Сёння газіфікаваныя ўсе 118 раёнаў Беларусі і ўсе 113 гарадоў

Эстафета газавага факела

Першы магістральны газаправод Урангой — Памары — Ужгарад прайшоў цераз Беларусь больш як 30 гадоў таму. Мільярды кубічных метраў газу з Заходняй Сібіры праз экспартную артэрыю, пракладзеную цераз нашы палі, пабеглі да спажыўцоў у Еўропу. Аднак чыстае і недарагое паліва абыходзіла бокам не толькі беларускія вёскі, але і буйныя гарады. Маштабная газіфікацыя ў краіне пачалася ў сярэдзіне 90-х. Былі прыняты дзяржаўныя праграмы. На іх рэалізацыю з бюджэту выдзяляліся і выдзяляюцца вельмі вялікія сродкі. І вось вынік: сёння газіфікаваныя ўсе 118 раёнаў краіны і ўсе 113 гарадоў. Доступ да “блакітнага паліва” маюць больш за 70 працэнтаў гараджан і амаль 54 працэнты вяскоўцаў. У Брэсцкай вобласці, да прыкладу, звыш 10 тысяч кіламетраў артэрый нясуць бытавы камфорт у вёскі і аграгарадкі, у жылыя дамы гарадоў і ў цэхі прадпрыемстваў. Увесь маштаб гэтай сухой лічбы можна ўявіць, калі паглядзець карту свету. За пару дзясяткаў гадоў брэсцкія газавікі, вобразна кажучы, адолелі адлегласць паміж Брэстам і Уладзівастокам.


Знакаміты радок “А у нас в квартире газ!” з верша Сяргея Міхалкова маглі б прамовіць і тысячы жыхароў Палесся. Газаправоды-адводы дабраліся нават да аддаленых ад цэнтральных дарог паселішчаў. Да пацярпелых ад Чарнобыля вёсак, дзе дровы — сама небяспека.

Мікалай Адамавіч і Марыя Рыгораўна Сінкевічы з вёскі Баяры Пінскага раёна клічуць мяне ў дом. У чысцюткай гасцінай (у зале, як гавораць вяскоўцы) — паўсюль вышыўка гаспадыні. На канапе, на падушках, на стале, вышыты ручнік упрыгожвае ікону ў куце. Марыя Рыгораўна бярэ ў рукі пяльцы свабоднымі зімовымі вечарамі:

— Печка не давала такога цяпла. Пакуль прынясеш дровы, распаліш — сілы сыходзяць. А цяпер уключыла газ, села каля акенца — і вышываю.

Мікалай Адамавіч падтаквае гаспадыні:

— Дровы нарыхтоўваць мне не пад сілу, таму што 74 гады ўжо. Мінулую зіму — першую ў жыцці — правялі як у адпачынку.

Газ у Баяры прыйшоў у канцы мінулага года. Галіна Шпакоўская, гаспадыня прыгожага дома, які знаходзіцца на ўскраіне сяла, лічыць, што вёска ўсяго за паўгода змянілася:

— Чысціня! Адразу ўсе ванны і туалеты ў дамах прыняліся ўсталёўваць.

Цікаўлюся, ці цяжка вяскоўцам паднімаць расходы па газіфікацыі? Галіна Шпакоўская гаворыць, што ўсе дружна пагадзіліся, нягледзячы ні на што:

— Стварылі кааператыў, аформілі дакументы. У вёсцы 70 працэнтаў кошту бярэ на сябе бюджэт, а 30 — мы. Атрымалі льготныя крэдыты. Справіліся.

Кіраўнік “Пінскрайгазу” Аляксандр Сінкевіч правёз мяне па Баярах. Невялікая вёска. Каля сотні жыхароў. Лічылася неперспектыўнай, а цяпер адкрылася ў вёскі другое дыханне. Мясціны — любата. Рэчка Ясельда, луг, лес. Газ прынёс новыя перспектывы. Гараджане, якія стаміліся ад кватэр-клетак у шматпавярхоўках, могуць будавацца ў Баярах. Як, да прыкладу, скульптар і жывапісец Сяргей Жылевіч. З Пінска ён з’ехаў, вярнуўся ў вёску продкаў і на дзедаўскім падворку ўзвёў сваімі рукамі дом. Па яго праекце вяскоўцы самі паставілі царкву. У сябе на сядзібе Жылевіч стварыў цудоўны казачны сад скульптур пад адкрытым небам. Зайшлі (брамка ў двор не зачынена, хоць гаспадароў не оказалася дома). Яркім жоўтым колерам вылучаецца скрынка з газавым лі­чыльнікам — ёсць газ! І цудоўны пейзаж не сапсаваны, і выгода ў доме.

Вёска Любель трошкі зайздросціць суседзям. Але ў бліжэйшы час туды таксама павінен прыйсці газ — трубаправод цягнуць з Баяраў. Газавікі працуюць, як ювеліры. На адной вуліцы траншэю капае магутны экскаватар, на другой — мініяцюрная машына. Ніхто шырокіх магістраляў газавікам не дае. Сельгас­угоддзі чапаць нельга. Абочыны дарог таксама. Прыходзіцца лавіраваць.

Аляксандр Сінкевіч расказвае пра поспехі:

— З пачатку газіфікацыі (а на Піншчыну яна прыйшла ў 2001 годзе) газ атрымалі 24 вёскі. Пераведзена на прыродны газ 4.187 прыватных дамоў. Асабліва рады гэтаму ў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС населеных пунктах. Суседні Іванаўскі раён газіфікаваны пакуль слабей за Пінскі, але ў газавікоў планы вялікія. У канцы мінулага года жыхары вёскі Тышкавічы атрымалі доўгачаканы падарунак — газаправод. Вёска аддаленая. Вялікая. Амаль 1,3 тысячы жыхароў. Праўда, “блакітнае паліва” прыйшло пакуль толькі ў два дамы. Галоўны інжынер раённага ўпраўлення газавай гаспадаркі “Іванаварайгаз” Іван Ігнатавец тлумачыць, бачачы маё здзіўленне:

— Газ падвялі да вёскі. Сфарміраваўся кааператыў забудоўшчыкаў. І пасля ўсіх неабходных праектных узгадненняў, пасля будаўніцтва размеркавальнага газаправода і ўводаў газ прыйдзе ў дамы.

Лідзія Міхайлаўна Каткавец, гаспадыня першага сельскага дома, дзе газ ужо ёсць, задаволена:

— Што хаваць, мяне ўгаворваць прыйшлося. А цяпер спаўна ацаніла перавагі. Як цяпер добра, калі пліта працуе бесперабойна! Улетку газавы балон ішоў за месяц. Цяпер — сезон закатак, варэння. Сына рыхтуюся ажаніць. Вару, пяку — і ніякіх пытанняў. Дзякуй!

Значную частку газаправода — больш за 4 кіламетры — да Тышкавічаў пусцілі пад рэчышчам ракі Ясельды і па яе балоцістай пойме. Іван Ігнатавец тармозіць аўтамабіль ля абмялелай ад спякоты рэчкі:

— Спачатку хацелі кароткім шляхам пайсці. Але аказалася, можам уперціся ў стаянку старажытнага чалавека. Пайшлі цераз раку і пойму. Прыцягвалі для работ спецыяльную тэхніку з Брэста.

Брэстчына — адзін з лідараў у Беларусі па газіфікацыі аграгарадкоў: 69,8 працэнта ад іх агульнай колькасці ўжо атрымліваюць прыродны газ. У Іванаўскім раёне праектуецца падводны газаправод да аграгарадка Дастоева. Іван Ігнатавец паказаў мне, як газ пойдзе ў вёску, адкуль вядзе свой радавод аўтар “Братоў Карамазавых”.

Задаю Івану Раманавічу пытанне, якое сёння хвалюе вяскоўцаў. Як можна “разбіць” затраты на абсталяванне? Іван Ігнатавец кліча жыхароў раёна ў спецыялізаваны магазін:

— У нас можна выбраць, заказаць кацёл любой упадабанай маркі. Можна ўзяць у крэдыт або аформіць растэрміноўку плацяжу. Тое ж і з абсталяваннем. Так, газавыя катлы нятанныя. Але як толькі з’яўляецца магчымасць перайсці на газ, людзі робяць усё магчымае, каб падключыцца. Адна справа націснуць кнопку аўтаматычнага газавага ацяпляльніка, які падтрымлівае патрэбную тэмпературу, уключаецца і выключаецца без удзелу чалавека. Зусім іншая справа — купіць дровы або торфабрыкет, разгрузіць, скласці, потым прынесці ў дом, кінуць у топку, сачыць, каб агонь не згас...

Узровень газіфікацыі — гэта адзін з паказчыкаў узроўню жыцця ў краіне, гавораць газавікі. Жыхары амаль 4 мільёнаў беларускіх кватэр і дамоў з такім меркаваннем згодныя.


Кампетэнтна


Аляксандр Прастакоў, намеснік генеральнага дырэктара “Белтапгаз”:

— Беларусь па ўзроўні газіфікацыі — у ліку перадавых краін. Працягласць сетак прыроднага газу ў нас большая за 53,7 тысячы кіламетраў, у тым ліку 29,3 тысячы кіламетраў — у сельскай мясцовасці. За першае паўгоддзе 2015-га прыродны газ упершыню атрымалі 30 аграгарадкоў і вёсак. Арганізацыі “Белтапгазу” ўдзельнічаюць у рэалізацыі некалькіх дзяржаўных праграм па газіфікацыі. Адна з іх — Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады. Вядзецца газіфікацыя прыватных дамоў у раёнах Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей, размешчаных на забруджаных радыенуклідамі землях. Па гэтай праграме, у прыватнасці ў Брэсцкай вобласці, уведзена ў эксплуатацыю 77,8 кіламетра падводных газаправодаў. На работы выдзелена 45,8 мільярда рублёў, у тым ліку 45,3 мільярда — з рэспубліканскага бюджэту, уключаючы інавацыйны фонд Мінэнерга. Не менш актыўна працуем над выкананнем Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. На будаўніцтва ўжо накіравана 47 мільярдаў рублёў.

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter