Белавежская пушча ўнесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, адзначана дыпломам Савета Еўропы, мае статус біясфернага запаведніка

Фарбы запаведнага лесу

У другой палове 1990-х у суверэннай Беларусі з’явіўся новы від прыродаахоўных тэрыторый — нацыянальныя паркі. Сёння іх чатыры: “Белавежская пушча”, “Браслаўскія азёры”, “Прыпяцкі” і “Нарачанскі”. Набытак краіны. Захаванне ўнікальнай прыроды, навуковыя даследаванні, турызм, экалагічная асвета — задачы, якія ставяцца ў тым ліку і перад самым тытулаваным з іх — Белавежскай пушчай. Нацпарк унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, адзначаны дыпломам Савета Еўропы, мае статус біясфернага запаведніка.



Пушча — самы буйны масіў рэліктавага першабытнага раўніннага лесу, які, як лічыцца, яшчэ ў дагістарычныя часы рос на тэрыторыі Еўропы. Першы закон аб ахове пушчы быў выдадзены ў XVI стагоддзі каралём Жыгімонтам I. Паляванні, высечкі, ахова — усё цесна пераплялося ў яе гісторыі. Тут у 1991 годзе афіцыйна спыніў існаванне СССР. А пушча расце. У нас у краіне ўсе нацыянальныя паркі — установы Упраўлення справамі Прэзідэнта, значыць, пад асаблівай аховай.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” Аляксандр Буры не хавае, што калегі з іншых краін часцяком зайздросцяць:

— Дзяржава надае вялікую ўвагу захаванню ўнікальных прыродных аб’ектаў, іх развіццю. І гэта яркі прыклад для пераймання. Прыязджаюць да нас калегі з краін СНД, яны, шчыра скажу, зайздросцяць, што мы пад такім сур’ёзным сцягам, што дзяржава ўзяла пад жорсткі кантроль нацыянальныя паркі, сур’ёзна фінансава падтрымлівае. Нічога не разбазарана, а захавана, прымножана не толькі для Беларусі — для ўсёй Еўропы.

За апошнія 20 гадоў пушча сур’ёзна змяніла свае межы. У 2004 годзе плошча нацпарку павялічылася да 152 тысяч гектараў, а ў 2012-м запаведная зона расшырылася да 57 тысяч гектараў (на пачатку 90-х — 15 тысяч).

Як вынік, летась прынята паўторная намінацыя трансгранічнага аб’екта Сусветнай прыроднай спадчыны “Белавежская пушча”. Плошча на беларускім і польскім баках пашырана да 140 тысяч гектараў. Сёлета павялічана плошча біясфернага рэзервату ЮНЕСКА.

Лес — пушчанскае ўсё. Узрост асобных участкаў — ад 250 да 350 гадоў, ёсць 500-600-гадовыя дубы і сосны. Такая асаблівасць, але ў Белавежскай пушчы няма прыродных азёр. Толькі штучныя вадасховішчы, якія ў 2003 годзе рэканструявалі. Затое ёсць унікальнае балота: у 1995-м да нацыянальнага парку далучана частка водна-балотнага комплексу “Дзікае”. Сёлета балота ўдоўж і ўпоперак абхадзілі навукоўцы, яны ўпершыню ствараюць для “Дзікага” геабатанічную карту.


Намеснік дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітрый Грумо (навуковая дзейнасць на тэрыторыі нацпаркаў каардынуецца НАН. — В.К.) асабліва падкрэсліў актуальнасць мерапрыемстваў па захаванні балота:

— Гэта важны гідралагічны аб’ект, водападзельная зона Чорнага і Балтыйскага мораў. Адсюль бяруць пачатак рэкі Нарэў і Ясельда. Балота адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманні папуляцый знікаючых відаў птушак — вяртлявай чарацянкі і вялікага падворліка.

Аляксандр Буры звярнуў увагу на тое, што сёння не даводзіцца гаварыць пра знікненне якіх-небудзь відаў. Хутчэй, наадварот, пра павелічэнне.

Больш становіцца і зуброў. Сёння белавежскую папуляцыю ўтвараюць каля 460 асобін. За апошнія два дзясяткі гадоў колькасць волатаў у пушчы вырасла ў 3,3 раза. Іх намнога больш, чым лес можа пракарміць. Таму ў нацпарку нарыхтоўваюць для зуброў ежу і падкормліваюць узімку, трацячы на гэта немалыя сродкі.

Цяпер у Белавежскай пушчы пад кантролем Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах НАН ствараецца навукова-селекцыйны цэнтр “Нікор” па вывучэнні, захаванні ды ўстойлівым выкарыстанні папуляцыі зуброў. Галоўная мэта — племянная работа, правядзенне мерапрыемстваў па даўгачасным захаванні зубра як біялагічнага віду з максімальна магчымай генетычнай разнастайнасцю. Да праекта падключаюцца польскія калегі.


Адзін з напрамкаў у рабоце нацыянальных паркаў — гаспадарчая дзейнасць. Так-так. Спалучэнне прыродаахоўных мерапрыемстваў і гаспадарчай дзейнасці павінна быць акуратным, карэктным, каб не нашкодзіць, лічыць Аляксандр Буры:

— Вытворчасці створаныя з улікам асаблівасцяў нацпаркаў: у кагосьці лес, у кагосьці вада, сельскагаспадарчыя ўгоддзі, балоты. У 1996 годзе пушчы перадалі лесапаляўнічую гаспадарку “Шарашэўскае”. У 2010-м — лесапаляўнічую гаспадарку “Выганаўскае”. Мы ўсюды матэрыяльна-тэхнічную базу абнавілі. У “Выганаўскім” адлоўліваем да 70-80 тон рыбы штогод. Далучаныя масівы даюць магчымасць весці дрэваапрацоўку і праводзіць паляванне — замежныя паляўнічыя з задавальненнем едуць да нас па трафеі.

— А ці проста арганізаваць паляванне на зубра?

— Ні ў якім разе. Гэта чырванакніжнік. Хоць зуброў усё ж адстрэльваем з дазволу Мінпрыроды. Да 10 асобін штогод. Выбракаваных, нездаровых. Працэдура пераводу жывёл у рэзервовы фонд працуе на недапушчэнне памылак. Для кожнага асобнага выпадку збіраецца камісія. Яна вырашае, якія ў зубра перспектывы. І калі ён прызнаецца асобінай, што не ўяўляе каштоўнасці, то можа быць выпісаны дазвол на яго адстрэл.

І ўсё ж большасць з нас любяць нацпаркі за тое, што там можна адпачыць ад мітусні гарадоў і офісаў. Улетку атрымліваеш асалоду ад водару зёлак і лясной прахалоды, увосень любуешся разнаквеццем лісця, узімку — да Дзеда Мароза, ну і ўвесну да яго таксама можна зазірнуць... Думаю, 212 тысяч турыстаў, якія наведалі Белавежскую пушчу сёлета, са мной пагодзяцца.

З 12 чэрвеня гэтага года пушча стала яшчэ больш прывабнай. Па спрошчаным пераходзе Белавежа — Перароў замежныя грамадзяне з польскай пушчы могуць патрапіць у беларускую. Без віз. Да трох сутак ім дазволена часовае знаходжанне на тэрыторыі рэліктавага лесу. Можна паспець многае: палюбавацца прыгажосцю прыроды, адпачыць, паспрабаваць салёныя лісічкі, блінцы з пушчанскімі чарніцамі і суніцамі, шашлык з аленіны — і прыняць рашэнне прыехаць у парк яшчэ раз.



Аляксандр Буры прывёў статыстыку:

— За два месяцы — амаль 2 тысячы чалавек. З розных куткоў Польшчы прыязджалі, з Еўропы і Амерыкі. Раней з-за мяжы да нас дабіраліся толькі арганізаваныя групы. Цяпер праз пераход — проста і без віз. Можна ў адзіночку, на веласіпедзе.

У 1999 годзе ў нацыянальным парку гасцявалі 46 тысяч чалавек. У мінулым — 428 тысяч. Адчуваеце розніцу?

Зразумелая рэч, зусім іншая сёння інфраструктура. Пабудаваныя новыя гасцініцы, рэстаран, кафэ, адрамантавана сядзіба графа Тышкевіча.

У 2003 годзе з’явіўся ў пушчы маёнтак Дзеда Мароза. З тых часоў яго наведалі амаль 1,3 мільёна турыстаў. Гэта ўнікальны аб’ект, які адыгрывае выключна важную ролю ў экалагічнай асвеце дзяцей.

Летась стварылі Музей народнага побыту і старажытных тэхналогій. Тут можна паглядзець, як ткуць дываны — падвойнае ткацтва Камянецкага раёна ў Спісе нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Майстар-класы арганізуюць бондары, кавалі. Дарагім гасцям у міні-кафэ паднясуць чарачку “пушчанкі”, вырабленай па сваіх рэцэптах прама на тэрыторыі музея.

А  ў бліжэйшыя гады турыстаў будзе запрашаць музей пад адкрытым небам. Такога яшчэ нідзе ў Беларусі няма. Напярэдадні святкавання 600-годдзя ўстанаўлення запаведнасці ў пушчы праводзіліся маштабныя археалагічныя даследаванні. Навукоўцы выявілі больш як паўсотні археалагічных аб’ектаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Тады і ўзнікла задумка стварыць музей пад адкрытым небам — археалагічны скансен, паколькі ўсе знаходкі проста немагчыма размясціць у сучасным музеі, які знаходзіцца ў эколага-адукацыйным цэнтры нацпарку. Паміж вёскай Камянюкі і адміністрацыйным цэнтрам нацпарку плануецца ўзнаўленне стаянкі першабытнага чалавека, драўлянага жылля эпохі мезаліту і позняга неаліту, жылых, гаспадарчых і культавых пабудоў бронзавага веку.

Ну і, вядома, будзе гарадзішча жалезнага веку з рэканструкцыяй уязных варот, сцен, валоў, равоў, напоўненых вадою, пад’ёмнага моста і жылых пабудоў са стайняй, кузняй, ганчарным кругам. Гэтым летам у пушчы таксама праходзілі раскопкі.

...Эх! Як не хочацца ад’язджаць з дзівоснага лесу. Велічнага, насычанага магутнай энергетыкай зямной прыгажосці, непаўторнага і незабыўнага. Як гэта важна, што пушча ёсць. І кожны з нас можа палюбавацца яе прыгажосцю — захаванай і прымножанай. Дарэчы, і дабірацца туды стала прасцей: у 2011 годзе пабудавана абходная дарога вакол нацыянальнага парку.


Кампетэнтна


Наталля Мінчанка, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Нацыянальныя паркі, запаведнікі, заказнікі, помнікі прыроды займаюць больш за 8 працэнтаў плошчы краіны. Яны не толькі строга ахоўваюцца законам, але і фінансава падтрымліваюцца. Так, па новай Дзяржаўнай праграме развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый на 2015-2019 гады запланавана рэалізацыя 75 мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё як нацыянальных паркаў, так і ўсёй сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. У 2015 годзе прадугледжана фінансаванне ў памеры большым за 24 мільярды рублёў. Рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў па развіцці турыстычнай інфраструктуры. Запланавана будаўніцтва і абсталяванне эколага-інфармацыйных цэнтраў у шэрагу рэспубліканскіх ландшафтных заказнікаў, будаўніцтва аб’ектаў для адпачынку і добраўпарадкаванне рэкрэацыйных зон на шэрагу азёр, а таксама ў нацыянальным парку “Браслаўскія азёры”, праектаванне археалагічнага музея пад адкрытым небам у Нацыянальным парку “Белавежская пушча”. У дзяржпраграму ўключаныя мерапрыемствы па аднаўленні парушаных балотаў, пойменных дуброў і прадухіленні зарастання натуральных экалагічных сістэм.

Даведка

Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Дата стварэння — 1991 г. Адзін з буйнейшых лясных масіваў раўніннай Еўропы. Запаведная плошча — 57 тысяч гектараў (38 працэнтаў тэрыторыі нацпарку).

Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”. Дата стварэння — 1995 г. У межах парку знаходзяцца 74 возеры агульнай плошчай 12.590 гектараў, што складае прыкладна 17 працэнтаў усёй яго тэрыторыі.

Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Дата стварэння — 1996 г. Ландшафтную аснову парку складаюць лясы. Сярэдняя паласа парку прадстаўлена буйнейшым у Еўропе масівам пераходных і верхавых балотаў Межч — Кандзель — Елавец — Ольхава плошчай большай за 30.000 гектараў.

Нацыянальны парк “Нарачанскі”. Дата стварэння — 1999 г. Адметнай асаблівасцю з’яўляецца самая вялікая ў Беларусі курортна-аздараўленчая зона на возеры Нарач.

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter