Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На ХІІ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, што праходзіў у Гродне, пачалі складвацца новыя традыцыі

Фарбы святочнага горада

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур — яскравае свята, у час якога старажытнае Гродна пераўтвараецца ў адну вялікую пляцоўку, напоўненую музыкай, танцамі, нацыянальнымі пачастункамі, шматлікімі адкрыццямі, культурнымі падзеямі. 

Паводле традыцыі, на 19 нацыянальных падворках прадстаўнікі 36 дыяспар, якія жывуць у Беларусі, знаёмілі гасцей са сваёй культурай. Немцы, напрыклад, давалі майстар-клас па прыгатаванні абеду, казахі ж збудавалі традыцыйныя арэлі алтыбакан — адмысловае месца сустрэч, гульняў і забаў качавога народа, а палякі прапаноўвалі пачаставацца гарбатай з зёлак…

У час фестывалю вуліцы Гродна заўсёды поўняцца музыкай 

Самы ж вялікі беларускі падворак размяшчаўся сёлета на плошчы Леніна: з асаблівасцямі рэгіянальнай культуры знаёмілі на ім прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны. Прайшоў там і сімвалічны флэшмоб: сотні ўдзельнікаў і гледачоў у танцавальным карагодзе нібы абнялі Беларусь — абышлі ўсю плошчу.

“Гэта вялікае свята — сімвал дружбы і нацыянальнага адзінства. Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі, захавалі свае традыцыі ды перадаюць іх з пакалення ў пакаленне, узбагачаючы і беларускую культуру. Фестываль нам паказвае, як важна шанаваць свае карані, любіць сваю зямлю, з павагай і ўвагай ставіцца адно да аднаго, да звычаяў і традыцый іншых народаў”, — гаварыў на адкрыцці фэсту Міністр культуры Юрый Бондар. 

Дарэчы, упершыню фестываль выйшаў за межы горада. Трэці святочны дзень прайшоў на Аўгустоўскім канале. І гэта стала пачаткам яшчэ адной прыгожай традыцыі. Падрабязней пра Гродзенскі фэст чытайце ў наступным нумары.  

Карына Аляксандрава

Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter