Энцыклапедыя ў ТБ-фармаце.

Дакументальныя фільмы “Зямля беларуская” глядзяць, як бразільскія серыялы.

Праект, які Агенцтва тэленавін распачало яшчэ тры гады таму, па-сапраўднаму прыйшоўся да густу беларускім гледачам.
І можна зразумець чаму. Кожны фільм з цыкла “Зямля беларуская” цікава расказвае гісторыю аднаго з раёнаў Беларусі. А апошнім часам, дарэчы, гэта паказаў і праект “Народнай газеты” “Сем цудаў Беларусі”. Мінулае радзімы ў беларусаў выклікае ўсё большую цікавасць. Як і журналісты “НГ”, аўтары дакументальнага цыкла “Зямля беларуская” паставілі за мэту аб’ехаць усе 118 раёнаў Беларусі і распавесці пра кожны з іх. Сто раёнаў — сто непаўторных куточкаў краіны — карэспандэнты Агенцтва тэленавін ужо “засвяцілі” на канале “Беларусь 1” (раней “Першы”). У новым сезоне гледачоў чакае яшчэ дзясяткі два серый — ужо ў абноўленым фармаце.

За тры гады “Зямля беларуская” стала своеасаблівай тэлевізійнай энцыклапедыяй нашай краіны, кожная серыя — старонка, якая здзіўляе новымі фактамі, лічбамі, датамі.
— Гісторыю Беларусі я стаў вывучаць з чатырох гадоў, як толькі пачаў чытаць, — расказвае аўтар фільмаў “Зямля беларуская” Яўген Пуставы. — Здавалася б, за такі час гісторыю Беларусі можна вывучыць уздоўж і ўпоперак. Аднак кожны раз мы, працуючы над фільмам, знаходзім штосьці новае і цікавае. Ды такое, што ні ў падручніках гісторыі не прачытаеш, ні ў бібліятэках не знойдзеш. Чаму? Таму што мы самі едзем у рэгіёны, гаворым з людзьмі, якія памятаюць падзеі мінулага ці чулі пра іх ад сваіх бабуль і дзядуляў.  
У здымках цыкла “Зямля беларуская” задзейнічаны  лепшыя творчыя сілы і тэхнічныя сродкі канала “Беларусь 1”. Карэспандэнты, не шкадуючы сябе, ходзяць па лясах, балотах, невядомых сцежках — у надзеі знайсці самы цікавы і эксклюзіўны матэрыял.
— Каб зняць адзін фільм, прыходзіцца патраціць 3—4 дні, — расказвае рэжысёр фільмаў Юля Ганчар. — Але час ляціць незаўважна. Бо працаваць над кінастужкамі вельмі і вельмі цікава. Асабіста мяне больш за ўсё кранула Палессе, яго каларыт, традыцыі, людзі, у якіх вучышся мудрасці, працалюбству, любові да прыроды, уменню жыць у гармоніі з ёй. Я была проста здзіўлена, калі даведалася, што раней у палешукоў лічылася нормай гадаваць 15—17 дзяцей. І сям’я, напрыклад, у якой пяцёра дзяцей, лічылася амаль бяздзетнай.
 Праца журналістаў, аператараў, рэжысёраў праекта, вядома, не засталася не заўважанай. Дакументальны цыкл “Зямля беларуская” ацанілі не толькі гледачы і калегі-журналісты, але і кіраўніцтва краіны. Праект Агенцтва тэленавін  адзначаны Гран-пры Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу “Тэлевяршыня”, а таксама прэміяй Прэзідэнта краіны “За духоўнае адраджэнне”.
— Што здзіўляе, нашу “Зямлю” глядзяць, як серыялы, — расказвае Яўген Пуставы. — Быў час, калі беларусы не маглі адарвацца ад “Рабыні Ізаўры” ці “Багатыя таксама плачуць”. А цяпер, бачыце, ад роднай гісторыі атрымліваюць асалоду.

У новым сезоне стваральнікі праекта “Зямля беларуская” пастараюцца яшчэ больш здзівіць беларусаў. Яны вырашылі “расказваць” гісторыі рэгіёнаў не праз прыроду і архітэктуру, а праз людзей.
— Бяром за аснову гісторыю нейкай адной асобы і закручваем на ёй увесь фільм, — раскрывае сакрэты новых серый рэжысёр Юлія Ганчар. — Менш пустых планаў, больш дынамізму, напоўненасці кадраў падзеямі і асобамі. Хочацца гісторыю Беларусі апісаць як мага больш маляўніча і насычана. Каб паказаць беларусам, якім бясцэнным багаццем мы валодаем.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter