Фестываляць усе!

Жнівень — гарачая пара. І не толькі для камбайнераў. Гэта месяц асабліва багаты на яркія і маляўнічыя фестывалі. Прычым праходзяць яны не толькі ў буйных гарадах, але і ў ціхіх аддаленых кутках краіны. Мінулыя выхадныя — паказальныя. Нават не ведаю, як аматары open air рабілі выбар у карысць нейкага аднаго мерапрыемства — кожнае вабіла насычанай і рознабаковай праграмай, а таму наведаць хацелася ўсё і адразу.

Найбольш гасцей — больш за 45 тысяч — сабраў на аэрадроме “Баравая” фестываль “Рок за Баброў”. Такога аншлагу не чакалі нават арганізатары. Гледачы клюнулі на гучныя імёны ў афішы і не пашкадавалі. ДДТ, “Сплин”, “Звери”, LOUNA — гэта толькі частка артыстаў, якія выступілі перад беларускай аўдыторыяй. Пахваліцца колькасцю музыкантаў мог і фестываль Viva Braslav, які прайшоў на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. На музычным уік-эндзе выступілі больш за 50 артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Нідэрландаў і Венгрыі. У ліку топавых выканаўцаў — Іван Дорн, ALEKSEEV, Б’янка, Jay Hardway, Dannic, Stadiumx, Мальбэк і Сюзана, Арцём Півавараў, NUTEKI, NIZKIZ і іншыя. Акрамя музыкі, фестываль парадаваў неперадавальнай атмасферай пляжнага адпачынку, маляўнічым кемпінгам, цікавымі спаборніцтвамі, разнастайным фуд-кортам, багаццем актывацый.

Фестываль “Рок за Баброў” на аэрадроме “Баравая” пабіў леташні рэкорд па наведвальнасці. Калі ў 2017-м на open air прыйшло 25 тысяч чалавек, то ў гэтым годзе — больш за 45 тысяч. Фота Аляксея Вязміцінава:





Крыху ўбаку ад музычных фестываляў стаіць “Рыцарскі фэст” у Мсціславе. На ім усё было прасякнута асаблівай атмасферай Сярэдневякоўя: конныя забавы, тактычныя бугурты, баі пешых рыцараў, тэатралізаваны штурм замка, хадульнае шоу, майстар-класы, намётавы лагер, ежа з вогнішча... Мсціславу з замкавай гарой і гістарычнымі будынкамі ў цэнтры горада такое свята вельмі пасуе.

На “Рыцарскім фэсце” ў Мсціславе майстэрства пераўвасаблення прадэманстравалі дзясяткі клубаў гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі і Расіі. Прымераць даспехі і раскошныя сукенкі маглі і госці свята. Фота БЕЛТА і Дзіяны Гаранінавай:






А вось самы камерны з фэстаў мінулых выхадных пад назвай SPRAVA прайшоў у вёсцы Белая Царква ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці. Арганізаваны ў казачным ландшафце на паўвостраве пасярод Чарэйскага возера, ён сабраў разам архітэктараў, гісторыкаў, мастакоў, рамеснікаў, музыкантаў і простых гасцей, якія стаміліся ад гарадской мітусні і транспартнага гулу. Пад адкрытым небам ля сцен паўразбуранага храма гучала музыка самых розных напрамкаў ад класікі да року, круцілі фільмы, займаліся пілатэсам і ёгай, шылі экаторбы, малявалі, варылі мыла і майстравалі з дрэва. Месца, якое, здавалася, было пакінута людзьмі назаўсёды, напоўнілася жыццём, музыкай і шчаслівым смехам.

Фестываль SPRAVA ў вёсцы Белая Царква ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці сабраў музыкантаў розных напрамкаў. Пад адкрытым небам гучалі скрыпка, флейта, цымбалы, альт і многія іншыя інструменты. Фота Аляксея Сталярова:




Шкада, калі хтосьці прапусціў такія яркія падзеі мінулых выхадных. Але няма чаго доўга засмучацца. Уважліва сачыце за афішамі — жнівень падрыхтаваў яшчэ нямала сюрпрызаў. Наперадзе “Свята мора” на Аўгустоўскім канале, А-fest у Лошыцкім парку, фестываль “Іўеўскі памідор”, “Дрыбінскія таржкі”, “Ганненскі кірмаш” у Зэльве і многае іншае.



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...