напрыклад, нядрэнна было б класіфікаваць гасцініцы і аграсядзібы па крытэрыях Еўрасаюза, падтрымаць развіццё турiнфацэнтраў у iншых рэгiёнах.

ПАЗІЦЫЯ

Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі:

— Мы шмат робім для рэгіянальнага развіцця вашай краіны на працягу амаль 10 гадоў. У асноўным мы супрацоўнічаем з Мінэканомікі. Але гэтым разам — з Мінспорту і турызму. Таму што турызм — адзін з фактараў развіцця эканомікі і стварэння новых працоўных месцаў. Гэты праект сумясціў у сабе перадавыя веды, тэхналогіі, падыходы краін ЕС у маркетынгу. 

Зараз рыхтуецца да рэалізацыі вялікі праект з бюджэтам у 7,7 млн еўра, накіраваны на мясцовае развіццё. У ім таксама можна нямала зрабіць для турызму. У гэтым праекце з'явіцца новы кампанент — механізмы мікрафінансавання для падтрымкі мясцовага прадпрымальніцтва, малых і сярэдніх прадпрыемстваў. У тым ліку ў сферы турызму. Спадзяюся, мы будзем працягваць супрацоўніцтва па гэтай лініі. Калі ў вас будуць новыя ідэі, звяртайцеся да нас. Упэўнена, мы зможам вас падтрымаць. 

druk@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter