Источник: Знамя юности
Знамя юности

Гомельская гимназистка хочет привлечь блогеров для поддержки родного языка

Фішкі блога па-беларуску

Дзесяцікласніца Ангеліна Себік прапануе правесці серыю адукацыйных майстар-класаў ад беларускамоўных блогераў у Гомелі з трансляцыяй у прамым эфіры на ўсю краіну. Для гэтага яна прыняла ўдзел у сацыяльна-адукацыйным праекце «Першыя» і стала яго фіналісткай.



Зараз Ангеліне 15 год, яна вучыцца ў 10-м класе гомель­скай гімназіі № 10. Захапляецца беларускай куль­турай і мовай (вывучае таксама англійскую і кітайскую). Ідэя правядзення серыі майстар-кла­саў для падлеткаў ад беларускамоўных блогераў на­радзілася ў Ангеліны праз назіранне за нашым грамадствам:

– Калі размаўляешь па-беларуску, заўважаеш тое, што не заўважыў бы рускамоўным: якія ж беларусы на самай справе беларусы! Гэта адлюстроўваецца не толькі ў пэўных паводзінах, якія можам часам патлумачыць як «тыпова беларускія», але і ў мове. Нават рускамоўныя беларусы ўжываюць беларускія словы і выразы, адметныя граматычныя канструкцыі. Большасць беларусаў прызнаецца, што ім бракуе беларушчыны ў штодзённым жыцці, i да мяне прыйшло разуменне: я магу штосьці з гэтым зрабіць. Добрым выйсцем лічу руйнаванне стэрэатыпу дэкаратыўнасці і архаічнасці мовы. Тут самы час паказаць, што беларуская мова такая ж, як і астатнія, што па-беларуску можна гаварыць аб усім. Блогінг – выдатная магчымасць гэта перадаць! Бо маем і стрымераў, і влогераў, і ўрбаністаў, і проста актыўных людзей, якія асвячаюць актуальныя навіны.



Крок ад ідэі да плана ўжо пройдзены. У дзяўчыны ёсць спіс блогераў. Арганізацыйныя пытанні (стрымы ў Instagram, онлайн-лекцыі і таму падобнае) сабраны ў праект. Ангеліна запэўніла, што ў краіне ёсць шмат паспяховых беларускамоўных блогераў і кожны можа падзяліц­ца сваімі досведам, тэхнікай і спосабамі вырашэння розных праблем. Таму ў праекце гэта задумваецца як серыя лакальных імпрэзаў з жывымі трансляцыямі ў розных сацсетках, дзе кожны івент мае 2–3 спікеры:

– Я знаёма з многімі беларускамоўнымі YouTube-, Insta- і TikTok-блогерамі, таму праблемы прасоўвання беларускамоўнага кантэнту мне блізкія: сервіс YouTube дзеліць карыстальнікаў не на краіны, а на мовы, таму рускамоўныя беларусы атрымліваюць рускамоўны кан­тэнт, складанасць рэкламавання беларускамоўных відэа і пастоў, пераадрасацыя YouTube-кантэнту з Беларусі ў маскоўскі офіс. Гэта замыкае беларускамоўны кантэнт у сваёй бурбалцы, змяншае магчымасці яго прасоўвання. Такія імпрэзы далі б магчымасць існаму кантэнту трапляць у рэкамендацыі і прадставілі б для небеларускамоўных беларусаў практыку выкарыстання беларускай мовы ў сацсетках.



Дзяўчына падкрэслівае: хаця стаўленне навакольнага асяроддзя да беларускай мовы ў асноўным станоўчае, гэта не адмяняе таго, што роднай мовы ў самых розных сферах жыцця бракуе. Ангеліна спадзяецца, такія імпрэзы дадуць плён, таму разлічвае на гэта не як на адзін івент, а як на асобны фармат імпрэзаў. Для пачатку плануе арганізаваць лакальную імпрэзу ў сваім горадзе з удзелам спікераў і жывой трансляцыяй на адну з актуальных тэм: «Як раскруціць уласны Instagram», «Колькі часу трэба выдаткоўваць на блог», «Фішкі блога па-беларуску». Вядома, з актыўным удзелам гледачоў, бо ў гэтым і сэнс праекта. Для арганізацыі майстар-класаў ад блогераў падтрэбна некалькі рэчаў, якія відавочны ўжо на першым этапе: самі блогеры, пляцоўка, вызначаны фармат і рэклама. Галоўнае, каб людзі зразумелі, што стан і ўспрыманне беларускай мовы залежаць ад нас саміх. Магчыма, удзел у сацыяльна-адукацыйным праекце «Першыя» стане тым сапраўдным стартам, які дасць важнаму праекту Ангеліны пуцёўку ў жыццё.

galkovsky@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter