Почему люди под старость остаются без внимания сыновей и дочерей?

Філасофія жыцця

Для чаго чалавек жыве? У чым сэнс яго існавання? Гэтымі пытаннямі задавалася не адно пакаленне філосафаў, пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў. Задумваюцца над імі і нашы чытачы.

pixabay.com

Галіна Пашкевіч з Гродзенскай вобласці ў сваім лісце ў рэдакцыю расказала пра выпадак, які яе ўсхваляваў. У шматкватэрным доме, дзе яна жыве, усе добра ведаюць адзін аднаго. Амаль трыццаць гадоў прайшло з той пары, як атрымлівалі ключы ад новых кватэр, разам ездзілі ў сталіцу набываць шпалеры, хадзілі на агарод, святкавалі наваселлі. Дзеці выраслі, стварылі свае сем’і і набылі ўласныя кватэры. Да бацькоў сталі наведвацца зрэдку.

Пахаваўшы жонку, сусед Міхась застаўся жыць адзін у чатырохпакаёвай кватэры. Калі Галіна сустракалася з ім у пад’ездзе, яны віталіся, размаўлялі пра жыццё-быццё. А тут на працягу тыдня сусед не трапляўся на вочы, і Галіна ўсхвалявалася. Патэлефанавала яго дачцэ, спытала, ці даўно яна бачыла бацьку. Аднак з яе боку адчула поўную абыякавасць. Праз колькі дзён суседзі, адчуўшы ў пад’ездзе трупны пах, выклікалі міліцыю. Аказалася, Міхась памёр больш за тыдзень таму. І ніхто яго смерці адразу не заўважыў, нават дзеці, што жылі на суседняй вуліцы…

«Як так атрымліваецца, што людзі пад старасць застаюцца без увагі сыноў і дачок? — задае пытанне чытачка. — Няўжо гэта адплата за дрэннае выхаванне? І ці заўсёды справа ў затоеных з дзяцінства крыўдах на бацьку і маці, што, напэўна, не дапамагалі набыць кватэру або новы аўтамабіль, не зла­дзілі шыкоўнага вяселля. Матэрыяльныя арыенціры ва ўзаемаадносінах паміж блізкімі людзьмі апошнім часам амаль выкраслілі духоўныя. У складаны час перабудовы, калі ў крамах цяжка было што-небудзь набыць, дарослым прыходзілася шмат часу праводзіць у чэргах, шукаць, дзе можна падзарабіць. Таму часу пагаварыць з малымі пра вечныя каштоўнасці не хапала. Наступствы гэтага своеасаблівага духоўнага голаду мы і адчуваем зараз. І так хочацца, каб сёння, калі ў краіне стабільнасць і амаль у кожнага ёсць магчымасць зарабіць на дастойнае жыццё, моладзь не зрабіла тых памылак у выхаванні дзяцей, якія некалі дапусцілі мы. У выхаванні дзяцей, на мой погляд, і ёсць сэнс жыцця».

Ліст чытачкі нагадаў выпадак з уласных назіранняў. Мае дзеці, атрымаўшы салодкія падарункі ад бабулі, падышлі да таты, каб падзяліцца з ім цукеркамі. А ён, магчыма, з думкамі, каб дзецям было больш пачастункаў, адказаў: «Дзякуй, не трэба, ешце самі». Дзеці моўчкі адышлі. І тады падумалася: вось так дарослыя, самі таго не ўсведамляючы, выхоўваюць разуменне, што бацькам нічога не ­патрэбна. Такога ж меркавання прытрымліваюцца і псіхолагі. Адзначаюць, што неабходна пазбавіцца ад «комплексу ахвяры», замацаванага ў часы, калі ў аснове ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей ляжаў лозунг «Усе лепшае — дзецям!». Зараз не патрэбна настолькі ахвяраваць сабой, каб забяспечыць дзяцей усім неабходным. Інакш кажучы, хочаш, каб да цябе былі ўважлівымі дочкі і сыны, паважай сябе, не забывай пра ўласныя жаданні. Тады і дзеці да гэтага прызвычаяцца, будуць часцей наведваць, цаніць кожнае імгненне, што перажылі разам. Напэўна, у гэтым і ёсць той самы сэнс жыцця, які многія шукаюць. А ў чым бачыце яго вы, паважаныя чытачы? Падзяліцеся з намі. Паразважаем разам.

Дасылайце лісты на паштовы адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10А ці на электронны: pisma@sb.by.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter