Мастацкія выставы, якія прысвячаліся 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, сталі адметнай і яскравай культурнай падзеяй у краіне

Эмацыйны погляд на вайну. І на Перамогу!

Мастацкія выставы, якія прысвячаліся 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, сталі адметнай і яскравай культурнай падзеяй у краіне


“Перамога! 70” — без перабольшання, грандыёзны выставачны праект. І справа, напэўна, нават не ў яго маштабах, хоць нават стара­жылы не прыгадаюць, калі гэта ўся прастора мінскага Палаца мастацтваў аддавалася на адну выставу! Але экспазіцыя, багатая на творы разнастайныя, высокай мастацкай вартасці, таго патрабавала. І рашэнне арганізатараў — а гэта праўленне Беларускага саюза мастакоў — было абсалютна апраўданым.



На выставе “Перамога! 70”


Каля работы Валянціна Волкава “Мінск. 3 ліпеня 1944 г.” у Нацыянальным мастацкім музеі

У выставе прынялі ўдзел 150 мастакоў з усёй краіны — звыш 400 работ жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Паказальна і тое, што выстава аб’яднала прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў: самаму маладому ўдзельніку — толькі-толькі 20, старэйшаму — амаль стагоддзе. У зале — работы вядомых беларускіх мастакоў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — Віктара Грамыкі і Леаніда Шчамялёва. Гледачы ў экспазіцыі змаглі ўбачыць творы і тых мастакоў-ветэранаў, якія ў розныя часы пакінулі гэты свет. Гэтыя творы — даніна іх светлай памяці.

Вайна і мастак — вельмі няпросты саюз. У ім вельмі лёгка згубіць ісціну. Мастак, паказваючы рэчаіснасць супраціўнага самой сутнасці чалавека працэсу, не павінен страціць сябе як творца. Пры гэтым вайна не павінна ператварыцца ў набор рафінаваных паштовак. Складаная задача. І галоўным феноменам з’яўляецца нават не перамога над злом сама па сабе, а тое, што пераможцы не выйшлі з вайны з ачарсцвелымі душамі.

Гэта вельмі паказальна і для мастацтва. У Беларусі, дзе ў поўнай меры людзі перажылі ўсе жахі вайны, мастацтва атрымала новы імпульс. Пасляваенныя гады сталі яго залатым стагоддзем — сфарміравалася нацыянальная школа.


Уладзімір Зленка. “Май”

Тэма вайны, вядома, займала значнае месца ў творчасці беларускіх мастакоў. Але трактоўка тэмы была зусім розная — ад драматызму карцін Міхаіла Савіцкага да жыццесцвярджальных нацюрмортаў і пейзажаў Леаніда Шчамялёва. Шырыня погляду на задачу заўсёды прысутнічала ў беларускім мастацтве, пра што засведчыла і цяперашняя выстава. Хоць у большай ступені яе экспазіцыя была па сутнасці традыцыйнай — паказвала сілу чалавечага духу, гераізм салдата ў яго справядлівай вызваленчай вайне.
 
Цэлыя два паверхі Палаца мастацтваў аддадзеныя творам, якія адлюстроўвалі ваенную тэму. Работы мастакоў з усёй сілай індывідуальнай эмацыйнасці раскрываюць сутнасць тых суровых выпрабаванняў, якія выпалі на долю людзей ваеннай пары. Вядома ж, былі выстаўлены карціны і тых аўтараў, хто сам прайшоў вайну. Гэта ў поўнай меры мае дачыненне да народных мастакоў Беларусі Леаніда Шчамялёва і Віктара Грамыкі. Яны самі спазналі вайну, і ў іх дастаткова жыццёвага досведу, каб раскрыць яе страшэнную сутнасць.

Яшчэ пра такіх звычайна гавораць: яны выстаялі! Гаворка ідзе пра пакаленне, на долю якога выпала надзвычай жорсткае выпрабаванне вайною. Віктар Грамыка, да прыкладу, не толькі адчуў усе нягоды таго суровага часу, але і быў воінам-вызваліцелем сваёй роднай зямлі ад фашысцкіх захопнікаў. Ужо ў 1941 годзе стаў членам падпольнай арганізацыі ў горадзе Оршы. А потым быў разведчыкам, кулямётчыкам і нават камісарам атрада палка спецыяльнага прызначэння. Рэдагаваў газету “Народныя мсціўцы”. За гэтымі сухімі фактамі ваеннай біяграфіі — вялікае напружанне сіл, мужнасць і чалавечая годнасць. Вайна агаліла і невычэрпнае жыццялюбства Віктара Грамыкі, якое ён раскрыў у сваіх творах глыбока, разнастайна. Так, творчасць Віктара Грамыкі нязменна суадносіцца з высокімі ўяўленнямі пра сэнс жыцця, пра духоўныя ідэалы і перакананні, пра адказнасць мастака. Сам ён у беларускае мастацтва ўвайшоў як майстар гістарычна-гераічнай карціны, буйнамаштабнага эпічнага пейзажа і псіхалагічнага партрэта.


Юлія Антанюк. “Подых волі”

Або ўзяць вядомага мастака-баталіста Фёдара Бараноўскага — аднаго з першых выпускнікоў Мінскага мастацкага інстытута. Ён — жывапісец савецкага рэалізму, работы якога прынята называць асновай беларускага выяўленчага мастацтва. Фёдар Бараноўскі пісаў салдат, іх характары. На карцінах — чалавечыя эмоцыі, сіла волі, перакананасць. Карацей, яго героі — гэта мужныя людзі, якім выпаў нялёгкі лёс і якія з гонарам прайшлі па жыцці.

Так, Беларусь была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў больш за 70 гадоў назад. Вайна ўжо даўно стала гісторыяй. Але яна па-ранейшаму застаецца часткай лёсу практычна кожнай беларускай сям’і. Інакш і не можа быць у краіне, якая ў той вайне страціла трэць сваіх жыхароў.

Дарэчы, Фёдар Бараноўскі нарадзіўся 3 ліпеня. І так супала, што ў дзень вызвалення Беларусі ў 1944 годзе будучы мастак адзначыў сваё 20-годдзе. Пазней ён напіша карціну “Наш Мінск”, якая адлюструе радасць сустрэчы з воінамі-вызваліцелямі. Але адна з самых вядомых работ Фёдара Бараноўскага — “Лазня”, у якой за знешнім бытавым сюжэтам прачытваецца пратэст супраць вайны, якая згубіла маладыя жыцці. Карціна ўспрымаецца асаблівай і значнай не толькі дзякуючы прафесіяналізму мастака і нечаканаму падыходу да тэмы, але і парадаксальнаму злучэнню знешняга жыццялюбства і прыхаванай трагедыйнасці.

Безумоўна, Фёдар Бараноўскі — гэта адметная з’ява ў беларускім выяўленчым мастацтве. Уласна, тое ж можна сказаць і ў дачыненні Мікалая Залознага, Івана Дмухайлы ды Іосіфа Белановіча, работы якіх таксама экспанаваліся на гэтай выставе.


Роздум

Іван Дмухайла — адзін з тых рэдкіх мастакоў, які, прайшоўшы Вялікую Айчынную вайну, так і не змог пісаць яе на палатне. У творчасці ён пайшоў тым шляхам, які дапамог яму адлюстраваць багацце жыцця, прыгажосць яго імгненняў. Іван Дмухайла — выдатны пейзажыст. Менавіта ў гэтым жанры ён рэалізаваў свой талент, свае здольнасці.

А вось у былога ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Белановіча ваенная тэма спаўна прысутнічае ў аўтарскіх работах. “Брэсцкая крэпасць”, “Героі бяссмерця”, “Памяць”, “Салдаты” — назвы толькі некаторых яго карцін, па якіх можна меркаваць аб іх тэматыцы. Іосіф Белановіч здолеў паказаць чалавечнасць салдата-вызваліцеля. Над гэтай тэмай мастак працаваў да апошніх дзён свайго жыцця, паспеўшы стварыць палотны, прысвечаныя і гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці, і мужнасці блакаднікаў Ленінграда, і баям у Берліне, і вызваленню роднага Мінска.

У цэлым творы многіх беларускіх мастакоў аб вайне адрозніваюцца трагізмам, у іх пераважаюць тэмы гераічнага супраціўлення і народнага подзвігу. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да творчасці народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага, чые графічныя работы таксама прадстаўлены на выставе. На яго думку, беларускія мастакі сваімі карцінамі ўпісалі красамоўны радок у адлюстраванне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. “Гэта наш абавязак, паколькі тыя ахвяры, якія панесла Беларусь у гады вайны, незабыўныя”, — сказаў Георгій Паплаўскі.


Уладзімір Пракапцоў. “Прысвячэнне аднавяскоўцам”

У гэтыя ж дні вялікая экспазіцыя, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі, прадстаўлена і ў Нацыянальным мастацкім музеі. Так, лёс мастацтва Беларусі ў саракавыя гады мінулага стагоддзя быў цесна звязаны з ходам ваенных падзей. Частка мастакоў апынулася на фронце, некаторыя трапілі ў эвакуацыю або засталіся на акупаванай тэрыторыі, частка далучылася да партызанскага руху. Калекцыю даваеннай Дзяржаўнай карціннай галерэі (папярэдніцы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь) не паспелі эвакуяваць: вялікая частка твораў была разрабавана або знішчана падчас бамбёжак і пажараў.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы, беларускія мастакі працавалі падчас вайны. Яны знайшлі для сябе адпаведныя часу формы адлюстравання рэчаіснасці: маленькія эцюды, накіды, франтавыя замалёўкі, плакаты і карыкатуры, партрэты. Пасля вызвалення Беларусі мастакі здзяйснялі многія творчыя камандзіроўкі па месцах ваенных падзей, стваралі вобразы герояў вайны.

Росквіт ваеннай тэмы ў беларускім мастацтве прыпадае на канец 40-х і аж да 70-х гадоў. На цяперашняй выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі прадстаўлены творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаныя абароне Брэсцкай крэпасці, вызваленню Мінска, вобразам партызан і ўслаўленню памяці Герояў Савецкага Саюза, што загінулі падчас вайны. Бацька Мінай (Мінай Шмыроў), Мікалай Гастэла, Леў Даватар, Аляксей Данукалаў, Канстанцін Заслонаў, Пётр Калінін, Пётр Купрыянаў, Алена Мазанік, Міхаіл Сільніцкі і Дзед Талаш (Васіль Талаш) — гэта героі, подзвігі якіх натхнялі не толькі мастакоў, але і пісьменнікаў, кампазітараў, рэжысёраў кіно і тэатра.


Мастак Тарас Мікалаевіч Паражняк — ветэран Вялікай Айчыннай вайны

І тут у экспазіцыі можна ўбачыць творы большасці народных мастакоў Беларусі: Заіра Азгура, Анатоля Анікейчыка, Івана Ахрэмчыка, Андрэя Бембеля, Гаўрылы Вашчанкі, Валянціна Волкава, Аляксея Глебава, Віктара Грамыкі, Аляксандра Грубэ, Льва Гумілеўскага, Мая Данцыга, Яўгена Зайцава, Арлена Кашкурэвіча, Раісы Кудрэвіч, Паўла Масленікава, Георгія Паплаўскага, Міхаіла Савіцкага, Сяргея Селіханава, Уладзіміра Стэльмашонка, Віталя Цвіркі, Васіля Шаранговіча, Леаніда Шчамялёва.

Найярчэйшы прадстаўнік “суровага стылю” — народны мастак Беларусі Май Данцыг, якому зусім нядаўна споўнілася восемдзесят пяць гадоў. Ні адна маштабная выстава ўжо даўно не абыходзіцца без яго работ. Май Данцыг з тых творцаў, хто спрабаваў гаварыць прама, гучна, сумленна, заўсёды застаючыся верным самому сабе, перакананням і ідэалам. У яго лепшых работах — у тэматычных палотнах, гарадскіх пейзажах, нацюрмортах, партрэтах — галоўнае — тэма, ідэя, яркае вырашэнне. Для карцін мастака характэрна маштабнасць пошуку, выразнасць сюжэта і сэнсавая значнасць. Асабліва ярка ўвасоблена гэта ў палотнах на тэму вайны. Гэта такія карціны, як “І памятае свет выратаваны...”, “Беларусь — маці партызанская", “На варце міру”, якія ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага выяўленчага мастацтва. А наогул творам мастака ўласцівыя непаўторнае дыханне часу, узвышанасць і высакароднасць. Май Данцыг па-свойму расказаў пра вайну, пра мір, пра любімы горад-герой Мінск, пра людзей, з якімі блізкі, і, самае галоўнае, пра час, у якім жыве.

Дарэчы, у склад цяперашняй выставы ўвайшлі творы і тых беларускіх аўтараў, якія раней не былі прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі музея, але таксама стваралі мастацкі летапіс вайны. Гэта — Леанід Асядоўскі, Пётр Данелія, Абрам Кроль, Эдуард Куфко, Соф’я Лі, Барыс Няпомняшчы, Валянцін Савіцкі, Барыс Ус, Уладзімір Хрусталёў і Яўген Ціхановіч.


Каля работы Івана Касабуцкага “Дзень Перамогі”

Жанравы дыяпазон твораў у экспазіцыі вельмі шырокі: ад партрэтаў і пейзажаў да сюжэтна-тэматычных карцін. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў мастакі стваралі алегарычныя і метафарычныя кампазіцыі, эмацыйна і драматычна перадавалі трагічную і напружаную атмасферу ваенных дзён. Напрыклад, “Балада пра маці” Леаніда Асядоўскага, “Няскораныя” Віталя Цвіркі, “Стаяць насмерць” Яўгена Зайцава, “Мы вернемся” Альгерда Малішэўскага, “Памяці аднапалчан” Натана Воранава, “Мак” Мікалая Залознага, “Успамін” Ізраіля Басава, “Віцебскія вароты” і “Партызанская мадонна” Міхаіла Савіцкага, “1941 год. Над Прыпяццю” Віктара Грамыкі, “Маё нараджэнне” Леаніда Шчамялёва, “Прарыў” Гаўрылы Вашчанкі, “Дзякуй, маці!” Івана Рэя, “Песня пра партызана” Васіля Сумарава.

Такім чынам, у экспазіцыю выставы “Вялікая Айчынная вайна ў мастацтве” ўвайшлі больш за 60 твораў з 1943 па 1985 год, якія расказваюць пра падзеі і перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

Так, Перамога востра, неабыякава і прачула адлюстравалася ў творчасці беларускіх мастакоў. Дастойных работ на гэтую тэму вельмі шмат. Лепшыя з іх знаходзяцца ў фондах галоўнага музея краіны. І паказаць у гэтыя святочныя дні музею, несумненна, ёсць што. Нездарма тут вырашылі не абмяжоўвацца адной, няхай і вялікай па маштабах, экспазіцыяй. І вось ужо непасрэдна ў музейнай зале беларускага мастацтва 1940-1980-х гадоў арганізавалі яшчэ адну выставу, якую так і прадставілі: “Вайна і Перамога ў творчасці беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя”.


Каля работы Святланы Урублеўскай “Хімера”

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 60 твораў жывапісу, графікі і скульптуры, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Гэта работы мастакоў — ветэранаў вайны і пасляваеннага пакалення: “Партрэт Мікалая Гастэлы” Андрэя Бембеля (1905-1986), “Абарона Брэсцкай крэпасці” Івана Ахрэмчыка (1903-1971), “Мінск. 3 ліпеня 1944 г.” Валянціна Волкава (1881-1964), “Партызанская мадонна” Міхаіла Савіцкага (1922-2010), “Над Прыпяццю” Віктара Грамыкі (1923), “Смага” Арлена Кашкурэвіча (1929-2013), “Нацюрморт з цюльпанамі” Леаніда Шчамялёва (1923) і іншых. Асаблівы гонар калекцыі — творы, напісаныя непасрэдна падчас вайны.

Хацелася б асабліва падкрэсліць: экспазіцыя “Вайна і Перамога ў творчасці беларускіх мастакоў ХХ стагоддзя” будзе дзейнічаць на працягу года. І выстава, без сумнення, прыцягне да сябе ўвагу. Бо яна адлюстроўвае тую бясстрашнасць, тое самаахвяраванне, той подзвіг, якія падарылі нам жыццё. І ў ім — сённяшняе свята: 70-годдзе Вялікай Перамогі.


Каля работы Уладзіміра Сухаверхава “За родную Беларусь” у Нацыянальным мастацкім музеі


Экспазіцыя ў Нацыянальным мастацкім музеі

Уласна, абедзве згаданыя выставы прысвечаныя жыццю, яе бязмежнай каштоўнасці. Памяць не можа прытупляцца. Нездарма ж у залах Палаца мастацтваў выстаўлены работы і маладых жывапісцаў, якія засведчылі па-свойму эмацыйны погляд на падзеі вайны, абапіраючыся на ўспаміны бацькоў і дзядоў.

Віктар Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter