«Фашыст накруціў косы на руку і закінуў дзяўчыну ў студню..»

ЛЯ ШАШЫ, паміж Докшыцамі і Бягомлем, ёсць шыльда з назваю вёскі — Шунеўка — і папярэджанне вадзіцелям скінуць хуткасць да 40 кіламетраў у гадзіну, але машыны і так запавольваюць рух. Толькі вось ніякага жылля тут няма. Вёску з яе жыхарамі нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі 70 год таму назад. Там, дзе стаялі раней хаты, засталіся адны фундаменты…

Як 70 гадоў назад знішчалі докшыцкую вёсачку Шунеўка

ЛЯ ШАШЫ, паміж Докшыцамі і Бягомлем, ёсць шыльда з назваю вёскі — Шунеўка — і папярэджанне вадзіцелям скінуць хуткасць да 40 кіламетраў у гадзіну, але машыны і так запавольваюць рух. Толькі вось ніякага жылля тут няма. Вёску з яе жыхарамі нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі 70 год таму назад. Там, дзе стаялі раней хаты, засталіся адны фундаменты…

ТРАГЕДЫЯ адбылася 22 мая 1943 года. На досвітку гэтую лясную вёсачку, у якой было 28 двароў, акружылі карнікі. Яны сагналі падлеткаў, жанчын і старых у калгасную пуню, зачынілі дзверы і падпалілі. Крыкі людзей, вымушаных прыняць жудасную смерць, чулі нават у суседніх вёсках: Дабруні, Нябышана, Рашкаўцы.

Другая група вылюдкаў занялася дзецьмі. Іх сагналі да студні з намерам патапіць. Настаўніца Нябышанскай школы Ніна Сямёнаўна Руткоўская, якая выкладала нямецкую мову, і яе вучаніца Надзя Каляга ўмалялі карнікаў злітавацца над малымі. Калі просьбы не дапамаглі, то самі рашуча сталі на абарону дзяцей і на колькі хвілін нават здолелі спыніць расправу. Разлютаваныя нечаканым заступніцтвам карнікі жорстка расправіліся з жанчынамі: збілі іх і кінулі ў калодзеж. А ўслед за імі — і дзяцей. Потым закідалі калодзеж гранатамі.

У Шунеўцы ў той дзень загінулі 66 чалавек, у тым ліку 15 дзяцей ва ўзросце да 6 год. Цудам уратаваліся толькі Валодзя Руткоўскі, якому ўдалося адзінаму вырвацца з ахопленай агнём пуні — вырыў пад сцяной лаз і збег у лес, і Канстанцін Ананіч з сямігадовай дачкой Соняй, якіх не было тады ў вёсцы.

З ЖЫВОЙ сведкаю тых падзей, цяпер — Соф’яй Шаблоўскай (у дзявоцтве — Ананіч), аўтару гэтых радкоў пашчасціла сустрэцца і пагутарыць пры наступных абставінах. Два гады таму грамадскасць раёна і рэспублікі сабралася ў Шунеўцы на абноўлены пасля рэстаўрацыі мемарыял. Было шмат ветэранаў. Людзі хадзілі неяк усё купкамі, перажываючы разам ўбачанае і пачутае. І толькі ўдалечыні, на фундаменце колішняга дома, сядзела пажылая жанчына, нізка апусціўшы галаву і трымаючы ў руках букецік палявых кветак. Гэта і была тая самая дзяўчынка Соня.

— На гэтым месцы была раней наша хата, — дрыготкім голасам пачала жанчына ўспамін. — Я з бацькам тым ранкам была ў лесе. Чуем, трашчыць ляшчыннік. Мой бацька кажа: «Немцы акружаюць». Мы схаваліся за стогам сена, і нас яны не заўважылі. Але мы бачылі ўсё, што адбывалася ў вёсцы. Дзяцей кідалі ў студню. Адна дзяўчына была даволі рослая, і фашыст ніяк не мог з ёй управіцца. Тады падбег другі, стукнуў гаротную прыкладам па галаве, накруціў косы на руку і закінуў у студню. А ўсе хаты вёскі заняліся адным вялікім полымем, бо стрэхі былі саламяныя. У пуні людзі крычалі так аб паратунку, што гэты крык і сёння стаіць у мяне ў вушах. Згарэлі ўсе дашчэнту. У канцавым доме жыў Сцяпан, то абгарэў чалавек так, што толькі барада засталася ды некалькі рабрынак… Нікому не жадаю таго, што перажыла...

Пасля вайны Соф’я Канстанцінаўна працавала будаўніком. Цяпер — на пенсіі. У яе двое дзяцей і чатыры унукі. Жыве ў Мінску.

А сама Шунеўка так і не адрадзілася. Нешматлікія жыхары, якія выратаваліся ў той пякельны ранак, і тыя, хто вярнуўся з вайны, усяго некалькі чалавек, рассяліліся ў іншых мясцінах, бліжэйшых вёсках.

У 1967 ГОДЗЕ на месцы трагедыі па ініцыятыве старшыні мясцовага калгаса «Іскра» Аркадзя Голуба быў пастаўлены абеліск ахвярам спаленай вёскі. Трэба зазначыць, што калгас быў небагаты тады, і людзі лічылі кожную капейку, але на гэтую добрую справу адгукнуліся ўсе: і сродкі сабралі, і ў будаўніцтве прымалі самы актыўны ўдзел.

І, відаць, дзякуючы гэтаму абеліску больш чым праз дзесяцігоддзе тут быў адчынены мемарыяльны комплекс.

Цэнтральны манумент мемарыяла — бронзавая фігура амаль пяціметровай жанчыны, якая стаіць з узнятымі ў праклёне рукамі ў праёме стылізаванай брамы (вышынёй 11,5 м). Да абламанага канца гарызантальнай перакладзіны брамы прымацаваны 3 званы, 2 з якіх звоняць, а 3-ці расколаты, як сімвал таго, што на Докшыччыне і Бягомльшчыне ў вайну загінуў кожны трэці жыхар. Непадалёк ад цэнтральнага манумента бетонны зруб калодзежа, куды гітлераўцы жывымі кінулі дзяцей і настаўніцу. На ім бронзавая выява прабітага і абпаленага паветранага змея з імёнамі загінуўшых дзяцей, які сімвалізуе абарванае вайной дзяцінства. На месцы былых сялянскіх сядзіб — падмуркі, над кожным бронзавыя кампазіцыі ў форме языкоў полымя з імёнамі былых гаспадароў.

АЎТАРЫ мемарыяла — скульптар Анатоль Анікейчык, архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін.

«З інтэрв’ю аўтара комплексу народнага мастака Беларусі Анатоля Анікейчыка газеце «Вечерний Минск», 1983г.»:

— Цяпер цяжка сказаць, хто першы падаў ідэю стварыць помнік на месцы спаленай вёскі. Сяляне з суседніх вёсак, як умелі, пачалі будаваць комплекс.

Захоплены гэтым былі як старыя, так і малыя. Аднак самыя добрыя намеры не заўсёды ў такіх выпадках, на жаль, увасабляюцца ў мастацкай форме, па годнасці адлюстроўваюць падзею. Але ж такія помнікі павінны бударажыць душы людзей, закранаць іх самыя патаемныя струны. Пабываў на месцы трагедыі я. Ездзіў не адзін, а са сваімі пастаяннымі сааўтарамі — лаўрэатамі Ленінскай прэміі архітэктарамі Леанідам Левіным і Юрыем Градавым. На былым папялішчы і нарадзілася ідэя скульптурнай кампазіцыі.

Там, дзе некалі быў цэнтр вёскі, ускінуўшы ўверх сціснутыя кулакі, застыла жанчына. Амаль пяціметровая фігура маці ў агні. Яна яшчэ жывая, і яна праклінае ворага. Комплекс так і назвалі: «Праклён фашызму». Галоўнае ў комплексе — непакорнасць ахвяр, нянавісць да вайны, да смерці, да фашызму.

Я як аўтар пратэстую, імкнуся глядзець на трагедыю з пазіцыі сённяшняга дня. Так нарадзілася думка стварыць помнік-пратэст.

Калі пачынаў работу, то, скажу сумленна, былі сумненні, — падобныя комплексы ёсць у іншых аўтараў. Але ў Беларусі сотні, тысячы месцаў, дастойных памяці народнай, і кожны помнік будзе непаўторны, калі ў яго ўкладзена часцінка сэрца мастака. У дні акупацыі я жыў у дзеда ў Стаўбцоўскім раёне і быў сведкам зверстваў фашыстаў. Калі гітлераўцы палілі Шунеўку, мне было адзінаццаць гадоў — гэта ўзрост, калі ўражанні западаюць у душу назаўсёды. І я астатак жыцця буду адчуваць сябе ў неаплатным даўгу перад тымі, хто не вярнуўся з вайны, загінуў у яе агні. Я хачу, каб мае работы не толькі сёння, але і заўтра напаміналі людзям аб пільнасці, клікалі да барацьбы за мір.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter