У вёсцы Моталь Іванаўскага раёна ў сёмы раз адгуляў-адшумеў фестываль ежы “Мотальскiя прысмакi”

Ешце, госці дарагія!

У вёсцы Моталь Іванаўскага раёна ў сёмы раз адгуляў-адшумеў фестываль ежы “Мотальскiя прысмакi”


Сонца паліла бязлітасна, але самая смачная падзея Брэсцкай вобласці сабрала ў старажытнай вёсцы тысячы гасцей. І два дні трымаў смачны фэст у напружанні ўсіх мотальскіх гаспадынь. Кожная спяшалася падзяліцца арыгінальным рэцэптам. Сакрэты? Ды ну! Іх захоўвалі да таго моманту, пакуль не выставілі гаршкі і міскі на сталы. Маталянкі імкнуліся паказаць сябе захавальніцамі палескай кухні. Не столькі перад турыстамі, як адна перад другой.

Мы з калегамі паспрабавалі вылу­чыць некалькі мотальскіх страў, якія абавязкова трэба паспрабаваць. На першым месцы, зразумелая рэч, шурпа па-мотальску. Галоўная фішка сытнага супу — паэтапнае варэнне сэрца, нырак, лёгкага і печані плюс пасераваная гародніна. Потым — каравай. Пончыкі. Далей — грэчка, запечаная ў гаршку. Прасяная каша. Бульбяная бабка з кавалачкамі сала. Апетытныя дранікі з фасоляй. Тушаныя бабы з цыбуляй і морквай. Хатнія каўбасы. Вэнджаны шчупак. Сыры. Мясныя далікатэсы, у тым ліку кашэрныя (цалкам натуральная цікавасць да традыцыйнай яўрэйскай кухні, стравы якой некалі гатавалі ў гэтых краях)...

Скажаце, нічога незвычайнага? Не пагаджуся. Усё прыгатавана з экалагічна чыстых прадуктаў. У печы. А як абстаўлена! Як паднеслі маталянкі свае “прысмакi”! Тут ім няма роўных.

Той, хто быў на свяце ўпершыню, вачам сваім не верыў. Расіянка Ірына Волкава, якая гасцюе ў сваякоў у Драгічынскім раёне, не пераставала здзіўляцца:

— Неверагодна, што такія далікатэсы робяць у вёсцы!

Моталь — нейкае магічна прывабнае для бізнесу месца. У вёсцы з чатырма тысячамі насельніцтва ўжываецца цэлы шэраг падобных вытворчасцяў: 67 прадпрымальнікаў, каля 40 гандлёвых пунктаў. Адкуль у маталян дзелавая жылка? Мясцовыя лічаць, што “капаць” гісторыю трэба доўга. Да часоў Боны Сфорцы. Дзякуючы жонцы вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Старога ў 1555 годзе Моталь атрымаў магдэбургскае права. Італьянка зрабіла тут рэзідэнцыю, прыцягнула на берагі Ясельды ўмелых рамеснікаў і гандляроў. Многія распаўсюджаныя ў Моталі прозвішчы, напрыклад, Палто, маюць італьянскія карані. Прозвішча Кузюр нямецкага паходжання. А сёння праслаўляюць старадаўняе мястэчка Шыкалаі, Мінюкі і Каштальяны.

У нашы дні зазіхацеў Моталь на турыстычнай карце дзякуючы ежы, лічыць старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова:

— Сёння ежа — гэта модна. Гэта новы стыль жыцця. Прычым турысты хочуць спрабаваць ежу там, дзе яе вырабляюць. Цяпер папулярна гатаваць на вачах у турыстаў.

Валерыя Кліцунова прапанавала гаспадарам аграсядзіб, якія прыехалі на фестываль, дасылаць кулінарныя рэцэпты. Ствараецца гастранамічная карта Беларусі. Час выхоўваць гастранамічны патрыятызм.

Суседзі маталян уладкавалі на фэсце дом сала. Гаспадыні з вёскі Адры­жын Іванаўскага раёна частавалі ўсіх жадаючых бутэрбродамі, сумясціўшы, падавалася б, несумяшчальнае — сала, цыбулю ды аліўкі. Сыраробы сельгаспрадпрыемства “Прыясельдны” з вёскі Псышчава зварылі сырны пірог, кошык грыбоў, з сыру вылепілі вожыкаў. Заглядзенне! З Бездзежа Драгічынскага раёна прывезлі макуху — перамолатае льняное насенне...

Першы фестываль “Мотальскiя прысмакi” стаў пераможцам Рэспуб­ліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь” у намінацыі “Падзея”. Цяперашні, сёмы, годны не меншай узнагароды. Афіцыйна стаў міжнародным. Мясцовая вясельная каравайная традыцыя атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Зрэшты — не ежай адзінай. У выхадныя ў Моталі сабраліся рамеснікі з усёй краіны. Вырабы ручной работы з гліны, дрэва, ільну, саломкі сёння ў цане. Госці свята іх з задавальненнем куплялі. Не засталася абыякавая і я.

У Моталя да кухні даўно прызапашаны цікавыя дадаткі. Чаго вартыя Мотальскі музей народнай творчасці (які 8 жніўня адзначыў 20-годдзе) з двума філіяламі — археалагічным “Нашы каранi” і народнай медыцыны “Дом траўніка”. Захаваўся дом, дзе жыў Хаім Вейцман — заснавальнік ізраільскай дзяржавы. Там таксама ствараецца музей. А фальклорны калектыў “Мотальскія суседзі” пакажа і каравайную традыцыю з усімі падрабязнасцямі, і яўрэйскія стравы прыгатуе, і праспявае на мясцовым дыялекце, і станцуе. Але пра гэта — асобная размова.

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter