«Фашысты агледзелі хату, падлічылі нас і пачалі расстрэльваць»

15 ЧЭРВЕНЯ час адлічыць 70 гадоў з таго дня, калі вёска Боркі Кіраўскага раёна і прылягаючыя да яе пасёлкі: Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Старыя Боркі, Даўгаполле, Хватаўка былі спалены разам з жыхарамі. Усяго ў агні згарэлі 1800 чалавек.

Семдзесят гадоў таму карнікі спалілі разам з жыхарамі вёску Боркі Кіраўскага раёна.

15 ЧЭРВЕНЯ час адлічыць 70 гадоў з таго дня, калі вёска Боркі Кіраўскага раёна і прылягаючыя да яе пасёлкі: Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Старыя Боркі, Даўгаполле, Хватаўка былі спалены разам з жыхарамі. Усяго ў агні згарэлі 1800 чалавек.

СВАЮ чорную місію акупанты пачалі з Закрынічча. Вяскоўцаў заганялі ў хаты па 7—8 чалавек, прымушалі класціся на падлогу, тварам уніз, і расстрэльвалі.

У іншых пасёлках на “прэлюдыю” вырашылі не траціць часу. Заходзілі ў хаты — і моўчкі забівалі, заганялі ў школу — і палілі, лавілі на вуліцы — і катавалі...

Вось што аб гэтым дні ўспамінае жыхар Борак Міхаіл Сакадынец, які застаўся жывым: “У той дзень уранку мы з сябрам хадзілі вудзіць рыбу. Вяртаемся і бачым: усюды немцы, едуць на машынах, матацыклах. Я палічыў, што могуць забраць кагосьці з вяскоўцаў, як гэта зрабілі з мужам маёй сястры, і вырашыў не заставацца дома, пайшоў да сябра. Памятаю, як маці гукнула мяне і гаворыць: “Міша! Вярніся дадому, а то я цябе пакараю!” Я паглядзеў на яе, махнуў рукою і адказаў: “Як давядзецца!”

Сябар жыў на другой вуліцы, разам з ім, ягонымі бацькамі і роднымі мы сядзелі і разважалі, навошта ж прыйшлі немцы. Вырашылі пакінуць вёску, дзе-небудзь схавацца. Сябар пачаў апранацца, а я гляджу ў акно — немцы ўжо ў двары. Не паспелі мы апамятацца, як двое карнікаў былі ў хаце. Мой таварыш моўчкі сеў на ложак і апусціў рукі з чаравікамі. Фашысты хуценька агледзелі хату, падлічылі нас і пачалі расстрэльваць…

Я сядзеў побач з гаспадаром, калі пачаліся выбухі, спужаўся і ўпаў на падлогу. Кроў забітага гаспадара была і на мне, таму карнікі палічылі, што я, як і астатнія, забіты, а на самай справе ад гэтага жаху страціў прытомнасць. Калі прачнуўся, убачыў — у жывых не засталося нікога. Усё не мог ніяк зразумець, як жа я выратаваўся, як застаўся жывым і нават не параненым. Паглядзеў у акно: фашысты былі далёка, у іншых дварах. Выйшаў на двор і хуценька пабег у жыта. Такім чынам мне ўдалося выратавацца. Трапіў у суседнюю вёску, расказаў людзям аб трагедыі. Спачатку яны мне не паверылі, а калі ўбачылі кашулю ўсю ў крыві, а праз час пачулі трэск палаючых Борак, хуценька сабралі неабходныя рэчы і схаваліся ў лесе”.

У 2008-м пры ўдзеле кіраўніцтва Магілёўскай вобласці ў Борках побач з раней узведзенай капліцай у гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших” і помнікам загінуўшым была адкрыта Сцяна памяці ў памяць аб 110 населеных пунктах Магілёўшчыны, якія падзялілі трагічны лёс Борак.

У 2009-м адбылася працэдура перапахавання астанкаў 12-ці вяскоўцаў, якія былі пахаваны ў дварах мясцовых жыхароў, а таксама чацвярых невядомых.

У СЁЛЕТНІМ маі сюды завіталі дэлегацыі з Мінска, Магілёва. Нізка схіліць галаву ў гонар памяці жыхароў Борак прыехаў разам з дэлегацыямі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Глаз: “Удзел у гэтых мерапрыемствах — святы абавязак для мяне. Мой бацька змагаўся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай, пад Кёнігсбергам атрымаў цяжкае раненне. А наогул, 17 родных — з боку бацькі і маці — ваявалі, таму з дзяцінства ў нашай сям’і свята шануецца памяць аб трагічным ваенным мінулым, з аповедаў бацькі я ведаю пра рэаліі вайны, а былі яны жахлівымі… Таму галоўная задача наша і падрастаючага пакалення — памятаць, якой цаной, якімі намаганнямі была заваявана Вялікая Перамога. І тады моцны фундамент патрыятызму, закладзены нашымі продкамі, дасць беларускаму народу сілы, каб пераадолець усе цяжкасці, жыць у міры і стабільнасці”.

Разам з Анатолем Глазам у Борках быў былы віцэ-прэм’ер урада Расіі, а зараз — старшыня Савета вышэйшых военачальнікаў Расійскай Федэрацыі генерал арміі Анатоль Кулікоў. У Беларусь ён завітаў з нагоды юбілею 626-га палка ўнутраных войскаў г. Магілёва, які 35 гадоў назад фарміраваў і на працягу чатырох з паловай год быў яго камандзірам. Потым Анатоль Сяргеевіч яшчэ сем год служыў у Мінску. У размове генерал адзначыў, што гады службы на беларускай зямлі пакінулі ў яго душы добрую і светлую памяць аб Беларусі, нарадзілі трапятлівае стаўленне да беларускага народа.

Заўсёды актыўны ўдзельнік памятных мерапрыемстваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Сакадынец — ураджэнец Борак. Алег Сцяпанавіч часта наведвае родную зямлю. У крывавай трагедыі 1942-га яго сям’я страціла каля сарака родных і блізкіх, на шчасце, бацька дэпутата Сцяпан Фядосавіч быў у той час далёка ад дома. У размове з вяскоўцамі і жыхарамі раёна Алег Сакадынец заўсёды адзначае, што такая далёкая для маладога пакалення і такая блізкая для яго сям’і боркаўская трагедыя няспынна болем і смуткам адгукаецца ў яго сэрцы.

Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter