Запуск першага энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на 2018 год

Энергія для будучыні

Першыя мегаваты электраэнергіі Беларуская АЭС пачне выпрацоўваць зусім хутка — запуск яе першага энергаблока запланаваны на 2018 год. А ў 2020-м запусцяць і другі. Узвядзенне аб’екта ідзе ў тры змены. З ходам яго будаўніцтва азнаёміўся Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. 


Указ “Аб узвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі”, які даў магчымасць генеральнаму падрадчыку, расійскаму ЗАТ “Атамбудэкспарт”, пачаць будаўніцтва станцыі, Прэзідэнт падпісаў амаль два гады назад — у лістападзе 2013 года. З таго моманту зроблена было вельмі многае: заліты фундамент, пабудаваны неабходныя цэхі, паступова сталі вымалёўвацца контуры будучай АЭС. Аляксандру Лукашэнку далажылі: на БелАЭС разгорнуты работы на асноўных будынках і збудаваннях абодвух энергаблокаў, а таксама на шэрагу дапаможных будынкаў. Усяго работы ідуць на 99 аб’ектах з тых 131, якія прадугледжаны праектам, і цяперашні год у частцы будаўніцтва — вельмі актыўны. На гэты час затраты склалі прыкладна чвэрць запланаванага бюджэту — ужо асвоена 22,2 мільярда расійскіх рублёў. У ліку нядаўна адбудаваных аб’ектаў — пажарнае дэпо, сучасны вучэбна-трэніровачны цэнтр, у якім будзе на складаных трэнажорах набіваць руку персанал будучай станцыі.

Прэзідэнт азнаёміўся з работай цэнтра, наведаў некалькі цэхаў, дзе вырабляюцца трубаправоды і металаканструкцыі для будучай АЭС. А кульмінацыяй стала наведванне будучага будынка турбіны рэактара блока № 1, адкуль з высокага пункта можна было агледзець усю будоўлю. Аляксандр Лукашэнка ўбачаным застаўся задаволены.

АЭС для Беларусі — пытанне стратэгічнае. Увядзенне яе ў эксплуатацыю дасць магчымасць прыкметна знізіць энергетычную залежнасць краіны. Толькі спажыванне прыроднага газу скароціцца на 5 мільярдаў кубаметраў у год, знізяцца парніковыя выкіды, палепшыцца экалогія. Зрэшты, усе галоўныя плюсы спажыўцы змогуць адчуць сваёй кішэняй. Нават пры прагназуемым павелічэнні цэн на газ тарыфы на электраэнергію расці не будуць.

Але БелАЭС — гэта не проста эканамічны або статусны праект, ён, па сутнасці, дае краіне нават нешта большае, чым проста энергетычную незалежнасць. На сустрэчы з кіраўніком дзяржкарпарацыі па атамнай энергіі “Расатам” Сяргеем Кірыенкам Прэзідэнт некалькі разоў паўтарыў важную думку аб тым, што калі нацыя хоча рухацца наперад і развівацца, то ёй неабходна асвойваць новыя праекты і пастаянна вучыцца новаму.

— Мы дамовіліся з кіраўніцтвам Расіі, што мы павінны пабудаваць АЭС за кароткія тэрміны, але і не на шкоду бяспецы, аптымальна танную станцыю, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Але самае важнае для нас — там, дзе сёння працуе расіянін або замежнік, назіраць за ўсім, што ён робіць, павінен і беларус, каб мы таксама ў перспектыве навучыліся рабіць гэтыя складаныя праекты.

У “Расатама” сёння падпісаны кантракты на будаўніцтва ў розных краінах свету 12 АЭС па праекце, аналагічным беларускаму. А раз ён запатрабаваны, значыць, і нашы спецыялісты ў перспектыве маглі б дапамагаць расійскім калегам на новых будоўлях у іншых дзяржавах.

Пакуль Прэзідэнт вывучаў будоўлю, задаючы пытанні наконт перспектыў функцыянавання будучай станцыі, у будынку вучэбнага цэнтра сабраліся будаўнікі і работнікі БелАЭС.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў галоўную матывацыю такога кроку, як будаўніцтва АЭС у Беларусі:

— Мы жывём не ў пустыні. Мы жывём у акружэнні атамных станцый: дзве ўкраінскія, Смаленская АЭС, Санкт-Пецярбург і Калінінград заканчваюць будаўніцтва такой жа станцыі, як у нас, ёсць яшчэ пад бокам Ігналінская АЭС. Чаго нам тады пакутаваць ад таго, што будзе яшчэ і свая? У свой час мне доўга прыйшлося пераконваць насельніцтва, асабліва ў Астраўцы, што мы павінны будаваць станцыю. Сёння, я спадзяюся, мы ўсе перакананыя ў тым, што зрабілі правільна. У нас павінна быць свая АЭС, бо гэта танная энергія, гэта новыя тэхналогіі, гэта цалкам іншае аблічча беларускай нацыі.

Акрамя ўзвядзення атамнай электрастанцыі, у Астраўцы будуюць і аб’екты інфраструктуры для жыхароў гарадка атамшчыкаў: школы, дзіцячыя сады, новы корпус бальніцы. Праўда, улетку гэтага года Міністэрства энергетыкі выступіла з заявай, што поўнасцю ўвесь Астравец у “горад энергетыкаў” ператвараць не варта, а трэба ўзводзіць спецыяльныя мікрараёны, дзе будуць пражываць выключна супрацоўнікі станцыі. Аляксандр Лукашэнка такі пункт гледжання не падзяляе, увагу варта надаваць развіццю ўсяго горада і ўсяго рэгіёна:

— Мы пабудуем Астравец, гэта будзе самы сучасны і прыгожы горад, у якім будуць жыць самыя адукаваныя людзі, і гэта таксама важна для краіны. Астравец стане прыкладам таго, як трэба будаваць і развіваць раённыя гарады, якіх у нас 118. Гэта будоўля з далёкім прыцэлам.

Цяпер у Астраўцы пражывае каля 12 тысяч чалавек, але па планах, калі БелАЭС выйдзе на праектную магутнасць, насельніцтва горада павялічыцца да 40–45 тысяч чалавек.

Дзяніс Крымаў


Дарэчы


На сустрэчы з будаўнікамі БелАЭС і жыхарамі Астраўца Прэзідэнту задалі пытанне, далёкае ад атамнай энергетыкі. У яго спыталі пра літаратуру, дакладней, пра яго адносіны да Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Вось што адказаў Аляксандр Лукашэнка:

— Я рад за яе, таму што гэта грамадзянка Беларусі, гэта гаворыць аб тым, што, якую б ты пазіцыю ні займаў, усё-такі ў Беларусі магчыма працаваць і тварыць, пісаць, выказваць свой пункт погляду...

Я ведаю яе творы, дыскусій шмат па іх чуў. У аглядзе прэсы, які мне на стол раніцай кладуць, чытаў яе выказванні. Але вы ведаеце, столькі апазіцыянераў да маёй пазіцыі прэтэнзіі прад’яўлялі, і не толькі ўнутры Беларусі, але і ва ўсім свеце, што я не вылучаў з гэтага рада Алексіевіч. Я не лічу яе нейкім ужо такім вялікім апазіцыянерам. Святлана напісала нармальныя творы, у яе адпаведны стыль... Я нічога супраць не маю. І, пачынаючы ад твораў, якія ўвогуле і савецкай уладай падтрымліваліся, вазьміце “У вайны не жаночы твар”, яе знакаміты твор, “Цынкавыя хлопчыкі”, — гэта ж рэальнасць.

У сваім прывітанні Алексіевіч я напісаў, што важна, што першы беларус пасля савецкіх часоў стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі. Галоўнае цяпер — як яна распарадзіцца гэтым багажом. Калі ты грамадзянка Беларусі, не важна, што нарадзілася ва Украіне, гэта твая зямля, твая дзяржава, падабаецца табе ці не падабаецца, але ты ўжо сёння чалавек, які падняўся высока. Паглядзім, як жа ты гэты імідж, гэты багаж, які ў цябе з’явіўся, выкарыстаеш на карысць свайго народа. Карысць павінна быць для людзей, раз ужо пашчасціла атрымаць гэтую ўзнагароду, а апазіцыйнасць — перажывём.

Пісьменніцкая праца — цяжэйшай за яе няма, атамная станцыя і побач не стаяла. Пісьменнік, навуковец увесь час павінен тварыць, а гэта самая цяжкая праца.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter