За плечами преподавателя физики и астрономии гимназии №1 города Мосты Александра Головенко более 20 лет учительской карьеры

Фізіка — гэта характар

Ужо колькі гадоў пасля падвядзення вынікаў ЦТ па фізіцы грамадскасць выказвае папрокі ў адрас школы. Маўляў, вучаць не так, праграмы выкладання дрэнныя. А вось настаўнік фізікі і астра­номіі гімназіі № 1 горада Масты, стыпендыят спецфонда Прэзі­дэнта па сацыяльнай падтрымке адораных навучэнцаў і студэнтаў Аляксандр Галавенка, які пад­рыхтаваў не аднаго пераможцу алімпіяд па фізіцы, перакананы: справа зусім не ў гэтым. І што з наяўнымі заданнямі перавысіць адзнаку ў 70 балаў больш чым рэальна. 



Для гэтага трэба толькі рыхтавацца і любіць гэты прадмет так, як любіць яго сам выкладчык.

За плячыма Аляксандра Юлья­навіча больш чым 20-гадовае служэнне фізіцы, прычым роўна два дзясяткі — у любімай мастоўскай гімназіі № 1, якая стала для яго ўжо роднай. Тут усё — і кіраўніцтва, і, вобразна кажучы, сцены дапамагаюць дасягнуць высокіх вынікаў. «Магчыма, нейкіх заслуг і не было б, калі б не гэтая падтрымка», — кажа суразмоўца. А яшчэ, як ён лічыць, сур`ёзнай дапамогай з`яўляецца самае сучаснае абсталяванне, якое ёсць ў школе і якое неабходна для ўрока. «Кабінету фізікі год таму пашчасцiла трапіць у прэзідэнцкую праграму, — праводзіць экскурсію Аляксандр Галавенка, — і мы атрымалі ўсю гэтую новую мэблю, камп’ютары, інтэрактыўную дошку, тэлевізар, лабараторнае і дэманстрацыйнае абсталяванне».

Не ўсе фізічныя доследы і працэсы можна прадэманстраваць, не ўсе з`явы зразумець у тэорыі. Тут, па словах спецыяліста, важны візуальны складальнік. І сучаснае абсталяванне ўсё гэта дазваляе. Розніцу з моманту мадэрнізацыі заўважылі і ацанілі ўсе. Дэманстрацыйнае абсталяванне мелася і раней, але яно было зношанае, савецкіх часоў. Цяпер настаўнік з лёгкасцю можа прадэманстраваць вучням відэафрагменты, знятыя з космасу. Задзейнічаць на ўроку расійскія навучальныя відэаматэрыялы па фізіцы з дэманстрацыяй вопытаў, многія з якіх у рэальнасці праводзіць небяспечна. «Сёння працэс падрыхтоўкі відэаматэрыялу для ўрока стаў простым і камфортным, — кажа настаўнік. — У цэлым увесь матэрыял дома можна падрыхтаваць і скінуць на флэшку. Вядома, праектар быў і раней, але інтэрактыўная дошка больш зручная. Яе не трэба кожны раз прыносіць, замацоўваць, а потым дэмантаваць. Цяпер кнопку націснуў, з камп’ютара карцінку вывеў — хутка, камфортна, усё пад рукой. Дапамагае таксама ў рабоце мабільны клас, калі кожнаму на ўроку можна даць ноўтбук на парту і працаваць разам з усімі ў сетцы».

Дарэчы, менавіта візуальны складальнік фізічных працэсаў уплывае на цікавасць школьнікаў да гэтага няпростага прадмета. Зрэшты, у гімназіі ёсць і іншая падстава для адмысловага стаўлення да фізікі — гэта сам захоплены выкладчык, які заўсёды знаходзіцца ў пошуку і далучае да яго іншых. Цікава, што лёс самога Аляксандра некалі прадвызначыў яго школьны выкладчык фізікі Станіслаў Карповіч. А першапачаткова малады чалавек мроіў матэматыкай. Аднак фізіка перамагла. І перамагае цяпер, але ўжо пад чулым кіраўніцтвам Аляксандра Галавенкі: гімназія №1 заўсёды з ўзнагародамі конкурсаў і алімпіяд па фізіцы ўсіх узроўняў. Школьнікі ведаюць: выбераш фізіку — не памылішся. Таму на суботні міжшкольны факультатыў любімага педагога хлопцы і дзяўчаты едуць з усіх бліжэйшых і нават сельскіх школ, з 6-га па 11 класы. Тут заўсёды знаходзіцца занятак па інтарэсах для кожнага.

11 образование-гимназия-физика07-181114500.jpg

«У асноўным, — кажа фізік, — мы займаемся даследчай дзейнасцю, удзельнічаем у конкурсах. Зусім нядаўна на абласным мерапрыемстве «Крыштальная альфа» мы ўзялі трэцяе месца. У двух абласных турнірах фізікаў занялі першае і другое месцы. Плануем удзельнічаць у гэтым спаборніцтве і ў гэтым годзе. Адзіная складанасць такіх турніраў у тым, што сёння многія гарады перайшлі на зборныя, куды, як правіла, уваходзяць лепшыя школьнікі з многіх устаноў адукацыі. І толькі мы выступаем самі за сябе».

Аднак гэта не перашка­джае фізікам з гімназіі № 1 быць лепшымі. У гэтым годзе ў даследчых раённых канферэнцыях за імі — першае месца ў Ваўкавыску, першае і другое месцы ў Слоніме, другія месцы ў Лідзе і ў Гродна. За апошнія пяць гадоў на абласных алімпіядах яны заваявалі пяць дыпломаў рознай ступені, на рэспубліканскіх — тры. Практычна з усіх спаборніцтваў, куды іх запрашалі, без перамог не вярталіся. Самі ўдзельнікі прызнаюцца: гэта важна для ацэнкі сваіх магчымасцяў, ведання новых тэндэнцый, зносін з аднагодкамі.

Канешне, яшчэ адной падставай любові да фізіцы для гімназістаў з Мастоў з`яўляецца клопат пра будучыню. Бо паступленне ў самыя папулярныя ВНУ, як правіла, звязана з фізікай. Напрыклад, БДУІР, БНТУ, дзе дастаткова высокія прахадныя балы. І ўсё ж гімназісты паступаюць сюды без праблем. Напрыклад, выпускнік мінулага года Павел Шаўчук набраў на ЦТ па фізіцы 92 балы. У сёлетняй уступнай кампаніі выпускнікі паказалі сярэдні вынік у 70—80 балаў, што вышэй такога ж паказчыка па раёне і вобласці. «Магу адказаць тым, хто наракае ў адрас тэстаў ЦТ, — кажа суразмоўца. — Для тых, хто сапраўды рыхтаваўся да іспыту, яны складанасці не ўяўляюць. Ёсць задачы, разлічаныя на супервучняў, але гэта вельмі малы працэнт. Так што даць адказ на 80 працэнтаўх заданняў больш чым рэальна».

Настаўнік фізікі і астраноміі гімназіі №1 г. Масты Аляксандр Галавенка:

— Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на семінары ў БДПУ імя М. Танка, закрануў нямала праблем, якія хвалююць усіх нас. У прыватнасці, нельга не пагадзіцца, што пры падрыхтоўцы педагога ў ВНУ павінна быць больш практыкі, бо, толькі акунуўшыся ў рэаліі прафесіі, спецыяліст можа зразумець, ці на правільным ён шляху. Тэорыя — гэта добра, але знаёміцца са школай і выкладаннем пасля чацвёртага курса, напэўна, позна. 

Прэстыж настаўніцкай прафесіі неабходна ўзвышаць. Нас турбуе цякучасць кадраў, асабліва маладых. Чаму гэта адбываецца? Мабыць, прычын у гэтай з`явы шмат. Адна з іх — у прафесію прыходзіць нямала выпадковых людзей. І ў гэтым сэнсе льготы пры паступленні для лепшых рабят — пераможцаў алімпіяд, медалістаў, выпускнікоў педагагічных класаў — добрае рашэнне. Мяркую, яно павысіць прыток у прафесію матываваных людзей. Бо гэтыя абітурыенты маюць больш магчымасцей, чым іх аднагодкі, паступіць у любую ВНУ. І калі яны выбралі педагагічную прафесію — гэта свядома. 

Прэзідэнт падняў пытанне аб выхаванні дзяцей. Бацькі часцяком спрабуюць перакласці ўсю адказнасць на школу, тым самым самаўхіляючыся ад выхавання дзіцяці. Але ж гэта няправільна. Так, школа выхоўвае, але ў першую чаргу яна дае веды. Вядома, гэта не азначае, што функцыя педагога абмяжоўваецца сценамі класа. Правільней сказаць, што выхаванне школьніка ў роўнай меры задача як школы, так і бацькоў. І толькі аб`яднаўшы намаганні, мы зможам выхаваць сапраўднага грамадзяніна нашай краіны. 

Вера АРТЭАГА

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter