Творчасць аднаго з найбольш вядомых тэатральных мастакоў ХХ стагоддзя прадстаўлена ў Мінску

Эскізы сусветнага значэння

У  Дзяржаўным лiтаратурным музеі Янкi Купалы сёння адкрываецца выстаўка «Сцэнаграфія Мсціслава Дабужынскага». У цэнтры ўвагі — творчасць аднаго з найбольш вядомых тэатральных мастакоў ХХ стагоддзя.

Эскіз дэкарацыі да оперы «Пікавая дама».

Літовец па бацьку, рускі па маці, Мсціслаў Дабужынскі (1875—1957) нарадзіўся і жыў у Расіі, затым у Літве, Амерыцы, шмат гадоў правёў у еўрапейскіх краінах — Англіі, Францыі, Італіі. Яго творчы і жыццёвы шлях цесна звязаны з вядомымі дзеячамі культуры — Маркам Шагалам, Львом Бакстам, Сяргеем Дзягілевым. Мастак браў удзел у арганізацыі Віцебскага мастацкага вучылішча, быў першым яго дырэктарам.

У 1925 годзе атрымаў літоўскае грамадзянства, пастаянна жыў у Каўнасе, уключыўся ў культурнае жыццё: арганізоўваў персанальныя выставы, удзельнічаў у выставах літоўскага мастацтва.

Важнае месца ў творчасці Мсціслава Дабужынскага займае сцэнаграфія. Ён аўтар эскізаў касцюмаў і дэкарацый да 38 пастановак Дзяржаўнага літоўскага тэатра. На выстаўцы максімальна поўна прадстаўлены арыгіналы твораў мастака з калекцыі Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно — самай буйной у Літве. У 2009 годзе гэты збор быў прызнаны дакументальнай спадчынай сусветнага значэння, уключаны ў літоўскі нацыянальны рэгістр праграмы ЮНЕСКА «Сусветная спадчына».

Гледачы ўбачаць эскізы да «Пікавай дамы» П. Чайкоўскага, «Барыса Гадунова» М. Мусаргскага, «Гамлета» Ю. Груодзіса, «Князя Ігара» А. Барадзіна. Адзін з найлепшых прыкладаў творчасці — сцэнаграфія да оперы «Радвіла Пяркунас» Юргіса Карнавічуса (1937), у якой мастак перанёс на сцэну архітэктурныя матывы Вільні і паказаў разнастайнасць старадаўніх строяў Літвы.

Важнай падзеяй у межах выставачнага праекта стане знаёмства з творамі Мсціслава Дабужынскага з прыватных калекцый, якія захоўваюцца ў нашай краіне, многія з якіх экспануюцца ўпершыню.

Ірына ЮР’ЕВА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter