“Газпрам Цэнтр” зробіць аблічча Мінска больш дынамічным і сучасным

Энергія ў квадраце

Большасць людзей у нашай краіне ведаюць расійскую кампанію “Газпрам” як буйнейшага здабытчыка і пастаўшчыка прыроднага газу. Аднак у актыве гэтай транснацыянальнай карпарацыі нямала і сацыяльных праектаў. Найбуйнейшы з іх цяпер рэалізуецца ў Мінску. На цэнтральным праспекце горада непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі разгарнулася будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу “Газпрам Цэнтр”. Па сутнасці, ён стане сапраўдным міні-горадам, дзе будзе не толькі прэстыжна працаваць, але і прыемна адпачываць усёй сям’ёй. Нядаўна адбылася ўрачыстая цырымонія пачатку будаўніцтва з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і старшыні праўлення Публічнага акцыянернага таварыства (ПАТ) “Газпрам” Аляксея Мілера.


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі пачатку будаўніцтва ў Мінску
(злева Аляксей Мілер — старшыня праўлення ПАТ “Газпрам”)
Фота: БелТА


Што хаваць, калі ў канцы мінулага года зносілі аўтавакзал “Маскоўскі”, некаторыя незадаволена наракалі: маўляў, навошта нам гэты офіс, навошта ламаць тое, да чаго прывыклі.

Аднак тое, што задумалі пабудаваць на месцы былога аўтавакзала, думаю, не пакіне абыякавымі нават самых заўзятых буркуноў. Маштаб будоўлі ўражвае ўжо сёння. Абыходзячы па перыметры вялізны катлаван, прыкінуў: ды тут спакойна можа змясціцца з дзясятак футбольных палёў. Міхаіл Гаўхфельд, намеснік старшыні Беларускага саюза архітэктараў, нібы настаўнік, указкай вадзіў па макеце і ажыўлена расказваў журналістам пра будучыя аб’екты, не скупячыся на слова “ўнікальны”. Ён мог сабе гэта дазволіць, таму што ўжо праз пару хвілін я і сам зразумеў: нічога падобнага ў Мінску, ды і ў краіне, яшчэ не будавалі. Цэнтрам архітэктурнай кампазіцыі стане 36-павярховы будынак вышынёй амаль 190 метраў, самы высокі ў Беларусі. У склад комплексу ўвойдуць чатырохзоркавая гасцініца, кангрэс-цэнтр, гандлёвая зона, рэстараны і кафэ, умяшчальны падземны паркінг на 1.300 машына-месцаў. Але што ж дасць гэты аб’ект гораду і людзям?

Архітэктары скажуць, што “Газпрам Цэнтр” зробіць аблічча Мінска больш дынамічным і сучасным. Бізнесмены ўбачаць у ім камфортнае месца для вядзення бізнесу і выгаднае суседства з прадстаўнікамі вядучых сусветных брэндаў. Эканамісты пачнуць падлічваць магчымыя інвестыцыі, раскажуць пра 5,5 тысячы новых працоўных месцаў. І гэта ўсё правільна і выгадна для краіны. Але яшчэ на стадыі праектавання Прэзідэнт ставіў дакладную задачу: новы комплекс павінен быць агульнадаступным для ўсіх людзей. І праекціроўшчыкі гэта ўлічылі. Паслугі і забавы тут будуць на любы густ: шматпрофільны медыцынскі і дзіцячы навучальна-развіваючы цэнтр, адкрыты тэнісны корт, зала для гульнявых відаў спорту, трэнажоры, басейны, саўны, лазні. Таксама плануецца пабудаваць першы ў Мінску амфітэатр. Акружаны фантанамі, гарачым летам ён будзе дарыць прахалоду, а ўзімку ператворыцца ў гарадскі каток. І ўсё гэта будзе даступна мінчанам і гасцям горада.


Аднак унікальнасць аб’екта не толькі ў яго маштабах. Па сутнасці, на нашых вачах вырасце новы і ва ўсіх сэнсах яркі знак саюзных адносінаў Беларусі і Расіі. І ў гэтым няма ніякага пафасу. Перад намі цалкам канкрэтны прыклад партнёрскіх адносінаў паміж нашымі краінамі. Насуперак усім зласліўцам і крытыкам, якія ў апошні час вельмі ўжо “ўзрушыліся” і спрабуюць папракнуць афіцыйны Мінск ледзь не ў сепаратных перагаворах з Захадам і здрадзе ў адносінах да Расіі. На сустрэчы з Аляксеем Мілерам Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз агучыў прынцыповы тэзіс: Беларусь ніколі не будзе рабіць выбар паміж Захадам і Усходам:

— Нашай агульнай бяспекай, нашай агульнай з вамі незалежнасцю мы ніколі не таргаваліся і таргавацца не будзем, як бы нас ні штурхалі ўлева, управа. Мы ніколі нават за стол перагавораў не садзіліся, калі перад намі ставілі выбар: Расія або Захад.

Прэзідэнт папрасіў кіраўніка “Газпрама” пры выпадку перадаць гэтую пазіцыю кіраўніцтву Расіі:

— Няхай яны не сумняваюцца ў нашай сумленнасці, прынцыповасці і надзейнасці.

Наглядным узорам такіх адносінаў служыць і ўзаемадзеянне з буйнейшай энергетычнай кампаніяй “Газпрам”. Беларускі ўчастак магістральнага газаправода Ямал — Еўропа — гэта найкарацейшы шлях паставак прыроднага газу з Расіі ў Заходнюю Еўропу. І Прэзідэнт прама сказаў, што наша краіна пры неабходнасці гатова прадаставіць расійскім партнёрам магчымасці па павелічэнні аб’ёму транзіту газу. Аляксей Мілер, у сваю чаргу, праінфармаваў аб тым, што кампанія павялічвае аб’ёмы інвестыцый у Беларусь. У прыватнасці, гэта датычыцца будаўніцтва газаправодаў і газаразмеркавальных станцый у рэгіёнах. І, вядома ж, кіраўнік буйнейшай карпарацыі не прамінуў нагадаць аб тых сацыяльных праектах, якія “Газпрам” тут рэалізуе. У тым ліку ўдзел у аднаўленні Брэсцкай крэпасці, праграма “Газпрам дзецям”, будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў. Дарэчы, якраз нядаўна больш за 30 такіх сем’яў атрымалі ключы ад кватэр у новабудоўлі ў сталічным мікрараёне Міхалова-2. Што ж, такую работу можна толькі вітаць, бо яна цалкам сугучная сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца ў краіне.

Пасля двухбаковай сустрэчы Аляк­сандр Лукашэнка і Аляксей Мілер заклалі памятную капсулу на месцы будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу “Газпрам Цэнтр”. Затым разам агледзелі будаўнічую пляцоўку. Аляксей Мілер запэўніў Прэзідэнта, што аб’ект будзе пабудаваны якасна і ў самы кароткі тэрмін. Ужо ў канцы 2018 года горад будзе ўпрыгожваць сучасны шматфункцыянальны комплекс, які стане не толькі цэнтрам прыцягнення бізнесу і турызму, але і новай візітнай карткай Мінска.


Даслоўна


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка:

— Расія — гэта наша агульная Айчына. Мы ніколі з Расіяй не сутыкаліся па вялікім рахунку, па дробязях у нас былі і будуць пытанні, жывём у агульным доме. Але ніколі ў нас не было вялікіх праблем і ніколі іх не будзе. Прынамсі, адсюль гэта зыходзіць ніколі не будзе. І вам любы заходні палітык, любы амерыканскі палітык, якія прыязджалі сюды, ніколі не скажуць, што мы перагаворы вялі за кошт Расіі і кагосьці палохалі Расіяй. Гэтага ніколі не было і не будзе. У той жа час мы адкрыта і сумленна гаворым: мы хочам нармалізаваць адносіны з Еўрапейскім саюзам і Амерыкай. Гэтак жа, як Расія, гэтак жа, як любая дзяржава... Але гэта нашы праблемы, і мы іх за кошт нашай брацкай Расіі вырашаць ніколі не будзем.

Яўген Канановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter