«Фантазiя не ўзнiкае на голым месцы»

Леанiд Левановiч — пра новы раман, жыццё ў вёсцы i 40 цэнтаў

Леанiд Левановiч — пра новы раман, жыццё ў вёсцы i 40 цэнтаў з амерыканскага казiно

Вядомы беларускi пiсьменнiк Леанiд Левановiч (на здымку) выпусцiў у свет новую кнiгу — раман «Палыновы вецер». Iм аўтар працягвае цыкл сваiх папярэднiх праза-iчных твораў – раманаў «Шчыглы», «Паводка сярод зiмы», «Дзiкая ружа», «Сiняе лета», «Бесядзь цячэ ў акiян». Усе яны звязаны адным месцам дзеяння i адсочваюць жыццё галоўных герояў у розныя гiстарычныя перыяды, пачынаючы з пасляваенных гадоў у вызваленай Беларусi. У новым, шостым па лiку, рамане пiсьменнiк звяртаецца да падзей 1991-га.

— Я не мог абмiнуць таго, як перажылi мае героi гэты драматычны, лёсавызначальны для многiх людзей час. «Палыновы вецер» – гэта i вiхар, якi разбурыў магутную дзяржаву, i горкi подых Чарнобылю праз пяць гадоў пасля аварыi. На гэтым фоне развiваюцца падзеi новага рамана. У iм некалькi сюжэтных лiнiй, адлюстравана жыццё гарадское i вясковае, сярод дзеючых асоб — прадстаўнiкi партыйнай наменклатуры, iнтэлiгенцыя, сяляне, — расказвае аўтар.

— Леанiд Кiрэевiч, пачатак 1990-х — зусiм нядаўнi па гiстарычных мерках час, яго добра памятаюць многiя. Вiдаць, працаваць над раманам даводзiлася з асаблiвай дакладнасцю?

— Што датычыць герояў, то вобразы зборныя, хоць нехта i прасочыць нейкiя падабенствы. А вось гiстарыч-ны фон – канкрэтыка, нават хронiку падзей з тагачасных стужак iнфармацыйных агенцтваў выкарыстоўваю. Тут нiякага мастацкага вымыслу, усё дакументальна.

— А цi ёсць адгалоскi аўтабiяграфiчнага?

— Асаблiва многа такiх момантаў было ў першых трох раманах, iх галоўны герой Андрэй Сахута – гэта ў многiм я. Але пасля нашы «лёсы» разышлiся. У рамане «Палыновы вецер» Сахута – былы сакратар абкама партыi па iдэалогii, якi пасля 1991-га стаў беспрацоўным, нiкому не патрэбным i змог уладкавацца ўсяго толькi звычайным ляснiчым у радыяцыйнай зоне... А да маёй уласнай бiяграфii на гэты раз блiжэй другi персанаж — Пятро Махавiкоў, былы тэлежурналiст, якi працуе ў выдавецтве. Я таксама прайшоў i школу тэлебачання, i ў выдавецтве працаваў 15 гадоў. Словам, пiшу пра тое, што добра ведаю. А тое-сёе вывучаў i спецыяльна. Напрыклад, ездзiў у свае родныя Касцюковiчы, каб папрысутнi-чаць на ранiшнiх планёрках у райвыканкаме. Хацелася лепш зразумець, адчуць працу чыноўнiкаў, паназiраць, як яны паводзяць сябе ў той цi iншай сiтуацыi, пры абмеркаваннi той цi iншай праблемы. Фантазiя ж не ўзнiкае на голым месцы.

— Вы ўзгадалi родныя мясцiны, Касцюковiцкi раён. Тэма Чарнобыля для вас балючая, вы родам з адселенай пасля аварыi вёскi...

— Вёска, дзе я нарадзiўся, называецца Клеявiчы. Прыгожае месца на Бесядзi, больш як 150 двароў было. Прыязджаю туды кожную Радаўнiцу. Цяпер чалавек 7—8 у вёсцы жывуць. Тыя, хто застаўся пасля адсялення. Неяк у такiх жа адселеных Саматэвiчах, на радзiме нашага славутага паэта Аркадзя Куляшова, давялося мне сустрэцца з дзядком, якi таксама нiкуды не паехаў, махнуўшы рукой на тую радыяцыю. Яму было ўжо за 80, расказваў, што яго аднагодкi, якiя перасялiлiся, даўно ўжо на тым свеце, а ён вось жыве... Можа, таму, што не-падсечанымi засталiся каранi? Зразумела, адсяленне было неабходным, але ж стала i вялiкай псiхалагiчнай драмай для многiх людзей.

У радыяцыйнай зоне жыве i адзiн з галоўных герояў майго рамана былы дырэктар школы Мамута. Да яго прыязджае жанчына, каб угаварыць перабрацца ў Мiнск, i... застаецца. Насуперак Чарнобылю яны iмкнуцца не выжываць, а паўнакроўна жыць.

Я часта сустракаюся са сваiмi землякамi, пiшу пра iх, i, ведаеце, ёсць у мяне надзея, што, можа, гадоў праз 50 вернуцца людзi i ў мае Клеявiчы, бо паступова на Касцюкоўшчыне адраджаюць зямлю.

— Як вядома, гадоў ужо 20, як вы прыраслi сэрцам яшчэ да адной вёскi на Вiлейшчыне, куды перабралiся жыць са сталiцы. Назад у горад не цягне?

— Не. Хаця сёлета зiма была складаная… Але ж не кожны год так. У вясковае жыццё я ўжо моцна ўрос. Вось чакаў сапраўдную вясну, трывожыўся, залье цi не. Думаю, як перазiмавала мая азiмая пшанiчка – 12 сотак засеяў, а мароз жа быў сёлета раннi, i снегу спачатку мала.

Бывае, у Мiнск прыеду, сябры гавораць: добра табе там, у вёсцы, спакой, цiшыня. Канечне, ёсць плюсы: вёска маленькая, шэсць двароў, лес вакол, сосны ў вокны глядзяць. Але ж на канапе каля тэлевiзара, як у горадзе, не надта наляжыш. З ранiцы трэба i дроў прынесцi, i вады, ды i iншых розных спраў процьма па гаспадарцы. Хоць яна ў нас з жонкай i невялiкая – куры, пчолы, ды вось трусiнае патомства першы год чакаем, але клопату хапае.

— Адарванасцi ад свету не адчуваеце?

— Нiколькi. За ўсiмi падзеямi сачу. Дзевяць выданняў выпiсваю – часопiсы i газеты. Iнтэрнет ёсць. Нават з Амерыкай сувязь трымаю: там, у Бостане, жыве дачка з мужам i сынам. Муж – праграмiст, яго запрасiлi туды працаваць.

— Мо, i самi ў Амерыцы бывалi?

— Двойчы — у 2000-м i ў 2007 годзе. Пасля першай паездкi з’явiлася кнiга «Усмешлiвая Амерыка». Пасля другой – «Бостанскi дзённiк», якi аддаў друкаваць у часопiс «Маладосць».

— I як вам Амерыка?

— Канешне, краiна камфортная – усе гэтыя хайвэi, супермаркеты... Прыбiральнi – паўсюдна. Куды б нi зайшоў, блiшчыць i ззяе. Такое ўражанне, што для амерыканца па...раць i пажраць — галоўнае. Людзi паўсюдна жуюць. У кiно нават прыстасаваннi спецыяльныя каля крэслаў для скрынак з папкорнам. Пасля сеанса смецце з залы выносiць мяхамi цэлая брыгада. Але гэта так, побытавыя назiраннi. Самыя ж моцныя мае ўражаннi ад шматлiкiх сустрэч з беларусамi ў Амерыцы. I перш за ўсё з выдатным паэтам, празаiкам, публiцыстам Масеем Сяднёвым. За тры месяцы да яго смерцi мне пашчасцiла з iм сустрэцца. Прагаварылi ўсю ноч. Дарэчы, ён таксама з Касцюковiцкага раёна. Нашы вёскi на адлегласцi сем кiламетраў, а ўбачыцца мне з iм давялося каля Нью-Йорка, пераляцеўшы за акiян 7 тысяч вёрст...

— Што сёння на вашым пiсьмовым стале?

— Пакуль больш пiшу апавяданнi. Некалi Леў Талстой гаварыў, што пiсьменнiку ў будучынi не трэба будзе нiчога выдумляць, а толькi апiсваць тое, што адбываецца. I сапраўды, такое жыццё цяпер разнастайнае, такiя здарэннi! Вось i назiраю, iмкнуся зафiксаваць па-мастацку. Праўда жыцця i праўда лiтаратуры – гэта розныя рэчы. Лiтаратура – не фатаграфiя. Трошкi ўзнiмацца трэба над падзеяй, асэнсоўваць. Ёсць ужо цыкл такiх непрыдуманых гiсторый, адна неўзабаве выйдзе ў часопiсе «Гаспадыня».

Займаюся i перакладамi на рускую мову. Праз яе мы, беларусы, адкрываем для сябе ўсю сусветную класiку. Але i руская мова можа дапамагчы свету адкрыць нашу лiтаратуру. Праўда, ёсць, на жаль, складанасцi з выданнем перакладных твораў. Вось i мой раман «Шчыглы», выдатна перакладзены на рускую мову Уладзiмiрам Машковым, ляжыць у выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» цэлых 14 гадоў…

Але ж тое-сёе друкуецца. У Таджыкiстане выйшла кнiга беларускiх пiсьменнiкаў, дзе ёсць i маё апавяданне «Канверт». У Казахстане рускамоўны часопiс «Прастор» апублiкаваў апавяданне «Метро». Апавяданне «Казiно» выйшла ў маскоўскiм часопiсе «Наш современник».

— «Казiно» – з амерыканскага падарожжа?

— Так. Давялося пабываць у штаце Канектыкут на тэрыторыi iндзейскай рэзервацыi. А казiно ў такiм месцы, бо там з падобнага бiзнесу не бяруць падаткi. Вось хiтрыя людзi i збудавалi велiзарны цэнтр, куды едуць гуляць з усяго свету. Я, прызнаюся, таксама не ўтрымаўся. Спачатку нават шанцавала, пасля, праўда, пройгрышы адзiн за другiм пасыпалiся, i я спынiўся. Падумаў, трэба хоць з якiм выйгрышам пайсцi. Так што цэлых 40 цэнтаў у капiталiстаў выйграў!

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКI

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter