Энцыклапедыя культурнай спадчыны

Свята беларускага  пiсьменства  ў  Паставах  пройдзе  пры  любым  надвор’i

Свята беларускага  пiсьменства  ў  Паставах  пройдзе  пры  любым  надвор’i

Так запэўнiваюць яго арганiзатары i канструктары на ўсiх узроўнях. Шматлiкiя дэталi i падрабязнасцi свята абмяркоўвалi з журналiстамi ў Вiцебскiм аблвыканкоме намеснiкi старшынi аблвыканкома  Пётр Южык i Канстанцiн Хомiч, начальнiк упраўлення  культуры аблвыканкома  Мiкалай Пашынскi. 

Каля тысячы гасцей афiцыйна запрошаны на грандыёзнае нацыянальнае свята з блiзкага i далёкага замежжа. Толькi  паслоў
i дыпламатаў  чакаецца не меней за паўтара дзесятка.  

Горад  расквечаны i прыбраны, што тая нявеста перад заручынамi. Да  шматгалосых i шматмоўных святкаванняў яму не прывыкаць. Пасля Вiцебска  Паставы  бадай што з’яўляюцца  фестывальным фiлiялам   культуры дзякуючы  знакамiтым  штогоднiм святам песеннага i музычнага мастацтва “Звiняць  цымбалы i гармонiк!” Але ж Дзень   беларускага пiсьменства  — дзея  ўвогуле адмысловая. I таму мець такую “рэзiдэнцыю” на сваёй тэрыторыi  — асаблiвы гонар. Няхай сабе i часовую, але якая стане энцыклапедыяй  нацыянальнай культурнай спадчыны. 

Намеснiк старшынi аблвыканкома Пётр Южык з асаблiвым  задавальненнем адзначыў неверагодны энтузiязм i кемлiвасць у падрыхтоўцы да свята мясцовай улады на чале з яе кiраўнiком – старшынёй Пастаўскага райвыканкома Эдуардам Казура. У добрым сэнсе гаспадары пастаралiся, каб тут “было не горш, чым у самым старажытным Полацку”, а, можа, нават i пераўзысцi iншых. Праўда, дасцiпныя сюрпрызы да пары трымаюцца ў сакрэце. 

У астатнiм жа ўсё адкрыта для ўсенароднага карыстання. Не мае аналагаў нiдзе ў краiне (а можа, i ў Еўропе) рэканструяваны ў стылi рэтра унiкальны палац Тызенгауза. Для паўнаты дзеi i ўкаранення ў  эпоху Сярэдневякоўя па яго дарожках будуць нават шпацыраваць яснавяльможныя паны i паненкi ў адпаведным убраннi i капелюшах як дэманстрацыя нашай нацыянальнай самабытнасцi. Дапаможа ўбачыць i зразумець яго таксама выстава кнiгадрукавання. З самым сапраўдным першым друкарскiм станком, завезеным у Паставы са славутага  Полацкага музея кнiгадрукавання. Адпаведна, побач са станком будзе i экспазiцыя першых беларускiх старажытных кнiг. 

Пажадана, вядома, каб святу беларускага пiсьменства паспрыяла i добрае надвор’е. Каб той жа першы друкарскi станок i кнiжкi ад часоў Сiмяона Полацкага i да нашых дзён не замачыла i не пашкодзiла. Але нават калi i з надвор’ем не атрымаецца “па поўнай дамоўленасцi”, гэта  святу не павiнна пашкодзiць. Выдатная рэканструкцыя раённага Дому культуры, iншых аб’ектаў сацыяльнага i культурнага прызначэння, канцэртных пляцовак дазваляюць стварыць i забяспечыць адмысловы настрой i парадак. 

А глыбiнны сэнс — сам “айсберг” Дня беларускага пiсьменства ў Паставах — якраз i вызначае стварэнне свята для душы. Не для страўнiка, не для самалюбавання i пыхлiвасцi, а менавiта для выказвання лепшых нацыянальных якасцей i традыцый – ад сiвой мiнуўшчыны да нашых дзён. 

Галоўнае бачыцца ў тым, каб перш за ўсё, па трапным выразе Пятра Южыка, наталiць духоўную смагу i каб больш народа загаварыла па-беларуску. 

I няхай так атрымаецца! З працягам у дзень заўтрашнi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter