Успешно сменила профессию повара на почтальона Ирина Гордиеня из любанского агрогородка Таль

Фірменныя рэцэпты паштальёна Ірыны Гардзіені

Адразу пасля вяселля маладая сям’я Галіны і Юрыя ГАРДЗІЕНЯЎ памяняла райцэнтр Любань на цэнтральную сядзібу былога калгаса «Беларусь» — вёску Таль. Гаспадар сеў за руль малакавоза, а жонка пасля дэкрэтнага водпуску пайшла поварам у дзіцячы сад. Падрасталі дочкі Кацярына і Алена. Сельгаспрадпрыемства выдзеліла маладой сям’і дом. Завялі сваю гаспадарку. У 2007-м вёска Таль атрымала статус аграгарадка.


Выраслі дочкі, атрымалі адукацыю і займелі свае сем’і. Старэйшая Кацярына з мужам выхоўваюць трох сыноў. Дзве дзяўчынкі ў малодшай Алены. Пасля заканчэння аграфака Белдзяржсельгасакадэміі яе размеркавалі ў Дубровенскі раён. Там і засталася. З сям’ёю жыве ў аграгарадку Сіпішчава і працуе галоўным аграномам у мясцовай гаспадарцы.

У святы поўніцца гасцямі дом Галіны і Юрыя Гардзіеняў. Напрыканцы лета родныя будуць віншаваць гаспадыню з юбілеем. Трынаццаць гадоў яна адпрацавала поварам у Тальскай участковай бальніцы. Калі медустанову закрылі, перайшла экспедытарам малака ў сельгаспрадпрыемства «Таліца-агра». Летась замяніла ў аддзяленні паштовай сувязі Таль Святлану Філютчык, якая пайшла на заслужаны адпачынак.

Кожны дзень Галіны Віктараўны насычаны справамі. З раніцы спяшаецца разнесці паштовую карэспандэнцыю. Участак, які яна абслугоўвае, выцягнуўся на некалькі кіламетраў. Акрамя газет, часопісаў дастаўляе сацыяльныя выплаты, паштовыя пераводы. Адзінокія пенсіянеры заказваюць прадукты харчавання і прамысловыя тавары першай неабходнасці. Асабліва летам вялікі попыт у вяскоўцаў на камбікармы для хатняй птушкі і жывёлы. Штомесяц паштальён рэалізуе яго амаль на паўтысячы рублёў.

Актыўна займаецца Галіна Віктараўна і падпіскай на перыёдыку. Папулярна ў Талі і наша выданне. Пастаянныя падпісчыкі «Сельской газеты» трактарыст ААТ «Таліца-агра» Аляксандр Рудзько, спецыяліст сельскай гаспадаркі Аляксандр Захаранка. Шмат выданняў выпісваюць настаўніца Тальскай сярэдняй школы Іна Катовіч, былы трактарыст Уладзімір Грышкевіч і іншыя жыхары аграгарадка. Многія тальскія гаспадыні ўдзячны паштальёну за фірменныя рэцэпты страў, якімі Галіна Віктараўна шчодра дзеліцца з аднавяскоўцамі. Паважаюць яе за стараннасць і чуласць.

Любанскі раён
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter