Любоў да зямлі перадаецца праз пакаленні

Ферменны стыль

Раніца ў іх доме заўсёды пачынаецца ў 4.30 — у будні, выхадныя і святы. Трэба хутка ўправіцца па гаспадарцы, сабрацца і ў 5.30 ужо выходзіць з дому на працу — на ферму. Напружаны рытм жыцця шмат гадоў не змяняецца для вядомага на Магілёўшчыне чалавека Жанны Мікалаеўны Пудзікавай, загадчыцы малочна-таварнай фермы “Ракушава” сельгаспрадпрыемства “Круглянскі-Агра”. І нават тое, што цяпер яе партрэт размешчаны на вялікім вулічным плакаце і яе сталі пазнаваць незнаёмыя людзі, не дазваляе расслабіцца, патураць сабе.

Фота БЕЛТА
Нарадзілася яна тут жа, у вёсцы Ракушава, у сям’і перадавой даяркі Зоі Барысавай. З ранніх гадоў прыходзіла на ферму, дзе працавала мама, дапамагала, як умела, асвойвала азы нялёгкай прафесіі. На жаль, мама памерла рана і клопат пра Жанну ўзяла на сябе старэйшая сястра Наталля, якая таксама працавала даяркай, і цяпер ужо ёй дапамагаць пасля ўрокаў у школе спяшалася Жанна.

Праўда, старэйшай сястры заўсёды хацелася, каб хоць у малодшай жыццё склалася лягчэй, каб працавала ў горадзе, а не ў вёсцы, у цяпле і выгодзе, з двума выхаднымі, а не амаль што-

дзень з ранку да ночы. Увогуле, пасля заканчэння школы Жанна паехала ў Магілёў вучыцца на кандытара. Сёння яна ўспамінае:

— Вучоба ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 18 мне давалася лёгка, усё падабалася. Але калі прыйшла працаваць у Круглянскую сталовую па спецыяльнасці, чамусьці вельмі хутка расчаравалася ў прафесіі і нібы магнітам пацягнула сюды, у вёску, на нашу ферму. Калегі, кухары і кандытары, адгаворвалі, некаторыя нават пасмейваліся, маўляў, чаго ты там не бачыла. Але я ўсё адно, не адпрацаваўшы ў сталовай і года, зрабіла па-свойму. На ферме, вядома, прынялі з распасцёртымі абдымкамі — свая, ды яшчэ з пэўным вопытам работы, і навучаць асабліва не патрабуецца.

Зрэшты, вучыцца, удасканальваць сваё майстэрства на ферме трэба пастаянна, як і ў любой іншай прафесіі. За дваццаць гадоў, што Жанна тут працуе, не раз мяняліся тэхналогіі. Калі пачынала, кароў даілі проста: уручную ў вядро. Потым з’явіўся малакаправод. Сёння ад старой фермы хіба што сцены засталіся, а “начынне” зусім іншае. Кожны аператар машыннага даення, у тым ліку і Жанна, пасля мадэрнізацыі пачаў абслугоўваць па 64 каровы — усяго іх у “Ракушава” 370. І хоць кароўкі зараз пад нумарамі, з чыпамі, а ўсё адно кожнай карміцельцы тут па-старому даюць сваё імя: Чарнушка, Бурка, Быструха, Зорка. Бо добрае стаўленне да сваіх гадаванцаў адбіваецца на выніках працы, дапамагае павялічваць надоі.

А яны ў Жанны Пудзікавай заўсёды былі немалыя, амаль фантастычныя, не ніжэйшыя, чым на высокапрадукцыйных замежных комплексах. І, вядома, адны з самых высокіх не толькі ў Круглянскім раёне, але і па ўсёй Магілёўскай вобласці — па 7 тысяч кілаграмаў ад кожнай каровы ў год, а калі год выдаваўся ўраджайны на кармы, то і вышэй.

У 2016 годзе Прэзідэнт узнагародзіў яе медалём “За працоўныя заслугі”, узнагароджанне праходзіла вельмі ўрачыста ў Палацы Рэспублікі. Тады ж яна стала “Чалавекам года” Круглянскага раёна і Магілёўскай вобласці. Яе імя нават унеслі ў Кнігу славы Магілёўшчыны.

Працоўныя поспехі, а асабліва ў сельскай гаспадарцы, даюцца няпроста. За ўсё жыццё Жанна выязджала са свайго раёна хіба што на вучобу, а пазней для ўзнагароджання ў Мінск і Магілёў. Каб паехаць кудысьці адпачыць, перамяніць абстаноўку, хоць бы ў санаторый, — такога зроду не было. Яна і ў водпуску па доглядзе за дзецьмі была абодва разы не больш за паўтара года замест звычайных трох. А ўжо працоўныя водпускі заўсёды праходзяць у сваёй вёсцы, большай часткай на працы, як і рэдка выпадаючыя выхадныя. Дома з мужам Дзмітрыем трымаюць вялікую гаспадарку: карову, свіней, качак, курэй, у тым ліку летам — бройлераў.

Зрэшты, нялёгкая праца для яе не ў цяжар, наадварот, яна лічыць яе сваім прызваннем. На ферме калектыў дружны, надзейны, адказны, сёння пад яе кіраўніцтвам працуе 15 чалавек. Муж — механізатар і слесар малакаправода. Дарэчы, нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне, што на малочна-таварных фермах працуюць у асноўным прадстаўніцы слабага полу, у яе падначальванні больш мужчын, чым жанчын. Яны працуюць жывёлаводамі, слесарамі. Жанна Мікалаеўна кажа, што стараецца не “камандаваць”, а падказваць, перадаваць вопыт, гэтак жа рабіла ў свой час і загадчыца фермы Галіна Рагоўская, пад кіраўніцтвам якой яна пачынала ўваходзіць у прафесію.

Жанна прызнаецца, што хоць і стамляецца, але сваім лёсам задаволеная і памяняць яго ніколі не жадала. 

А як інакш? Яна ж з рабочай дынастыі, усімі паважанай. Старэйшая яе сястра Наталля Балабуева ўжо выйшла на пенсію, затое і сын Жанны Сяргей і яе дачка Насця таксама звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. Абодва вывучыліся ў каледжах, і цяпер сын працуе слесарам па тэхніцы ў той жа вёсцы, дзе і яго бацькі, а дачка — тэхнікам-тэхнолагам на міні-камбінаце каўбасных вырабаў у аграгарадку Рэчкі Магілёўскага раёна і, вядома, прыязджае на сваю малую радзіму кожныя выхадныя.

Irina_mendeleva@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter