
У 2013 годзе гэтая кампанія заключыла кантракт з расійскім “Аэраэкспрэсам” на пастаўку 25 двухпавярховых паяздоў. Пабудаваць іх разлічвалі на заводзе ў Фаніпалі. На жаль, з-за эканамічнага крызісу заказчык змог набыць менш як палову ад плануемага — толькі 11 саставаў. Адпаведна парушыліся і планы фаніпальскай вытворчасці. Таму заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася, у Палацы Незалежнасці была ўзаемнай. Аляксандр Лукашэнка сказаў:
— Ведаю, што ёсць пэўныя праблемы на рынку, на якім вы працуеце. Я гатовы абмеркаваць гэтыя пытанні. Вы ў нас стварылі амаль паўтысячы вельмі высокапрадукцыйных працоўных месцаў, займаецеся інавацыямі — гэта, як модна сёння гаварыць, у трэндзе. Вы павінны быць упэўнены, што мы гатовыя працаваць з вамі і рэалізоўваць усе вашы прапановы.
Гендырэктар “Штадлер Рэйл Груп” у дыялогу не абышоў і праблемы:
— “Аэраэкспрэс” адмовіўся ад часткі свайго заказу з-за няздольнасці яго аплаціць. Мы былі вымушаны расцягнуць тыя вытворчыя працэсы, якія былі ў хаду, каб знайсці іншае фінансаванне. Сёння праблема амаль вырашана.
Вось што аб прапановах кампаніі Петэр Шпулер расказаў журналістам:
— Мы праявілі ўласную ініцыятыву і некаторыя заказы, якія планаваліся для заходнееўрапейскіх дзяржаў, перанеслі сюды. Адзін такі заказ датычыцца дзяржаўных чыгунак Нарвегіі. Акрамя таго, у Фаніпалі будзе поўнасцю выконвацца заказ па зборцы трамваяў для гарадскіх ліній Санкт-Пецярбурга.
Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць вытворчасці ў Фаніпалі паяздоў для трэцяй лініі Мінскага метро. Такіх, якія ўжо працуюць у берлінскай падземцы і вось-вось выйдуць у тунэлі брытанскага Глазга.
Уладзімір Хромаў