Энергія натхнення

Алёна Ланская паказала кліп, зняты на конкурсную кампазіцыю

У кліпе на конкурсную песню Алёны Ланской удзельнічаюць сербскія танцоры і Аляксандр Рыбак

Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на «Еўрабачанні-2013» Алёна Ланская паказала журналістам кліп, зняты на яе конкурсную кампазіцыю. Нагадаем, 14 мая ў шведскім гора-дзе Мальмё беларуская выканаўца выступіць з песняй «Solayoh», створанай бельгійскім кампазітарам Маркам Паэлінкам, англійскім аўтарам тэксту Марцінам Кінгам і запісанай на сусветна вядомай студыі «Abbey Road» у Лондане, дзе ў свой час працавалі «Бітлз».

У аснове ідэі песні — існаванне жыцця на планеце «Solayoh», дзе няма шэрых будняў і адзіноты, дзе ўсе жыхары — шчырыя і добрыя людзі, якія вераць у цуд. Галоўныя складальнікі жыццёвага поспеху на гэтай планеце — Вера, Надзея і Любоў, а яе місія — дарыць энергію любові і натхнення.

Здымкі відэакліпа адбываліся ў Стамбуле. Між іншым, якраз у тыя дні, калі Беларусь накрыў ураган «Хавер». Прыродны катаклізм не абмінуў і Турцыю. Як расказала Алёна Ланская, тэмпература паветра знізілася да +8, і бегаць у купальніку па беразе мора, іграючы спякотнае лета і пазітыў, асабліва самым ранкам, ёй было даволі халаднавата.

Тым не менш відэакліп атрымаўся яркім, радасным, прыгожым і па-летняму сонечным. Аднак калі перайначыць вядомую фразу, то пераказваць змест кліпа — гэта тое ж самае, што танцаваць архітэктуру. Яго трэба ўбачыць і пачуць, што і можна зрабіць ужо з сённяшняга дня ў эфіры каналаў Белтэлерадыёкампаніі.

Зняў ролік турэцкі прадюсар і кліпмейкер Сенол Каркмаза. Пастаноўку харэаграфіі ажыццявіў Алекс Райфовіч з артыстамі знакамітай сербскай школы танца «Zilennium». Сярод удзельнікаў кліпа гледачы пазнаюць Аляксандра Рыбака. Спявак сам прапанаваў сваю падтрымку беларускай камандзе, спецыяльна прыляцеў на некалькі гадзін у Стамбул, прычым здымаўся без ганарару. Дарэчы, пра грошы. Кошт кліпа — каля 15 тысяч еўра. Як падкрэслівае Дзмітрый Баранаў, генеральны дырэктар прадюсарскага цэнтра «СПАМАШ», на падрыхтоўку артысткі да «Еўрабачання» выкарыстоўваюцца сродкі цэнтра і спонсараў.

Зараз каманда Алёны Ланской занята стварэннем сцэнічнага конкурснага нумара, выбарам стыліста, пошукам ідэі для прома-прадукцыі... Як прызнаецца спявачка, праца ідзе ці не круглыя суткі, іншы раз на сон застаецца ўсяго некалькі гадзін. Дзеля падрыхтоўкі Алёне нават прыйшлося ахвяраваць наведваннем яе любімай трэнажорнай залы, дзе яна звычайна праводзіла не менш за тры гадзіны.

З прома-турамі спявачка ўжо пабывала ў Румыніі і Малдове. У бліжэйшы час яна адправіцца ў Афіны. У планах — таксама Лондан, Амстэрдам, Брусель, Кіеў і Масква.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter