У Вялікім тэатры Беларусі па традыцыі ў шосты раз прайшоў Мінскі міжнародны калядны оперны форум

Фінальны акорд

У Вялікім тэатры Беларусі па традыцыі ў шосты раз прайшоў Мінскі міжнародны калядны оперны форум, які называюць як візітнай карткай тэатра, так і культурным брэндам краіны. У гэтыя ж дні адбыўся і II конкурс вакалістаў.


Як вядома, конкурс маладых выканаўцаў — абавязковы пункт у іміджавай палітыцы буйных тэатраў і тэатральных кампаній. Дзясяткі міжнародных конкурсаў, якія штогод праводзяцца ў свеце, маюць адну і тую ж мэту: знайсці новыя імёны, а таксама дапамагчы маладым і таленавітым выканаўцам асвойваць новыя сцэнічныя пляцоўкі, іншымі словамі, творча “раскручвацца”. У выніку, як правіла, многіх канкурсантаў запрашаюць спяваць у прэстыжныя тэатры свету. Таму і Вялікі тэатр Беларусі — член асацыяцыі Опера Europa, знаходзячыся ў еўрапейскай культурнай прасторы, жыве згодна з нормамі ды законамі, па якіх існуе ўвесь тэатральны свет.


Пераможца конкурсу вакалістаў Надзея Паўлава  (Расія)
На Гала-канцэрце фіналістаў II Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў гледачы змаглі пачуць галасы маладых артыстаў з Расіі, Манголіі, Узбекістана, Малдовы, Украіны і, вядома, Беларусі. Як прызнаваліся члены журы, выбраць лепшага з лепшых было задачай няпростай: артысты, якія прыехалі на конкурс, валодаюць моцнымі, глыбокімі галасамі. У выніку ўладальнікам Гран-пры IІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў стала Надзея Паўлава (Расія), лаўрэатам I прэміі — Міхаіл Малафій (Украіна), лаўрэатам II прэміі — Віктар Мендзелеў (Беларусь), лаўрэатам III прэміі — Алена Сціхіна (Расія).

Адбор фіналістаў праводзіўся ў тры этапы. У першым туры канкурсанты пад акампанемент фартэпіяна выконвалі па адной арыі з прапанаванага арганізатарамі рэпертуару. У другім удзельнікі ўжо выступалі на сцэне тэатра і выконвалі па дзве арыі: з опер рускіх або беларускіх кампазітараў, а таксама арыі з опер  кампазітараў еўрапейскіх. Конкурсная праграма трэцяга тура ўключала ў сябе выступленне фіналістаў у паўна­цэнных сцэнах са спектакляў разам з зоркамі сусветнай оперы ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра. Удзель­нікаў адборачных тураў і фіналу конкурсу ацэньвала міжнароднае журы. Яго ўзначаліў Уладзімір Гры­дзюш­ка, генеральны дырэктар Вялікага тэатра. Склад журы папоўніўся новымі імёнамі — гэта, у прыватнасці, дырэктар Опернага тэатра Рэна (Парыж), прэзідэнт Прафесійнай палаты дырэктараў оперных тэатраў Ален Сюранс. Упершыню будучых зорак сусветнай оперы ацэньваў і генеральны дырэктар Нямецкай оперы на Рэйне Крыстаф Меер, а таксама дырэктар асацыяцыі Опера Europa Нікалас Пейн і рэктар Беларускай акадэміі музыкі Кацярына Дулава. Яны хутка знайшлі агульную мову з тымі членамі журы, хто ўжо не ўпершыню на Калядным форуме ў Мінску. І, зразумела, таксама звярталі ўвагу перш за ўсё на вакал і прафесійнае майстэрства. І, вядома ж, на артыстызм. Бо сучасная опера не такая статычная, як у мінулым, таму манера выканаўцы трымацца на сцэне, яго міміка, жэсты таксама важныя, як і ў драматычным тэатры.

Што ж гледачы? Яны былі практычна аднадушныя ў выражэнні сваёй любові да канкурсантаў. І ў адкрытым галасаванні з натхненнем вырашалі, каму ж дастанецца Прыз сімпатый гледачоў. Пад бурныя апладысменты залы гэтыя ўзнагароды атрымалі пераможцы — Надзея Паўлава і Міхаіл Малафій. Па ўсім было відаць, што публіцы спадабалася і навіна: маладыя артысты ў блі­жэйшай будучыні выступяць у адным са спектакляў Вялікага тэатра Беларусі, а Віктар Мендзелеў — у манрэальскім тэатры “Лірыкарэгра 20”. Спецыяльны прыз беларускаму тэнару ўручыў генеральны і артыстычны дырэктар тэатра “Лірыкарэгра 20” (Канада) Ален Нона. Даведаліся гледачы і аб тым, што Міхаіл Малафій стаў уладальнікам Спецыяльнай прэміі ў Міжнародным конкурсе вакалістаў у французкім горадзе Мармандзе, прычым адразу з 2-га тура! Гэтую ўзнагароду тэнару ўручыў мастацкі кіраўнік музычнага фестывалю “Лірычныя ночы ў Мармандзе” Філіп Местр.


Галоўную жаночую партыю Марфы Сабакінай у оперы “Царская нявеста” выканала салістка Вялікага тэатра Расіі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Венера Гімадзіева.

Так, Вялікі тэатр Беларусі падарыў публіцы незабыўны оперны тыдзень. Традыцыйна ў аснове праграмы гучалі прэм’ерныя пастаноўкі тэатра мінулага года: “Царская нявеста” і “Кармэн” з запрошанымі выканаўцамі, опера “Яўген Анегін” і Канцэрт маладых выканаўцаў “Італьянская страсць” (La canzone italiana), у якім прынялі ўдзел беларускія зоркі — Марыя Шабуня, Юрый Гарадзецкі, Ілья Сільчукоў, Аляк­сандр Раславец.

Венера Гімадзіева, лаўрэат міжнародных конкурсаў, салістка Вялікага тэатра Расіі, бліскуча выканала партыю Марфы Сабакінай у “Царскай нявесце”. Вось як характарызуюць яе голас крытыкі, у чым мы змаглі і самі пераканацца: “Сонечная яркасць і сакаві­тасць тэмбру, зіхоткі бляск і неверагодная палётнасць, празрыстасць верхняга рэгістра, пазбаўленага ўсякай рэзкасці, цеплыня і аксаміцістасць ніжніх нот, лёгкасць і філіграннасць каларатур, багацце тэмбравых фарбаў…”.

Кацярына Шчарбачэнка, лаўрэат міжнародных конкурсаў і таксама салістка Вялікага тэатра Расіі, пакарыла гледачоў партыяй Таццяны ў оперы “Яўген Анегін”, якую сама называе сваім талісманам. Дарэчы, у 2015 годзе яна атрымала прэмію імя М.Калас за лепшы дэбют у прэстыжнай Оперы Даласа — выкананне партыі Іаланты.


Анжаліна Швачка — народная артыстка Украіны — лічыцца адной з лепшых у свеце
выканальніц партыі Кармэн. Фота: Міхаіл Несцераў


Ну а выхад на сцэну Анжаліны Швачкі, народнай артысткі Украіны, прымадонны Нацыянальнай оперы, якая лічыцца адной з лепшых выканальніц партыі Кармэн у свеце, усякі раз выклікаў шквал апладысментаў. І хоць артыстка аб’ездзіла паўсвету, ёй ні разу не даводзілася выступаць перад беларускай публікай. У інтэрв’ю часопісу “Партер”, які выдаецца ў Вялікім тэатры і ў якім больш падрабязна можна прачытаць пра яго культурныя праекты, яна прызналася ў тым, што пераканана: у Беларусі цёплы і душэўны глядач. Ад сябе дадам: які шчодры на падзяку і выдатна разбіраецца ў музыцы.

Фінальным акордам форуму прагучаў заключны Гала-канцэрт ва ўсім яго харастве.

А ў студзені ў ноч з 13 на 14 у Вялікім тэатры грымеў баль. Хто там пабываў хоць бы раз, той узбагаціў сваё жыццё незабыўнымі ўражаннямі. Вялікі баль у Вялікім — гэта шамаценне цудоўных дамскіх сукенак, стылізаваных пад моду мінулых стагоддзяў, вясёлы смех, звон бакалаў, забаўныя розыгрышы, выдатная музыка і самыя розныя танцы — ад вальса да паланэза. І артысты, і музыканты, якія спяваюць ды іграюць для публікі.

Буйны культурны праект Вялікага тэатра, як і Калядны форум, таксама ўжо стаў традыцыяй. Многія гараджане нават не ўяўляюць першы месяц года без гэтага грандыёзнага свята, куды прыязджаюць дамы ў вячэрніх сукенках і пышных спадніцах, а мужчыны — у элегантных касцюмах і нават у смокінгах і фраках. Дарэчы, сёлетні навагодні баль прайшоў пад знакам Старажытнай Грэцыі: гасцей віталі чароўныя музы і, вядома, залатакудры Апалон, бог святла і апякун мастацтваў.


Галоўны хормайстар Вялікага тэатра Ніна Ламановіч:


“Я служу тэатру. Спецыфіка маёй прафесіі не дазваляе вяртацца ўвечары, выкінуць усё з галавы і пачаць займацца хатнімі справамі, не думаючы пра тое, што цябе чакае ў тэатры заўтра. Не! Пасля спектакля: аналізую, што атрымалася, а што, магчыма, пайшло не так, прадумваю план працы на заўтра, пазначаю, пра што не забыцца сказаць на рэпетыцыі. І ад гэтага ўцячы нельга — такая прафесія”

Кацярына Шчарбачэнка — салістка Вялікага тэатра Расіі, лаўрэат міжнародных конкурсаў у оперы “Яўген Анегін”:

“Партыя Таццяны — мой талісман. Дзе б я ні спявала арыю з яе, яна заўсёды выклікае станоўчую рэакцыю слухачоў.”

Міхаліна Чаркашына
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter