Завершен проект по выдаче мощности и связи БелАЭС с энергосистемой страны

Энергія ў патрэбным рэчышчы

Маштабны праект па выдачы магутнасці і сувязі Беларускай АЭС з энергасістэмай завершаны. Пра гэта напярэдадні прафесiйнага свята паведаміў журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. Па сваёй важнасці, адзначыў ён, праект не мае аналагаў на тэрыторыі нашай краіны.

Усяго пабудавалі больш за тысячу кіламетраў паветраных ліній перадачы напружаннем 330 кВ, мадэрнізавана каля 700 кіламетраў дзеючых ЛЭП 110—330 кВ. Рэканструявалі чатыры буйныя падстанцыі, а таксама пабудавана новая — «Паставы». Пачынаючы са снежня гэтага года лінія электраперадачы, якая звязвае гэтую падстанцыю з БелАЭС, пастаўлена пад напружанне. Можна сказаць, што станцыя атрымала першы подых.

Таксама працягнецца праца па будаўніцтве на аб’ектах «Белэнерга» пікарэзервовых крыніц і электракатлоў сумарнай магутнасцю каля 800 МВт і 916 МВт адпаведна:

— Усё гэта неабходна для таго, каб забяспечыць надзейную і бесперабойную работу энергасістэмы пасля ўводу ў эксплуатацыю БелАЭС.

Станцыя дазволіць краіне зменшыць выка­рыстанне да 5 млрд кубаметраў прыроднага газу ў год, а таксама сур`ёзна знізіць выкіды парніковых газаў — да 10 млн тон у год. Усё гэта надасць новы інтэлектуальны і тэхналагічны імпульс развіццю краіны і забяспечыць гарантыі ўмацавання яе дзяржаўнай незалежнасці і эканамічнай бяспекі.

Падводзячы вынікі адыходзячага года, Віктар Каранкевіч падкрэсліў: аб’ём вытворчасці электраэнергіі ў краіне павялічыўся на 11,6 працэнта ў параўнанні з 2017-м. Сёння гэта больш за 38 млрд кілават•ч. Гэта абумоўлена цэлым шэрагам фактараў, адзін з якіх — поўная адмова з гэтага года імпарту электраэнергіі з-за межаў краіны. У 2019-м гэтая тэндэнцыя будзе працягнута:

— Мы змаглі выпрацаваць неабходную электраэнергію на ўласных крыніцах з меншымі выдаткамі. Акрамя таго, павялічылі яе пастаўкі на экспарт — да 1 млрд кілават•ч, што звыш сямі разоў больш за ўзровень 2017 года. Таксама мае месца рост спажывання электраэнергіі рэальным сектарам эканомікі, што гаворыць аб актывізацыі вытворчасці прадукцыі прамысловымі прадпрыемствамі і росце эканомікі краіны ў цэлым.

Дарэчы, наконт экспарту электраэнергіі: з уводам БелАЭС ён можа пашырыцца. Па словах Віктара Каранкевіча, гэтае пытанне — на кантролі.

— Вядома, у першую чаргу БелАЭС будуецца для забеспячэння патрэб спажыўцоў краіны. Але калі будуць магчымасці, а ў нас ёсць ЛЭП з Украінай, Расіяй, Прыбалтыкай, зможам разгледзець пастаўкі электрычнай энергіі. Што тычыцца супрацоўніцтва з Польшчай, ёсць магчымасць рэанімавання існуючай альбо будаўніцтва новай лініі. Пры зацікаўленасці з боку Польшчы мы гатовы ў любы момант разгле­дзець варыянты ўзаемадзеяння. Але ва ўсім павінна быць эканоміка.

arteaga@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter