Феномен Дылеўскага

КАЖУЦЬ, што двойчы ў адну раку не ўваходзяць. Аляксандру ДЫЛЕЎСКАМУ давялося. Васямнаццаць гадоў старшынстваваў у адным з найбольш эканамічна моцных у Клецкім раёне калгасаў — «Прагрэсе», быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За працоўную адзнаку» і іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Кіраваў бы і далей, але так супала, што ў час найвышэйшага росквіту гаспадаркі стала модна не толькі ў Клецкім раёне, а паўсюдна па Беларусі мяняць старшынь. Нібыта маланкай праняло Аляксандра Іосіфавіча паведамленне аб вызваленні яго ад пасады без усялякіх прычын. Суцяшала, што не толькі адзін ён такі, а яшчэ адзінаццаць старшынь раёна «вычэрпалі арганізатарскі патэнцыял».

Чаму вярнуўся ў клецкую гаспадарку былы кіраўнік, вызвалены ў свой час ад пасады старшыні з-за адсутнасці «арганізатарскага патэнцыялу»?

КАЖУЦЬ, што двойчы ў адну раку не ўваходзяць. Аляксандру ДЫЛЕЎСКАМУ давялося. Васямнаццаць гадоў старшынстваваў у адным з найбольш эканамічна моцных у Клецкім раёне калгасаў — «Прагрэсе», быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём «За працоўную адзнаку» і іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Кіраваў бы і далей, але так супала, што ў час найвышэйшага росквіту гаспадаркі стала модна не толькі ў Клецкім раёне, а паўсюдна па Беларусі мяняць старшынь. Нібыта маланкай праняло Аляксандра Іосіфавіча паведамленне аб вызваленні яго ад пасады без усялякіх прычын. Суцяшала, што не толькі адзін ён такі, а яшчэ адзінаццаць старшынь раёна «вычэрпалі арганізатарскі патэнцыял».

БЫЛО гэта напрыканцы складаных дзевяностых. Неўзабаве такая ракіроўка стала адмоўна адлюстроўвацца на вытворчасці. Рэзка падалі эканамічныя паказчыкі. Некалькі гаспадарак давялося далучаць да іншых. За кароткі тэрмін у калгасе «Прагрэс» людзі не паспявалі прывыкаць да чарговага старшыні. А справы не паляпшаліся. Якіх можна было чакаць вынікаў, калі вясною грамадскі статак не было чым карміць і маладняк выганялі на пашу? Упалі надоі, знізілася ўраджайнасць сельгаскультур. Рэфармавалі калгас у СВК, але і гэта не ўратавала. І тады ўзгадалі пра старшынёўскі запас. Прапанавалі Аляксандру Дылеўскаму, які ў той час кіраваў раённай службай забеспячэння аграпрамысловага комплексу, вярнуцца першым  намеснікам  кіраўні-

ка. Было гэта восем гадоў таму. Як ні складана было Аляксандру Іосіфавічу маральна пераканаць сябе, але прыняў рашэнне вярнуцца. Сын спрадвечных хлебаробаў Дылеўскіх адчуваў сваю адказнасць за людзей, якіх некалі прымаў на працу.

— У нашай шляхецкай сям’і заўжды асновай усяго была годнасць, — разважае Аляксандр Дылеўскі. — Такім быў мой дзед Фёдар Ільіч Дылеўскі, які меў спадчынны хутар каля клецкай вёскі Карацк. Ён расказваў пра нашы сямейныя карані. Пры загонным праве карацкі магнат выйграў у карты ў пана Цясноўскага парабка з маёнтка Двары. Працавіты парабак паходзіў з дробнай шляхты Дылеўскіх. Перабраўся ў Карацк, працаваў шчыра і зарабіў той самы хутар, на якім і я нарадзіўся. Нас было чацвёра сыноў у бацькоў.

Раней, калі праязджаў каля свайго хутара, ад якога заставалася толькі старая груша, сэрца шчымела. Цяпер ужо і грушы няма. Радня рассыпалася па клецкіх вёсках Бабаевічы, Зубкі, Карацк. Малодшы брат Мікалай таксама не здрадзіў сямейнай хлебаробскай традыцыі: прыняў вядомы на ўсю Беларусь племзавод «Чырвоная Зорка», якім шмат гадоў кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Іосіф Іосіфавіч Плаўскі.

— Брат пайшоў па вашых слядах?

— Так сталася, што толькі я з братам у бацькоў засталіся. У школе мы вучыліся добра. Пасля сямігодкі я падаўся ў Пружанскі саўгас-тэхнікум, які закончыў з адзнакай, і як пяціпрацэнтнік меў права паступаць адразу ў інстытут. Вучоба ў Беларускім інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі мне давалася без асаблівага напружання. На практыку прыехаў у родны калгас, дзе сустракаўся са сваёй аднакласніцай Лідай Шыкуць, якая рана стала сіратой.    Вырашылі    рас-

пісацца ў сельсавеце. Яе цёткі хто цяля, хто кабанчыка ахвяравалі на вяселле. Маладым спецыялістам вярнуўся ў Карацк і працаваў інжынерам. Брат Мікалай пасля заканчэння вучобы таксама вярнуўся ў родныя мясціны, быў інжынерам, старшынёю калгаса і ўжо каторы год кіруе вялікай гаспадаркай.

— Аляксандр    Іосіфавіч, на вашы плечы лягло асноўнае станаўленне морацкага калгаса?

— Калі мяне выклікалі на бюро райкама і першы сакратар Алешка прапанаваў старшынства ў Морачы, я спачатку разгубіўся. Гаспадарка самая аддаленая ў раёне, акружаная векавымі балотамі. Было гэта ў канцы жніўня 1977 года. Калі я прыехаў у Морач, там, дзе цяпер цэнтр пасёлка, жанчыны лён рассцілалі. Пачалі ў клубе калгасны сход, але людзей сабралася мала, таму ўсіх ільнаводак прама з поля запрасілі ў клуб. Прачыталі заяву аб вызваленні старшыні Іосіфа Пшэпуркі і прадставілі мяне. Людзі прагаласавалі. Я думаю, што ім было ўсё роўна, хто стане старшынёю. Калгас ледзьве зводзіў канцы з канцамі.

— Сяляне не думалі, што чарговага пана ім прывезлі?

— За пана яны мяне не прынялі, таму што надта шчуплы хлапчына і ростам невысокі. Усе лічаць, што начальнік павінен быць таўставатым. І вось з перапынкамі, а ўжо 37 гадоў тут працую. Шмат чаго зрабіў, і былі яшчэ задумкі. У той час выконвалася праграма міжгаспадарчай кааперацыі і інтэграцыі АПК на базе міжгаспадарчай кааперацыі. У раёне будаваліся два комплексы. Жывёлагадоўчы — у нашай гаспадарцы, а ў калгасе «Кастрычнік» — свінагадоўчы. Дагэтуль калгас не вырошчваў і тысячы тон мяса ў год. А з увядзеннем новага адкормачнага комплексу мы ўтрая павялічылі вытворчасць ялавічыны.

— Комплекс будавалі за дзяржаўныя сродкі?

— У асноўным усё вытворчае будаўніцтва і меліярацыю зямель фінансаваў Галоўпалессеводбуд. Трэба было развіваць і сацыяльную сферу, каб было каму працаваць на гэтым комплексе і на тэхніцы. На абноўленых землях гаспадаркі працавала 120 трактараў, столькі ж грузавых аўтамашын.

— А людзей адкуль сцягвалі сюды?

— Развівалі пасёлак комплексна. Пабудавалі новую трохпавярховую сярэднюю школу, дзіцячы садок, амбулаторыю. Вярталіся з гарадоў тутэйшыя жыхары. Прынялі шаснаццаць сямей з чарнобыльскай зоны. А вярталіся да нас з гарадоў, таму што тут прыгожы пасёлак ствараўся. Сёння гэта аграгарадкі, а мы 30 гадоў таму ўсё гэта стварылі. Развівалі пасёлак своеасабліва. Са спецыялістамі і праекціроўшчыкамі    чатыры   разы   выяз-

джалі ў Прыбалтыку і ў асноўным прыбалтыйскі стыль тут увасобілі.

Асаблівасць яго ў тым, што ён садова-паркавы. У нас няма платоў у два метры вышынёй, а невысокія арыгінальныя плоцікі паміж сядзібамі. І калі з-за яго выглядае прыгожая кветка, то яна вабіць чалавека. За кожным домам адбілі па 6 сотак і там пабудавалі хлеўчыкі. Не так, як па праекце было, што адзін доўгі хлеў каля трохпавярховага васемнаццацікватэрнага дома з невялікімі катухамі. Кожнаму гаспадару свой хлеўчык на яго тэрыторыі — гэта іншая справа. Мы сябравалі з вядучымі архітэктарамі краіны. Да нас часта прыязджала заслужаны архітэктар Беларусі Нона Міхайлаўна Нядзелька, якая падтрымала ідэю забудовы пасёлка па прыбалтыйскім варыянце. І ўзялася за карэкціроўку генплана забудовы Морачы. На тым месцы, дзе жанчыны рассцілалі лён, прапанавала пабудаваць школу і дзіцячы садок. Так і зрабілі. Галоўпалессеводбуд усё гэта фінансаваў.

— Мянялася і наваколле Морачы?

— Меліяратары перадалі нам звыш пяці тысяч гектараў абноўленых зямель, а праз некалькі гадоў агульная плошча сельгасугоддзяў дасягнула 7 тысяч гектараў.

— А пагалоўе якое мелі?

— Буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы налічвалася да 12 тысяч галоў. Тады было нормай па рэспубліцы мець адну галаву на гектар сельгасугоддзяў, а ў нас было паўтары галавы. Мы закупалі ўвесь маладняк у раёне і ставілі на адкорм.

— Чым яшчэ жыла гаспадарка?

— Мы ўваходзілі ў Беларускую асацыяцыю па развіцці конегадоўлі, што існавала пры Мінсельгасе рэспублікі. У нас дзейнічала дзіцячая юнацкая спартыўная школа з самымі рознымі секцыямі, да якіх далучылася і секцыя коннага спорту. На каняферме ўтрымлівалася паўтысячы коней. Планавалі распачаць конны турызм. Вакол рэчкі Морач б’юць шмат крынічак. Нашы суседзі са Старых Дарог і Ганцавічаў наладзілі выпуск мінеральнай вады, таму мы спадзяваліся, што і ў нас павінна быць радовішча. Звярнуліся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў, і нам паведамілі, што яно ёсць. Вырабілі праект свідравіны і атрымалі першую мінеральную ваду, якую праверылі на хімічны састаў. Выявілі багата каштоўных рэчываў. Толькі тры свідравіны ў былой нашай краіне мелі такую ваду. Яна адпавядае міргарадскай і грузінскай водам. Сем гадоў спатрэбілася, каб давесці гэту справу да канца. На вялікі жаль, свідравіна цяпер не наша. Былыя кіраўнікі прадалі яе. А магла гаспадарка мець значны прыбытак.

Дзеля развіцця агратурызму акультурылі бераг Чырвонаслабодскага вадасховішча, якое займае 2200 гектараў. На беразе, што прымыкае да нашых зямель, прабілі дзве свідравіны, усталявалі вагончыкі, каб было дзе спыняцца турыстам. Стварылі ўмовы для адпачынку. Планавалі, што турысты будуць хто ў сядле на кані, хто на павозцы, а хто на санях вандраваць. На конегадоўлі атрымлівалі стопрацэнтную рэнтабельнасць. Наладзілі продаж коней у Італію, адкуль паступала валюта. Справы ладзіліся, планаў было шмат, але мне не далі іх ажыццявіць.

— А за гэтыя восем гадоў, калі вярнуліся ў гаспадарку,    не    ўзнікала жаданне ажыццявіць незавершаныя задумы?

— Жаданняў і планаў заўжды шмат, галоўнае, каб былі магчымасці. Цяпер я толькі намеснік дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Морач» і магу прапаноўваць, а прымаюць рашэнні іншыя. Наш дырэктар эканаміст па адукацыі і ў любой справе пралічвае выгаду. Невыпадкова па многіх паказчыках сталі лепшымі ў раёне.

— Па якіх менавіта?

— Эканамічная эфектыўнасць самая высокая. Надой ад каровы за мінулы год   склаў    7677 кілаграмаў, валавая вытворчасць — 5 558 тон пры сабекошце тоны рэалізаванага малака 2 774 000 рублі і рэнтабельнасці 16,7 працэнта. Рэнтабельнасць вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы — 12,5 працэнта.

— А які прыбытак атрыманы ў гаспадарцы на бала-гектар?

— За мінулы год амаль 25 тысяч рублёў. Толькі чыстага прыбытку летась мы атрымалі 5 мільярдаў 217 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць па гаспадарцы склала амаль дзесяць працэнтаў. Вядома, прыемна, што ўдалося за гэтыя гады сумеснай працы з Аляксандрам Уладзіміравічам Філіпчанкам заняпалую гаспадарку вывесці ў лепшыя.

— У вас з ім поўнае ўзаемаразуменне?

— Бывае ўсяляк, але канфліктаў няма. Ён больш разважае эканамічнымі катэгорыямі, я бачу перспектыву. Мы не карыстаемся крэдытамі для выплаты заробкаў, тым больш што зараз банкі даюць у асноўным валютныя крэдыты.

— А калі вашы меркаванні не супадаюць?

— І такое бывае. Пяць гадоў таму мы набылі ў Іванаўскім раёне пагалоўе для вытворчасці мармуровай ялавічыны. Зараз маем амаль шэсцьсот галоў на фермах «Пруцец» і «Калюга». Рэнтабельнасць вырошчвання мармуровай ялавічыны летась склала ўсяго тры працэнты. Мая ідэя — гэты накірунак развіваць, а дырэктар перакананы інакш. Імкнуся даказаць выгадную перспектыву, а ён як эканаміст не пагаджаецца.

— На чым базуецца ваша перакананне?

— На тым, што мы ўмеем вырошчваць дарагое мяса, а гандляваць ім не навучыліся. Лягчэй жывёлу звесці, чым займацца менеджментам. Трэба шукаць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі спажыўцоў. З Аляксандрам Уладзіміравічам мы не канфліктуем, а дыскутуем.

І яшчэ адно пытанне, па якім у нас розныя падыходы: будаўніцтва жылля, якое ўзводзім у Морачы, але ў малых памерах. Я агітую дырэктара, каб будаваць болей, а ён не згодзен.

— Дык чаму?

— Будаваць праз будаўнічыя арганізацыі вельмі дорага, ды яшчэ трэба крэдыты банку аплачваць. Калі выдзяляюць ліміты на будаўніцтва жылля, то вызначаюць і арганізацыю, якая будзе яго ўзводзіць. Такі жылы дом выходзіць больш як за мільярд рублёў.

— А рамонт і будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў хто фінансуе?

— Мы гэтыя работы выконваем толькі за свае сродкі. Наймаем будаўнікоў з Ганцавіцкага, Клецкага і Столінскага раёнаў. І гэта абыходзіцца танней, чым заключаць дамовы з будаўнічымі арганізацыямі. Сёння ў нас працуе сем такіх брыгад, і мы імі задаволены.

— Што зараз вас найбольш хвалюе?

— Не толькі мяне хвалюе, што ў нашых вёсках знікаюць ФАПы, магазіны, клубы. А дзе ж людзям сустракацца? Аўталаўка не заменіць вясковы магазін, дзе не толькі хлеба і да хлеба можна купіць, але і пачуць вясковыя навіны. Вось у нашай участковай бальніцы было шэсць ложкаў для стацыянару, а цяпер толькі тры. Каб кропельніцу паставіць хвораму, трэба і сістэму, і медыкаменты купіць, толькі прасціна бясплатная. У вёсцы Комлеўшчына скарацілі ФАП. Людзі просяць, каб не закрывалі, але іх ніхто не слухае. Аддзяленні сувязі закрылі ў навакольных вёсках, і нікога гэта не турбуе. А хочам, каб не пакідалі людзі вёску.

— Аляксандр Іосіфавіч, а такія аграгарадкі, як Морач, маюць перспектыву?

— Безумоўна. У нас створаны ўсе ўмовы для працы і адпачынку. Мне прыемна, што наша гаспадарка крочыць далей. На падвядзенні вынікаў работы за мінулы год дырэктара двойчы запрашалі на сцэну для ўручэння Пераходных сцягоў. Лідарамі ў раённым спаборніцтве аператараў машыннага даення кароў прызнаны нашы жывёлаводы Таццяна Калала, Настасся Станкевіч і Святлана Абабурка, якія летась па надоях малака ад каровы перасягнулі дзевяцітысячны рубеж. У ліку лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Клеччыны трактарысты-машыністы Міхаіл Зуй, Уладзімір Цішкевіч, Мікалай Абабурка, вадзіцель Дзмітрый Мацкевіч, палявод Соф’я Сасіновіч, брыгадзір першай морацкай брыгады Генадзь Яцкоў і загадчык малочна-таварнай фермы «Морач» Васіль Жук. Дарэчы, віншавальны канцэрт на свяце адкрыў морацкі народны хор, які летась адзначыў сваё шасцідзесяцігоддзе.

Усё гэта грэе сэрца, адчуваеш сваю запатрабаванасць. Пэўна, у гэтым і ёсць сэнс жыцця. Пасля страты сына ўсё было чорным для мяне, але вось такія жыццёвыя моманты вяртаюць у каляю. Унук Ілля сёлета завяршае вучобу ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце і, спадзяюся, будзе працягваць хлебаробскую дынастыю Дылеўскіх.

Уладзімір СУБАТ, "СГ"

Фота аўтара, Клецкі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter