
Адна з публікацый у “ГР” пра дырэктарку па культуры грузінскай суполкі “Беларускія сябры” — “Як настаўнік настаўніку” (15.01.2015). Тады, да 55-годдзя Дома-музея Якуба Коласа, Лідзія Пятроўна перадала кнігу Тараса Гушчы “На прасторах жыцця” (1928) з аўтографам аўтара сябру: “Дарагому Аўгэну Васiльевiчу Астроўскаму на памяць аб Нясвiжскай семiнарыi ад Якуба Коласа. 9.I.1929 г.”. Як вядома, Тарас Гушча — адзін з літаратурных псеўданімаў Песняра. А Яўген Астроўскі — дзядуля спадарыні Лідзіі. Кніга знаходзілася ў музеі часова, цяпер назаўсёды перададзена яму ў дар.
“Дзядуля не любіў расказваць пра сябе, — згадвае госця з Тбілісі. — Але ж мы ведаем: з Канстанцінам Міхайлавічам ён вучыўся. Сябравалі, бывалі адзін у аднаго ў гасцях, перапісваліся...”. Колас віншаваў сябра, калі той стаў заслужаным настаўнікам Беларусі. Дарэчы, Яўген Астроўскі першым у краіне атрымаў такое званне.
У артыкуле Вольгі Кісляк “Реликвии из шкатулки” (“СБ. Беларусь сегодня”, 9.04.2010) знайшла: “Папа сам к нему ездил, — рассказывала Лариса Лярская (маці Лідзіі Шацірышвілі. — Рэд.). — Они познакомились в Несвижской учительской семинарии… Моего отца и молодого Мицкевича многое тогда объединяло. Оба были из среды безземельных крестьян-арендаторов, стремились к знаниям, участвовали в сходках семинаристов. Правда, о том, что папа дружил с Коласом, мы, его дети, узнали, когда в школе учили стихи классика. Стали расспрашивать отца, но он — человек замкнутый, козырять дружбой со знаменитостью не хотел. Привык всего в жизни добиваться сам и нас этому учил”. Працаваў Яўген Васільевіч у школе мястэчка Журавічы (Рагачоўскі раён Гомельшчыны), выкладаў фізіку і матэматыку. “Многія ведалі пра ягоны педагагічны талент, — працягвала Лідзія Пятроўна. — Ехалі, бывала, людзі, пыталі там дарогу. І як чулі, што трапілі ў Журавічы, казалі: “Ведаем-ведаем. Тут настаўнік — Астроўскі!”. Ларыса Яўгенаўна са школьных гадоў сябравала з пісьменнікам Андрэем Макаёнкам, у саламянай скарбонцы да канца жыцця захоўвала ягоныя пісьмы, фотаздымкі.
Расказвала Лідзія Пятроўна і пра бабулю, Лідзію Грудзінскую, у гонар якой яе назвалі. Тая была настаўніцай малодшых класаў, прычым вельмі прыгожаю. Брат бабулі, Пётр, служыў настаяцелем Мікалаеўскай царквы ў Цімкавічах (цяпер Капыльскі раён). У час рэпрэсій не адрокся ад веры і быў расстраляны ў Слуцку ў 1930 годзе. А ў 1999-м кананізаваны Беларускай праваслаўнай царквой.

Фота: Іван Ждановіч
Бацька Лідзіі Шацірышвілі, Пётр Лярскі, — вядомы педагог (працаваў у Магілёўскім універсітэце), географ, краязнаўца. На пачатку 2013-га ў Магілёве адзначаліся яго 95-я ўгодкі. Пётр Аляксеевіч быў аўтарам падручнікаў па прыродазнаўстве, якія не раз перавыдаваліся, актыўна займаўся грамадскай, прыродаахоўнай дзейнасцю. Выкладала геаграфію спачатку ў школах, пасля ва ўніверсітэце і маці субяседніцы, Ларыса Яўгенаўна. Сама Лідзія Пятроўна — біёлаг па адукацыі, шмат гадоў працавала ў Магілёве. Яе брат Сяргей — геолаг. У адной з публікацый за 2013 год знаходзім: Сяргей Пятровіч працуе ў сістэме “Росатом”, узначальваў геалагічныя вышукі пад будаўніцтва Беларускай АЭС пад Астроўцом.
Надзелены талентамі дочкі Лідзіі Пятроўны: Наталля і Тамара. Старэйшая жыве ў Грузіі, закончыла Тбіліскі тэхнічны ўніверсітэт, англамоўную аспірантуру па эканоміцы, працуе ў кампаніі “Міжнародны вопыт для Грузіі”, валодае грузінскай, англійскай, іспанскай і турэцкай мовамі. Малодшая закончыла мастацкую школу, факультэт дызайна ў Еўрапейскім дзяржуніверсітэце ў Вільнюсе. Працуе ў адным з мінскіх салонаў прыгажосці: робіць папулярнае сёння тату.
У Грузію Лідзія Шацірышвілі пераехала ў 80-я гады, выйшаўшы замуж. Суполка “Беларускія сябры” існуе ў Тбілісі з 2010 года, там яна — дырэктарка па культуры. Супляменніца ладзіць тэматычныя вечары, прысвечаныя беларускім пісьменнікам, музыцы, архітэктуры, турызму. У юбілейны год Янкі Купалы і Якуба Коласа у планах беларусаў Грузіі — арганізаваць выставу ў іх гонар, нават зняць дакументальны фільм. Бо, як вядома, абодва пісьменнікі не раз адпачывалі на грузінскіх курортах, пасля прысвячалі вершы гэтай краіне.
Паводле перапісу 2004 года ў Грузіі жыве каля 600 беларусаў, і штогод тысячы турыстаў з Беларусі там бываюць. Лідзія Пятроўна з задавальненнем сустракаецца з імі, для ахвочых ладзіць экскурсіі па Тбілісі, прадмесцях сталіцы. Адкрыты ў горадзе і два фірмовыя беларускія магазіны, у якіх можна набыць мяса-малочную прадукцыю, кансервы, цукеркі. Магазіны вельмі папулярныя: часам прылаўкі нават пусцеюць! Заўсёды купляе там малако для ўнука Ільюшы і сама Лідзія Пятроўна.
Напярэдадні Новага 2017 года ў Грузіі адкрылася Амбасада Беларусі, і сёлета ў Грузіі Год культуры Беларусі. Таму Лідзія Шацірышвілі спадзяецца: пра яе родную краіну там будуць ведаць больш. Запланаваны і гастролі ў Тбілісі вядомых беларускіх творчых калектываў.
Кацярына Мядзведская
Голас Радзімы № 12 (3516), чацвер, 23 сакавіка, 2017 у PDF