Сёння завершыцца XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”

Фінальныя цітры

Любое свята не можа працягвацца вельмі доўга, інакш яно губляе свой бляск. Урачыстая цырымонія закрыцця XXIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” адбудзецца ў кінатэатры “Масква”. А пасля таго як прафесійнае журы на чале з грузінскім рэжысёрам Зазам Урушадзэ абвесціць пераможцаў, гледачы ўбачаць апошнюю стужку польскага кінакласіка Анджэя Вайды “Паслявобразы”. Вядомы рэжысёр пайшоў з жыцця зусім нядаўна — у кастрычніку.


Зорак сусветнага кіно на гэты раз на фестывалі не назіралася. Нягледзячы на гэта, яго праграмы, як заўсёды, былі вельмі насычаныя. Нагадаем, што некалькі гадоў таму за высокую якасць арганізацыі “Лістапад” атрымаў пастаянную акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF). І цяпер ён стаіць у адным шэрагу з Берлінскім, Венецыянскім, Варшаўскім і Маскоўскім кінафестывалямі.

На XXIII “Лістападзе” было прадстаўлена больш за 150 карцін амаль з 50 краін. Дарэчы, усе ўдзельнікі асноўнага конкурсу маюць узнагароды самых прэстыжных фестываляў. А першыя ўзнагароды сёлетняга мінскага кінафоруму былі ўручаны напярэдадні яго закрыцця. Лепшым фільмам конкурсу нацыянальных кінашкол міжнароднае журы прызнала ізраільскую дакументальную стужку “Мой сябар Яніў”.

“Залаты Лiстападзiк” — галоўную глядацкую ўзнагароду конкурсу дзіцячага кіно — атрымала азербайджанская стужка “Урок”. Прафесійнае журы таксама адзначыла дэбют у дзіцячым кінематографе тытулаванага Мішэля Гондры — яго новую карціну “Мікроб і Бензін” аб юных вынаходніках з прыгарада Парыжа. Гледачам жа бліжэй стала гісторыя Рафіка Аліева і Джавіда Таваккула “Урок” —  таксама своеасаблівы “дэбют” кінастудыі “Азербайджанфільм”, дзе кіно для дзяцей не здымалі ўжо больш за 30 гадоў.

Нагадаем, уладальнік прыза глядацкіх сімпатый “Бронза Лiстапада” за лепшы гульнявы фільм вызначаецца праз падлік балаў, якія “ставяць” пасля кінапрагляду гледачы. Да апошняга першае месца ў глядацкім рэйтынгу займала балгарска-грэчаская стужка “Слава”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter