«Філасофія» дзеда Iгната

«Бульба, як баба: чым яе часцей шавеліш, тым яна лепшая»

Гарманічная цесная сувязь з зямлёй, жывой прыродай, адносная ізаляцыя ад знешняга свету і інфармацыйная абмежаванасць спрыялі ў мінулым з’яўленню ў сялянскім асяроддзі людзей-«натурыстаў» — інтэлектуалаў, не сапсаваных цывілізацыяй.

Нельга сказаць, што іх было шмат, але хоць адзін у кожнай вёсцы ды быў.

У нашай такім «натурыстам» быў дзед Ігнат. Таму кожны раз, калі бываў у роднай вёсцы, я абавязкова стараўся як бы незнарок сустрэцца з ім, бо слухаць яго было адно задавальненне.

Справа ў тым, што дзед Ігнат на ўсе рэчы, з’явы і людскія ўчынкі меў свой уласны і вельмі часта даволі арыгінальны погляд.

...Аднойчы, калі мы з дзедам вялі каля ягонай хаты нетаропкую гутарку, міма нас з дзіцячай каляскай прайшла маладая дзяўчына, з ліку тых даверлівых дурніц, якія прыносяць дзетак у прыполах.

Ігнат правёў яе вачыма, а затым, узважваючы кожнае слова, сказаў: «Вось бывае так, што ці болт да гайкі не падыходзіць, ці гайка да балта, а тут — бач ты, падышло».

Я засмяяўся. Дзед хацеў яшчэ нешта сказаць, але ў гэты момант міма нас праехала нагружаная цэглай машына, і ў ягонай хаце зазвінелі шыбы ў вокнах.

— І што, кожны раз у цябе так звіняць вокны? — спытаў я.

— Ад кожнага, — адказаў Ігнат, — бо мая хата без адвеса.

— Як гэта? — здзівіўся я.

— Вось ты зараз смяяўся, а жывот твой не тросся, а толькі грудзі. А ты паглядзі калі-небудзь, як смяюцца бабы: у іх жа жывот хадуном ходзіць. А зразумеў, чаму?

— Здаецца, зразумеў, — смеючыся, адказаў я.

На наступны дзень я сустрэў дзеда Ігната, калі ён выйшаў, прабачце, з грамадскай прыбіральні, што была за калгаснай канторай.

— Я разумею, — звярнуўся ён да мяне, — што з вялікай адтуліны наліць ці насыпаць чаго-небудзь у малую — справа складаная, а тут жа з малой у вялікую папасць не могуць. Не людзі, а нейкія мімаходы, каб іх халера!

«Халера» — гэта была самая моцная дзедава лаянка. Іншых брыдкіх слоў ён не ўжываў, бо лічыў гэта вялікім грахом. І не блюзнерыў ён ніколі, а вось пра папоў ды ксяндзоў баек ведаў шмат.

— Ці ведаеш ты, чаму ў каталікоў Пасха называецца на польскі лад — Веліканоч, а ў праваслаўных беларусаў — Вялікдзень? — спытаў дзед аднойчы ў мяне.

— Ну, чаму?

— А вось чаму: ксёндз, як ты ведаеш, жонкі не мае, спіць адзін у халодным ложку, ніяк дня не можа дачакацца, і ўсю ноч бармоча: «Велька ноч! Велька ноч!»

А поп — жанаты, таму дзень яму здаецца вельмі доўгім, вось ён і бармоча ўвесь дзень: «Вялік дзень! Вялік дзень!» Зразумеў? — з усмешкай спытаў Ігнат.

— Ну што ж тут не зразумець, — засмяяўся я, — усё лагічна.

— Ну, я пайшоў, — раптам схамянуўся дзед. — Трэба бульбу абагнаць.

— Ты ж яе, здаецца, на мінулым тыдні абганяў, — усунуў я «свае тры капейкі».

На што Ігнат тут жа выдаў чарговую «логіку».

— Запомні: бульба, як баба: чым яе часцей шавеліш, тым яна лепшая.

Я пагадзіўся і дадаў:

— Каб ты, дзед, у свой час атрымаў добрую адукацыю, то, напэўна, быў бы знакамітым філосафам.

— Каб у цёткі было тое, што ёсць у нас з табой, то яна б была дзядзькам, — смеючыся, адказаў дзед Ігнат і, заклаўшы рукі за спіну, павольна пайшоў за канём, каб у чарговы раз «пашавяліць» бульбу.

...Даўно ўжо няма на свеце дзеда Ігната з яго самабытнай логікай. І ці будуць яшчэ калі-небудзь у нашых вёсках падобныя самародкі? Наўрад, бо ў інфармацыйным моры нараджаюцца новыя самародкі — індзіга, а гэта ўжо нешта зусім іншае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter