Фестываль павінен стаць магнітам

Восень багата на розныя святы: Дзень беларускага пісьменства, рэспубліканскія “Дажынкі”. А следам у госці запросіць “Покліч Палесся” — фестываль этнакультурных каштоўнасцей. Свята стартуе ўпершыню, адбудзецца напрыканцы верасня ў вёсцы Ляскавічы Гомельскай вобласці. Чым жа вызначаецца ўнікальны фестываль? Адказ на гэтае і іншыя пытанні даў “Белорусской ниве” міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел ЛАТУШКА.

Міністр культуры Беларусі Павел ЛАТУШКА паведаміў чытачам «БН», чым захопіць і якімі «разынкамі» прыцягне гасцей «Покліч Палесся».

Восень багата на розныя святы: Дзень беларускага пісьменства, рэспубліканскія “Дажынкі”. А следам у госці запросіць “Покліч Палесся” — фестываль этнакультурных каштоўнасцей. Свята стартуе ўпершыню, адбудзецца напрыканцы верасня ў вёсцы Ляскавічы Гомельскай вобласці. Чым жа вызначаецца ўнікальны фестываль? Адказ на гэтае і іншыя пытанні даў “Белорусской ниве” міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел ЛАТУШКА.

— Павел Паўлавіч, якая роля новага фестывалю, яго задачы? Якіх вынікаў чакаеце?

— Палессе — унікальны рэгіён Беларусі, які адрозніваецца ад іншых іх не толькі кліматам, своеасаблівай гаворкай, а найперш тым, што менавіта на гэтай зямлі ў некранутым  выглядзе захавалася шматгранная традыцыйная культура. Гэта фальклор, традыцыі і абрады, промыслы і рамёствы, адметная нацыянальная кухня.

Фестываль ахоплівае 8 раёнаў Гомельскай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, якія знаходзяцца ў басейне адной з прыгажэйшых нашых рэк — Прыпяці. Ён праводзіцца ў мэтах падтрымкі і папулярызацыі таго багацця, якое мы, дзякуй Богу, захавалі. Спадзяёмся, што фестываль стане своеасаблівым аглядам і штуршком для далейшага развіцця сучаснага аматарскага мастацтва, захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Павінен ён і актывізаваць рэалізацыю сацыяльна-культурных праектаў Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 — 2015 гады.

— Як паўплывае правядзенне фестывалю на імідж Гомельскай, Брэсцкай абласцей і Беларусі ў цэлым?

— Першы адкрыты фестываль этнакультурных традыцый павінен стаць своеасаблівым магнітам, які прыцягне ўвагу не толькі жыхароў Беларусі, але і замежных гасцей. Можа, і не трэба нам зараз разлічваць на шматлікіх гасцей з-за мяжы, але ў перспектыве і іх удзел у свяце павялічыцца. Калі толькі мы пачыналі праводзіць масавыя мерапрыемствы ў Мірскім замку, у Нясвіжы, хваляваліся, ці будуць гледачы. Усе трывогі былі дарэмнымі. Беларусы сёння — мабільная нацыя. Тым больш што адлегласці ў нас не такія ўжо і вялікія. Думаем, што гледачы прыедуць не толькі з Мазыра і Пінска, паедуць і мінчане, і бабруйчане, ды і віцябляне з магіляўчанамі. А калі вы хоць раз пабываеце ў гэтых мясцінах, вам захочацца сюды вярнуцца. І калі не на наступны фестываль, дык на адпачынак ці рыбалку, паляванне. Форум абавязкова стане стымулам для развіцця турыстычнай інфраструктуры.

Нарэшце, Гомельшчына атрымае ўжо другі фестываль, які праводзіцца не ў вялікім горадзе, а ў вёсцы. Сёння Беларусь добра ведае фестываль гумару, які ладзіцца ў вёсцы Аўцюкі Калінкавіцкага раёна. Фестываль у Ляскавічах, спадзяюся, стане яшчэ адным брэндам.

— Як дапаможа фестываль развіццю культуры Палесся?

— “Покліч Палесся” стане конкурснай пляцоўкай, на якой хоць і ў атмасферы добрасуседства і прыязнасці, усё ж такі будзе ісці спаборніцтва. Неабходна сказаць, што ўмовамі фестывалю прадугледжваецца ўдзел аматарскіх мастацкіх калектываў і выканаўцаў з аўтэнтычным ці стылізаваным фальклорам рэгіёна, кірмашы па продажы вырабаў традыцыйных рамёстваў, стварэнне рэгіянальных падворкаў з адлюстраваннем этнаграфічнай самабытнасці. Прадстаўнікі кожнага раёна-ўдзельніка змогуць параўнаць свае пляцоўкі з суседзямі, зрабіць высновы на будучае. Вось гэта конкурснасць дапаможа падняць узровень развіцця традыцыйнай культуры Палесся, а калі падымаецца ўзровень культуры нават асобна ўзятага рэгіёна, ад гэтага выйграе культура ўсёй краіны.

— Якія будуць “разынкі” ў гэтым фестывалі? Ці плануецца прыезд гасцей, артыстаў, суайчыннікаў з замежжа? Ці стане фестываль штогадовым? Ці будзе праводзіцца нейкі адбор удзельнікаў?

— Трэба адзначыць, што фестывалю такога кшталту ў Беларусі пакуль што не было. У пасёлку Акцябрскі, што, дарэчы, таксама на Гомельшчыне, штогод праходзіць рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Ён скіраваны больш на захаванне песеннага, інструментальнага і танцавальнага фальклору і перадачы выканальніцкіх традыцый ад носьбітаў моладзі. Там таксама праходзяць выставы, кірмашы па продажы рамесных вырабаў. ”Покліч Палесся” — фестываль этнакультурных традыцый. Гэта значыць, што  плануецца паказаць адметнасць рэгіёна праз асаблівасці не толькі мастацкай творчасці, а з улікам асаблівасцей укладу жыцця, дзе песенны, музычны ці танцавальны складнікі толькі дапаўняюць агульную карціну.

Фестываль “Покліч Палесся” ўжо ў сваёй назве “Першы адкрыты фестываль…” гасцінна расчыняе дзверы для гасцей. Мы вельмі спадзяёмся, што завітаюць на свята творчыя дэлегацыі іншых раёнаў Беларусі і нашы суседзі, прадстаўнікі раёнаў Прыпяцкага басейна з суседняй Украіны. Пакуль яшчэ рана гаварыць аб колькасці такіх творчых дэлегацый. Гэта стане вядома ў першай дэкадзе верасня.

У фестывальных мерапрыемствах прымуць удзел і нашы вядучыя творчыя калектывы: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча, мастацкі кіраўнік якога — Міхась Паўлавіч Дрынеўскі — сам нарадзіўся менавіта на Палессі, у Лельчыцкім раёне, і Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”.

Удзел творчых калектываў беларусаў, якія пражываюць за мяжой, у першым фестывалі “Покліч Палесся” пакуль не плануецца. Але ўжо ў наступным, 2011 годзе, Беларусь будзе прымаць іх на Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету. І, магчыма, яны стануць удзельнікамі ўсіх нашых найбольш значных мерапрыемстваў.

Перыядычнасць правядзення будзе абмяркоўвацца падчас падвядзення вынікаў першага фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Магчыма, ён будзе праходзіць штогод, або будзе прапанавана нейкае іншае рашэнне.

Што датычыцца адбору ўдзельнікаў фестывалю “Покліч Палесся”, то па зацверджанаму Палажэнню ён ускладзены на райвыканкамы раёнаў-удзельнікаў. Зразумела, што ўпраўленні культуры Гомельскага і Брэсцкага аблвыканкамаў, аддзелы культуры райвыканкамаў у баку не застануцца.

— Якую дапамогу акажа дзяржава ў падрыхтоўцы да свята? Ці падключацца прадстаўнікі бізнэсу?

— Асноўныя фінансавыя выдаткі па арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў фестывалю нясуць яго арганізатары — Гомельскі аблвыканкам, Петрыкаўскі райвыканкам і Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Міністэрства культуры за свой кошт забяспечыць удзел у фестывалі прафесійных калектываў.

Прадстаўнікі бізнэсу могуць дапамагчы арганізатарам сваімі грашовымі сродкамі. Мы гэта будзем толькі вітаць.

— Ці будзе нейкі галоўны прыз у “Покліча Палесся”?

— Палажэннем аб Першым адкрытым фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”, зацверджаным аргкамітэтам 6 жніўня бягучага года, пераможцам фестывалю ўручаюцца спецыяльныя дыпломы і каштоўныя падарункі. Запрашаем на фестываль! Вы атрымаеце асалоду і незабыўныя ўражанні ад цудоўнай культуры Палесся.

Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”

НА ЗДЫМКУ: міністр культуры Павел ЛАТУШКА, першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір КАРАЧЭЎСКІ і кіраўнік ансамбля «Песняры» Вячаслаў ШАРАПАЎ.

                                                        Фота БЕЛТА.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter