Фарбы роднай зямлi. Па слядах экспедыцыі газеты «Рэспубліка» і тэлеканала АНТ «Освобождение: Победа. Память. Патриотизм»

Полацкі гарвыканком выступіў з ініцыятывай правядзення міжнароднага экалагічнага фестывалю. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні выканкома 28 ліпеня гэтага года.
Там, дзе прайшла яхта «Рэспубліка». Асабліва прыемна было даведацца, што ўжо да пачатку верасня (а да яго засталіся лічаныя дні) мясцовая ўлада мяркуе завяршыць усе запланаваныя работы па добраўпарадкаваннi правага берага Заходняй Дзвіны. Што ні кажыце, а нашы біноклі ў садружнасці з тэлекамерамі АНТ убачылі не толькі дзівосныя краявіды старажытнай полацкай зямлі, а і шэраг недахопаў. Няхай сабе і праз павелічальнае шкло. Затое як хораша адзначаць прыемныя для вока і сэрца перамены! І не толькі ў рачным басейне – ва ўсёй ваколіцы. Завершана, напрыклад, добраўпарадкаванне тэрыторыі, якая прылягае да кінатэатра «Радзіма». Працягваюцца работы па навядзеннi чысціні і прыгажосці вакол Дома афіцэраў і ўладанняў Свята-Пакроўскай царквы. Не менш прыемна зазірнуць на дворышча экалагічнага музея. Ён амаль што гатовы, а цалкам завяршыць яго будаўніцтва і добраўпарадкаваць прылягаючую тэрыторыю намечана да 5 верасня. Напэўна, даўгабуда не будзе, бо «нянькі» ў навасёла салідныя. Комплекс неабходных работ выконваецца сумеснымі намаганнямі Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, дзяржаўнага вытворчага праектна-будаўнічага аб’яднання па сельскiм будаўніцтве «Полацксельбуд» і гаррайінспекцыi прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дорага, але міла. Жыллёва-камунальныя службы старажытнага Полацка дзейнічаюць у рэжыме армейскага раскладу. І ўжо не першы год. Дастаткова нагадаць мінулагоднія рэспубліканскія «Дажынкі-2003», якія вывелі Полацк у разрад гарадоў еўрапейскага ўзроўню. Аднак і пасля агульнанацыянальнага хлебаробскага свята спакойнага жыцця для службаў ЖКГ не настала. Хутчэй, нават з’явіўся свежы азарт да новаўвядзенняў. Адно з іх — будаўніцтва ў горадзе смеццясартавальнай станцыі, якое зараз знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Аб’ект не толькі дарагі, але і працаёмкі. Уводзіцца ён паэтапна. Згодна праектна-каштарыснай дакументацыі вызначана і абсталявана шмат пляцовак для раздзельнага збору смецця ў кантэйнеры. За кошт сродкаў экалагічнага фонду ў карыстанне палачанам набыта сто кантэйнераў коштам амаль 30 мільёнаў рублёў. Палова кантэйнераў пераабсталяваны для раздзельнага збору смецця (ПЭТ-бутэлек і макулатуры), устаноўлены на дваровых тэрыторыях. Чвэрць жылога фонду Полацка ўжо карыстаецца гэтым новаўвядзеннем. Плануецца яшчэ дадаткова набыць 70 спецыяльных кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. Але ж вернемся да фестывалю. Чакаемае свята хоць і першае, але ва ўсіх адносінах грандыёзнае. І нездарма Полацкі гарвыканком хадайнічае перад Саветам Міністраў краіны аб атэстацыі фестывалю ў Полацку па статусе пастаянна дзеючага. Можа, яно так і будзе?
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter