Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У латышскай Дагдзе ў трэці раз прайшоў Міжнародны фэст народнай песні ды танца

“ФЭСТ” ізноў збіраў сяброў

Прыемна ўсім беларусам Латвіі, суседніх краін бачыць, як хутка набірае моц адметны “ФЭСТ”. Сёлета ён сабраў каля 500 удзельнікаў з Латвіі (Даўгаўпілс, Рэзэкнэ, Ліваны, Дагда і Дагдскі край), Літвы (Вісагінас), Беларусі (Дуброўна, Наваполацк, Барысаў, Смаргонь, Мінск), Польшчы (Нарэўка, Гарадок). Фестываль — з плыні праектаў, якія фінансуе Латгальскі фонд падтрымкі недзяржаўных арганізацый. Ідэя фэсту, які спрыяе развіццю культурных стасункаў паміж рознымі краінамі, належыць Беларускаму таварыству “Вербіца” з Дагды, кіраўніцы суполкі Таццяне Гогалінскай.

Дагда сустрэла нас 8 ліпеня ясным, цёплым надвор’ем. У першую палову дня прайшлі канцэрты ў краёвай думе і сацыяльным цэнтры — іх вялі члены праўлення Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса Людміла Сінякова і Вольга Паўловіч. Потым дзеі перамясціліся ў лесапаркавую зону. Калонай з нацыянальнымі сцягамі краін-удзельніц мы прайшлі па вуліцах Дагды. Сонца схавалася, і задажджыла... Прыйшлі артысты на эстраду — мокрыя, памерзлі, але настрой святочны не страцілі. Хутка дождж перастаў, лаўкі запоўнілі гледачы. Запрацавалі гандлёвая палатка, месца па звіванні вянкоў, інфацэнтр, выстава майстроў са Смаргоні...

Адкрывалі “ФЭСТ” старшыня Дагдскай краёвай думы Айвар Труліс, консулы Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская і Яўгенія Барткевіч, член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава, дэпутаты 12 Сойма Аляксандр Якімаў і Зэнта Трэццяк. Вялі канцэрт загадчыца народным Асунскім домам культуры Вольга Лук’янская, супрацоўнік Дома культуры з Дуброўна Уладзімір Бабічаў, а таксама й старшыня таварыства “Уздым” Людміла Сінякова з яе намесніцай Вольгай Паўловіч.

“ФЭСТ” ладзіцца ў Дагдзе ў Купальскую пару: праз нумары канцэрта гледачы знаёмяцца з традыцыямі нашага Купалля. Сёлета можна было і пагуляць у гульню “Падушачка”, даведацца пра магічную сілу траў, пабачыць Вядзьмарку і запаліць Купальскае вогнішча. Над сцэнарам гала-канцэрта ў гонар Купалля, дарэчы, папрацавалі й беларускі з Даўгаўпілса Людміла Сінякова і Галіна Сантоцкая.

На “ФЭСЦЕ” актывісты Беларускага таварыства “Сузор’е” з Рэзэкнэ перадалі вялікі ручнік, які вышываюць беларусы ўсёй Латвіі, рыхтуючыся да 100-годдзя Латвіі ды 15-годдзя Саюза беларусаў Латвіі, сябрам з Беларускага таварыства “Крыніца” (Лудза). Пра сам праект распавяла яго кіраўніца Алена Лазарава.

Беларусаў Даўгаўпілса на “ФЭСЦЕ”  прадстаўлялі танцавальны гурт “Лянок”, вакальна-інструментальны “Пралескі”, паэт Станіслаў Валодзька. У канцэртах вакальныя гурты “Вярба” і “Аколіца” з Дагды, “Сузор’е” з Рэзэкнэ выконвалі песні на словы паэта, чытаў ён  і свой верш “Ты мая Купалінка”.

Закончыўся “ФЭСТ” у Дагдзе ўручэннем дыпломаў, памятных сувеніраў і прыгожых букетаў з Купальскіх кветак.


Міла Дзвінская,

Дагда — Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 27 (3531), чацвер, 20 ліпеня, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter