Фальклорная талака

Купалле... Адно з найбольш яскравых, маляўнічых і паэтычных свят беларусаў, свята, якое шырока папулярна ва ўсіх народаў Еўропы. Жадаеце адзначыць яго неяк асабліва, зазірнуць у самую глыбіню паданняў і легенд? Тады чакаем вас 5 ліпеня на радзіме Янкі Купалы ў вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна. Менавіта тут адбудзецца прымеркаваны да Купалля II абласны фестываль фальклорнага мастацтва.У ім бяруць удзел 23 калектывы з 18 раёнаў Міншчыны, сярод якіх аўтэнтычныя фальклорныя гурты і дзіцячыя калектывы побытавага танца. Майстры народнай творчасці прадставяць традыцыйныя рамесныя вырабы свайго раёна, прадэманструюць старажытныя тэхналогіі вырабу рэчаў. У свяце прымуць удзел паэты і пісьменнікі: яны будуць чытаць свае творы на пляцоўцы каля свірна. Для ўсіх жадаючых адбудзецца экскурсія па музеі Янкі Купалы.Натхняльнікі ўсёй гэтай дзеі — спецыялісты Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці абяцаюць і знакаміты “Купальскі кірмаш”.