Фізікі і лірыкі праходзяць тэст

На ўчора для ўдзелу ў ЦТ было пададзена каля 71 тысячы заяў

Толькі аднойчы ў сёлетняй уступнай кампаніі, 19 мая, колькасць тых, хто зарэгістраваўся для ўдзелу ў ЦТ-2014, супала з мінулагоднімі данымі на гэты перыяд. З-за дэмаграфічнай «ямы» колькасць абітурыентаў скарачаецца, і ўжо зараз разрыў з мінулым годам становіцца ўсё больш прыкметным.

На ўчора, расказалі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, было пададзена каля 71 тысячы заяў, хлопцы і дзяўчаты здадуць каля 196 тысяч тэстаў. У мінулым годзе на гэты момант колькасць заяў перавышала 80 тысяч і 230 тысяч тэстаў. Зрэшты у гэтым годзе чакаецца зніжэнне агульнай колькасці ўдзельнікаў уступных выпрабаванняў: каля 100 тысяч супраць 113 тысячаў у 2013 годзе.

Абсалютным лідарам ЦТ стане руская мова, яе пажадалі здаваць больш за 52 тысячы абітурыентаў. Другім нумарам ідзе матэматыка, на якую зарэгістраваліся больш за 43 500 маладых людзей. І завяршае тройку экзамен па фізіцы, які здадуць больш за 20 тысяч чалавек.

Не вельмі інтэнсіўна падаюць дакументы для ўдзелу ў ЦТ на месцах. Як адзначыў намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў, на базе ВНУ зарэгістравана больш за 8 тысяч заяў ад абітурыентаў, што складае ўсяго 45 працэнтаў ад магчымай колькасці. У мінулым годзе да гэтага моманту было прынята на 10 працэнтаў заяў больш. Разам з тым, па словах Вячаслава Малафеева, у ВНУ перакананыя, што апошні тыдзень прыёму дакументаў будзе напружаны. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter