Кроссбукинг-библиотека и этнографический музей: как житель деревни рядом со Слуцком помогает своим землякам

Эцюд у вясковых тонах

Раней практычна ў кожным пасёлку быў свой цэнтр прыцягнення: Дом культуры, клуб, бібліятэка... Зараз жа далёка не ўсе малыя населеныя пункты маюць цэнтры вольнага часу, дзе мясцовыя жыхары могуць удосталь пагутарыць адзін з адным. Часцей за ўсё вяскоўцы і дачнікі сустракаюцца і абменьваюцца навінамі ля крамы альбо аўталаўкі, а то і проста на лавачцы каля чыйго-небудзь дома. Зрэшты, ёсць у нас вёскі, дзе дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў з’явілася магчымасць для правядзення вольнага часу. Напрыклад, населены пункт Бязверхавічы пад Слуцкам. Не так даўно тут з’явіліся краязнаўчы цэнтр і прыватная бібліятэка. Іх стваральнік Леанід Гапановіч лічыць, што такога роду ініцыятывы вельмі важныя для яго землякоў. Карэспандэнт «Р» сустрэлася з ім і пагутарыла пра турыстычны патэнцыял раёна, аднаўленне калекцыi i літаратурныя прыхільнасці сельскіх жыхароў.

Музей Леаніда ГАПАНОВІЧА наведалі ўжо больш за тысячу чалавек.

Ад Пушкіна да Стывена Кінга

Бязверхавічы расцягнуліся ў адну доўгую вуліцу, і здаецца, што пасёлак гэты ўжо ператварыўся ў адзін з мікрараёнаў Слуцка, таму што з зайздроснай рэгулярнасцю ходзіць у гэтым кірунку аўтобус. Дабрацца сюды любы падарожнік можа лёгка нават без аўтамабіля.

Леанід Гапановіч у вёсцы — зорка мясцовага маштабу. Яго без перабольшання ведаюць усе.

— А вы, напэўна, у бібліятэку прыехалі? — цікавіцца ў мяне прадаўшчыца з крамы Белкаапсаюза. — Знайсці Леаніда Аляксандравіча проста — трэба прайсці з паўтара кіламетра па галоўнай вуліцы.

Ярка аформлены двор Гапано­вічоў сапраўды абмінуць складана. Увесь ён абстаўлены барэльефамі і манументамі камуністычных лідараў. Гаспадар сустракае нас з усмешкай і ветлівасцю, адчыняе дзверы сваіх культурных апартаментаў з прыказкай:

— Лепш сто сяброў, чым сто рублёў. Калі пра гісторыю кожнага прадмета ў калекцыі расказаць, месца ў газеце не хопіць. Скажу толькі, што ўсё гэта — у гонар маіх унучак Сафіі і Лізаветы. «Прыватны музей Лізаветы» працуе для гасцей вось ужо пяты год. А вясной прыдумаў бібліятэчны кіёск «У Сафіі».

Цяпер мясцовым жыхарам і дачнікам не трэба думаць, дзе знайсці літаратуру для чытання. Бібліятэка працуе па выхадных з 10.00 да 18.00.

Бiблiятэка Гапановіча пакуль адзiная такая ў краiне. На паліцах яе сабрана больш за 2000 кніг з асабістага архіва гаспадара, а таксама яго сяброў i іншых жыхароў Слуцка. Жанры сустракаюцца ўсе — класіка, дзіцячая літаратура, фантастыка, прыгоды, гістарычныя раманы, кнігі па ваеннай тэматыцы. Ёсць нават свежыя газеты і часопісы. Суразмоўца працягвае:

— Цяпер якраз займаюся ўпарадкаваннем кніг. Мая бiблiятэка асаблiвая — тут можна рабіць абмен, прасцей кажучы, кросбукінг — гэта калі вы мяняеце непатрэбную прачытаную кнігу на любую іншую з маёй бібліятэкі.

Ідэя бiблiяабмену ўзнікла ў жыхара Бязверхавічаў не на пустым месцы.

— Падвозіў неяк у горад аднавяскоўку, якая ехала ў слуцкую бібліятэку, і задумаўся: у нас бібліятэкі ўжо няма некалькі гадоў. Яе проста зачынілі. Чытаць людзям няма чаго, а старых, ужо прачытаных кнiг па хатах хапае. Паралельна з гэтым пачуў пра кросбукiнг. Уласна кажучы, настолькі простая ідэя абмену мяне так уразіла, што я зразумеў — трэба і ў нас такое ж арганізаваць! Вельмі хутка знайшоў аднадумцаў.

Добрую справу падтрымалі. Цяпер мясцовым жыхарам і дачнікам не трэба думаць, дзе знайсці літаратуру для чытання. Бібліятэка працуе па выхадных з 10.00 да 18.00.

Бібліятэка атрымалася хоць і малой, але ўсё ж жанрава багатай. Леанід працуе над паляпшэннем праекта. Ён гартае бібліятэчны журнал і каментуе:

— Абанементаў і картак я спецыяльна не рабіў. Усё пабудавана на даверы. Ёсць журнал, у якім чытачы адзначаюць кнігі, што бяруць дадому і вяртаюць, пазначаючы пры гэтым даты. Хоць у нас і век інтэрнэту, можна запазычыць інфармацыю з сеціва, але ўсё роўна людзі прыходзяць за сапраўднай кнігай з вялікім задавальненнем. Пагадзіцеся, зусім іншыя адчуванні ад папяровага носьбіта.

У планах Леаніда размяс­ціць у кампактнай па плошчы бібліятэцы некалькі крэслаў, як у чытальнай зале.

Асаблівую цікавасць экспанаты выклікаюць у дзяцей.

Больш за тысячу наведвальнікаў

Ініцыятывы і творчасці ў Леаніда не займаць. Ужо даўно для наведвальнікаў працуе яго народны хатні «Музей Лізаветы». Пры адкрыцці ў 2014 годзе яго асвяціў настаяцель слуцкага храма Дабравернага Князя Аляксандра Неўскага Сяргей Рында. Экспазіцыю наведалі ўжо больш за тысячу чалавек.

Асаблівую цікавасць экспанаты выклікаюць у дзяцей. Мясцовыя школьнікі даўно ўжо ацанілі разнастайнасць выставачнай калекцыі «музея iмя дзядзькі Лёні», як яны яго называюць. Чаго тут толькі няма: музычныя інструменты, фотаапараты, тэлефоны, радыёмагнітолы, шалі, будзільнікі, зброя, прадметы інтэр’ера, гадзіннікі, розныя прадметы побыту сялян. Ёсць нават ёлачныя цацкі са шкла, старадаўняя дзіцячая калыска на рысорах...

Дзіўна, як удалося сабраць такія рэчы ў адным месцы. Арганізатар музея сціпла тлумачыць:

— Гэта ў многім заслуга неабыякавых сяброў, радні, проста знаёмых. Абрастаў экспанатамі паступова. Іх ужо больш за тысячу. Профіль музея гісторыка-краязнаўчы, этнаграфічны. Мэтай маёй было паказаць і расказаць, як жылі нашы продкі, якімі прадметамі і прыладамі карысталіся ў побыце ў XVII — пачатку XX стагоддзя.

Экспазіцыя, вядома, для гасцей цалкам бясплатная і размяшчаецца ў трох тэматычных пакоях. Інакш бы атрымаўся проста склад непатрэбных рэчаў. У сенцах галоўнай хаты знаходзяцца ў асноўным дарагія сэрцу бацькоўскія рэчы. У пакоі размешчаны прадметы хатняга ўжытку, прылады для працы, бандарныя вырабы, рэчы з лазы і саломы. Некаторыя прадметы ўвогуле ўражваюць практычнасцю нашых продкаў. Напрыклад, у калекцыі Леаніда можна сустрэць такое прыстасаванне, як разак для торфу.

У другім памяшканні экспазі­цыя сельскай хаты — дзедаўскі куток. Тут стаяць старадаўнія шафа, ложак, крэслы, куфар, калыска і дзіцячы хадунок. Усё можна ў гэтым сялянскім інтэр’еры памацаць, пасядзець тут, зрабіць памятныя фатаграфіі. У трэцім пакоі — тэматычныя куткі: ваенны, музычны і савецкі (са сцягамі, значкамі, рознымі атрыбутамі савецкага мінулага). У двары стаяць савецкія помнікі, барэльефы, сячкарні, воз на драўляных колах, сані, сенакасілка на коннай цязе... Гэта месца таксама цалкам падыходзіць пад гульнявую зону. Малым будзе цікава павесяліцца ў такім незвычайным дворыку, школьнікам — пасядзець за партай, дарослым — пагуляць у шахматы.

— Сёння мала ведаць гісторыю малой радзімы, свае карані, трэба яшчэ ўсё гэта любіць, захаваць прадметы мінулага і народныя традыцыі для маладога пакалення. Ёсць жа мудрая прыказка — без мінулага няма будучыні, — упэўнены Леанід.

shimuk@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter