«Фальклор – гэта вялікае каханне»

Няхай і папулярнасць у бабулі Варкі мясцовая — але якая! Варвара Данілаўна — культурны носьбіт, візітная картка ўзорнага фальклорнага ансабля «Рудабельскія зорачкі». Калі выступае самабыты ансамбль, зала замаўкае, а потым праводзіць юных артыстаў доўгімі апладысментамі. Аніводны канцэрт не абыходзіцца без Варвары Данілаўны. Яна сваёй ігрой на балалайцы ці бубне ўпрыгожвае выступленні. Рухомасці і энергічнасці Данілаўны, якая спявае старадаўнія народныя песні і танчыць, могуць пазайздросціць нават маладыя! І падзякаваць. Бо менавіта так народная культура і традыцыі ўкараняюцца ў новым пакаленні.

Нават і не думала ніколі Варвара Данілаўна ВЕРАС з вёскі Граб’е Акцябрскага раёна, што ў свае 87 гадоў будзе знакамітасцю

Няхай і папулярнасць у бабулі Варкі мясцовая — але якая! Варвара Данілаўна — культурны носьбіт, візітная картка ўзорнага фальклорнага ансабля «Рудабельскія зорачкі». Калі выступае самабыты ансамбль, зала замаўкае, а потым праводзіць юных артыстаў доўгімі апладысментамі. Аніводны канцэрт не абыходзіцца без Варвары Данілаўны. Яна сваёй ігрой на балалайцы ці бубне ўпрыгожвае выступленні. Рухомасці і энергічнасці Данілаўны, якая спявае старадаўнія народныя песні і танчыць, могуць пазайздросціць нават маладыя! І падзякаваць. Бо менавіта так народная культура і традыцыі ўкараняюцца ў новым пакаленні.

Майстар-клас ад бабулі Варкі

— Ой, добра, донька мая, жыву я, — апярэджвае мае пытанні Варвара Данілаўна. — Нарадзілася ў Граб’і і ўсё жыццё пражыла там. Працавала ў школе тэхнічкай. А з песняй мне быць разам, мабыць, лёсам наканавана. Маці мая спявала, а татка і на дудзе граў. Гэтаму ж сёння вучу дзяцей. Не толькі спяваць і танцаваць, але і казкам іх вучу, прымаўкі расказваю, розныя жарты.

Жыццялюбства Варвары Верас сапраўды ўражвае. Вясной гэтага года бабуля перажыла інсульт, а праз тры месяцы… ізноў выйшла на сцэну. Калi прыехала Варвара Данілаўна з бальнiцы, уся вёска Граб’е пляскала ў далонi.

Пражыла жанчына няпростае жыццё. У Вялікую Айчынную пякла партызанам хлеб, цудам не трапіла на работы ў Германію, тры гады насіла ў медпункт роднай вёскі медыкаменты з Акцябрскага. Узгадавала Варвара Данілаўна чатырох сыноў і дачку, мае адзінаццаць унукаў.

— Цяпер жа голаса няма, а раней галасная я была, донечка, — скардзіцца Варвара Данілаўна. — Калі ўнукі нараджацца пачалі, дзеці забралі мяне ў Акцябрскі. Я ўнучка вадзіла тут у школу. Аднойчы святкавалі там яго дзень нараджэння. А ў класе балалайка была. Я кажу: «Дайце мне тую балалайку, я хоць пабачу, што за яна!» Ды як зайграю польку! Усе прысутныя дарослыя здзівіліся, а дзеці — у карагод. Так я пазнаёмілася з кіраўніком новага дзіцячага калектыву Вольгай Дульскай. Яна заўважыла мой талент. Мы пасябравалі.

Спадчыну пераймаюць гуляючы

Цягнецца гэтае сяброўства паміж Варварай Данілаўнай і ансамблем «Рудабельскія зорачкі» амаль з часу заснавання калектыву. Плённа працуе ансамбль з 1995 года. Сённяшнія ўдзельнікі яго на чале з мастацкім кіраўніком Вольгай Дульскай і акампаніятарам Дзмітрыем Бяжковым працягваюць справу, пачатую некалі настаўніцай пачатковых класаў Акцябрскай раёнай гімназіі Тамарай Кругловай.

Сцэнічнае амплуа Вольгі Гаўрылаўны — гарманістка: бацька жанчыны ў дзяцінстве прыахвоціў да гармоніка. Калі толькі пачынаў калектыў, Вольга Дульская, хоць сама родам з Веткаўскага раёна, адшукала сярод жыхароў Акцябршчыны аматараў-гарманістаў, якія паказалі ёй розныя найгрышы — «Рэчанька», «Какетка», «Сербіянка», «Лявоніха», іншыя. Так склаўся рэпертуар калектыву з мясцовага роднага музычнага матэрыялу.

— Да сябе ў ансамбль старалася браць такіх дзетак, каб ці дзед, ці бацька іграў на гармоніку, каб дома быў інструмент. Таму што мае дзеці ў музычную школу не ходзяць. Мы пачынаем вывучаць самі ўсё з нуля, — кажа Вольга Гаўрылаўна. — Так у нас склалася ў калектыве акампаніруючая група гарманістаў «Брачынскія музыкі». Другія дзеці прыходзяць у калектыў і просяцца пець, іншыя — танцаваць. Але ўсё ж амаль палова дзетак і танцуе, і іграе на гармоніках, і пяе.

Канцэртны склад ансамбля — 22 чалавекі. Гэта без ўліку Вольгі Гаўрылаўны Дульскай і бабулі Варкі (яны на сцэне разам заўсёды). Існуе ў калектыве і падрыхтоўчая малодшая група, у якой налічваецца таксама амаль з два дзясяткі дзетак.

Асаблівасць і гонар «Рудабельскіх зорачак» — гэта тое, што ансамбль аўтэнтычны. Гэта значыць, што дзеці пераймаюць фальклор непасрэдна ад народных носьбітаў менавіта такім чынам, як рабілі гэта нашыя продкі. Песні — «голас у голас», ігру на гармоніку — «з рукі ў руку», а танцы прабабулек і бабулек — «з нагі ў нагу». Заўсёды юныя артысты бываюць у творчых краязнаўчых вандроўках па навакольных вёсках. Адначасова дзеці вывучаюць народны касцюм, танцавальны і песенны этыкет, беларускія народныя абрады. Дзеці адразу навучаюцца некалькім відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: саломапляценню, ткацтву, выцінанцы.

Дарэчы, у складзе «Рудабельскіх зорачак» вучні 4—11 класаў. Калектыў зрабіў ужо не адзін выпуск навучэнцаў, некаторыя з якіх, скончыўшы ўніверсітэт культуры, працуюць у сферы культуры, у фальклоры.

— Фальклор — гэта вялікае каханне! — упэўнена Вольга Дульская. — З глыбіннымі хваляваннямі і вялікімі пачуццямі. І калі прыкіпелі да душы гармонь, танцы і песні, значыць, гэта назаўсёды. Жывы прыклад таму — наша Варвара Данілаўна Верас. Праз усё жыццё пранесла жанчына фальклор, беражліва захавала яго ў сваім сэрцы, а сёння перадае новым пакаленням.

Таццяна УСКОВА, «БН»

«САМАБЫТНАЯ нацыянальная культура з’яўляецца адным з краевугольных камянёў у фундаменце беларускай дзяржаўнасці, той непераадольнай сілай, якая аб’ядноўвае ўсіх нас і напаўняе сэрца любоўю да велічнай і прыгожай Айчыны», — менавіта такімі словамі пачынаецца віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі работнікаў культуры нашай краіны. Заўтра мы адзначым прафесійнае свята ўсіх тых, хто сваім «талентам і майстэрствам уносіць важкі ўклад у задавальненне духоўных патрэб грамадства, стварае шэдэўры, дастойныя нашага часу». Прэзідэнт асобна адзначыў, што краіна ганарыцца дасягненнямі работнікаў культуры і будзе заўсёды іх падтрымліваць. «Моцнага здароўя, натхнення, творчых поспехаў, шчасця і дабрабыту!», — пажадаў Аляксандр Лукашэнка творцам.

Такія высокія віншаванні напярэдадні свята тычацца і ўзорнага фальклорнага ансамбля Акцябрскага гарадскога Цэнтра вольнага часу «Рудабельскія зорачкі». Чым адметны гэты аматарскі дзіцячы калектыў, даведалася карэспандэнт «БН».

 Фота Таццяны УСКОВАЙ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter