Фама прызямліўся ў Гародні

Праз тры гады пасля пажару на алтары Фарнага касцёла зноў з’явілася фігура апостала

Нагадаем, у ліпені 2006 года ў Фарным касцёле здарыўся пажар. У полымі была знішчана частка унікальнага алтара XVIII стагоддзя, аналагаў якому няма ва ўсёй Еўропе. Гэта ручная работа, выкананая мясцовымі майстрамі ў 1736 годзе. Адмысловым упрыгожаннем алтара былі драўляныя скульптуры, выразаныя кенігсбергскім майстрам. Тады агонь не пашкадаваў і іх.  Нейкім цудам агонь, які ў адзін момант знішчыў драўляныя скульптуры вакол, не крануў сэрца храма — цудатворны абраз.
— Той пажар стаў для нас сапраўднай трагедыяй, — успамінае плябан касцёла ксёндз Ян Кучынскі. — Першай мы адрадзілі постаць мецэната алтара Самуіла Лазовы. Фігура апостала Фамы — другая адноўленая скульптура. Яна цалкам ідэнтычна згарэламу арыгіналу. Пры аднаўленні скульптуры майстар вывучаў яе фатаграфіі, выкарыстоўваў пашкоджаны пажарам арыгінал.
Воранаўскаму майстру Казіміру Місюру спатрэбіўся больш за кубаметр драўніны на выраб унікальнай статуі Фамы. Каб хутчэй скончыць скульптуру, ён працаваў без стомы на працягу аж шасці месяцаў!
— Вышыня скульптуры больш за два метры, шырыня — 1 метр, — распавядае Ян Кучынскі. — Прычым яна выканана не з суцэльнага кавалка дрэва, а з асобных частак. Гэта, вядома, ускладняла майстру задачу, але такая карпатлівая праца неабходна была для таго, каб скульптура потым не патрэскалася.
Майстар павінен яшчэ зрабіць постаці апосталаў Якава і святога Амброзія. Ужо цяпер згарэлая частка алтара, а таксама пашкоджаныя жучком і часам фрагменты цалкам адноўлены, выканана сцяжка алтара, драўляная канструкцыя апрацавана адмысловым хімічным саставам, ідзе падрыхтоўка дрэва да афарбоўкі. Плануецца, што пасля рэканструкцыі алтар будзе выглядаць як мармуровы. Фігуры апосталаў і мецэнатаў касцёла плануецца зрабіць трохі святлейшымі, чым асноўны колер. У цэлым рэстаўрацыю алтара плануецца завяршыць да снежня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter