Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

“Ельня”: урокі ў імя будучыні

Першы ў Беларусі спецыялізаваны экалагічны клас ужо год працуе ў школе аграгарадка Германавічы: побач з самым буйным у Беларусі азёрна-балотным комплексам.

У заказніку “Ельня” шмат звяроў і птушак

Як навучыць дзяцей бачыць прыгажосць навакольнай прыроды, адчуваць яе жывое дыханне, чуць голас аб дапамозе — тое ведаюць настаўнікі Германавіцкай сярэдняй школы, што ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебшчыны. Там летась быў адкрыты спецыялізаваны экаклас. Праз веды школьнікі рухаюцца, вобразна кажучы, шляхам ад экалогіі прыроды — да экалогіі душы. Бо толькі ў такой суладнасці, як вядома, і магчыма выжыць людзям у будучыні.

Тэхнічны каардынатар ініцыятывы па стварэнні экакласа ў Германавічах Мікалай Чэркас гаворыць, што ўсё пачалося з ідэі: расказваць юным жыхарам пра ўнікальнасць мясцовасці, далучаць іх да прыродаахоўнай дзейнасці. Аграгарадок жа — побач з самым буйным у Беларусі азёрна-балотным комплексам “Ельня”. Гэта край азёр, у сезон там цэлае мора журавін, да таго ж гэта царства пералётных птушак і ўнікальных жывёл. Аднак людзі не заўсёды беражліва ставіліся да такога прыроднага багацця: вырубкі ды непрадуманая меліярацыя, якія адбыліся ў мінулым стагоддзі, ледзь не прывялі да знішчэння балота Ельня. “Толькі дзякуючы маштабнай, сістэмнай працы, праведзенай ПРААН сумесна з Мінпрыроды Беларусі ды прадпрыемствам “Кока-Кола Беўрыджыз” у 2015 годзе, гідралагічны рэжым гэтага месца быў амаль цалкам адноўлены, — задаволены зробленым навуковец. — А для таго, каб наглядна паказаць усю маштабнасць трагедыі, якая здарылася толькі па віне чалавека, каб навучыць юных жыхароў-суседзяў Ельні беражліва ставіцца да прыроды, мы і вырашылі стварыць экаклас на базе мясцовай школы”.

Давайце зазірнем: што там, за дзвярыма новага школьнага кабінета? Сталы, крэслы — як у звычайным класе. А яшчэ паўсюль бачым аб’ёмныя фігуркі жывёл і птушак, рознае абсталяванне для лабараторных даследаванняў: прабіркі, мікраскопы. І што важна: усё, што даследуюць вучні, ёсць магчымасць адлюстраваць на вялікім плазменным экране. Яшчэ ў класе ёсць інтэрактыўныя панэлі, на якіх можна разгледзець, напрыклад, з чаго складаецца мох. Альбо даведацца, чым харчуюцца ваўкі, лісы ды іншыя насельнікі заказніка “Ельня”. І можна пачуць, як спявае вераценнік альбо курлыкаюць журавы, вухаюць совы... Вельмі шмат цікавых інфармацыйных плакатаў, на якіх адлюстравана ўся гісторыя ландшафтнага заказніка. Дарэчы, на адным з іх можна разгледзець і таго, ад каго залежыць будучыня балот: дастаткова паглядзець у люстэрка на плакаце — і ўбачыць сябе.

Мікалай Чэркас гаворыць, што ў настаўнікаў Германавіцкай школы цяпер ёсць магчымасць не толькі расказаць дзецям, але і наглядна паказаць: як фармавалася балота, хто там жыве, чаму гэтае месца ўнікальнае і, галоўнае, навошта яго неабходна берагчы. У новым класе праходзяць як урокі, факультатывы юных эколагаў, так і заняткі членаў школьнага лясніцтва. І хоць займацца юным лесаводам прыходзіцца цэлы год і ў пазаўрочны час, ды стаць працаўніком лесу тут мараць многія школьнікі. Нават у дні вакацый сябры школьнага лясніцтва прыбіраюць смецце, пакінутае нядбайнымі турыстамі, ці то майструюць шпакоўні, вядуць назіранні. Наглядаюць з цікавасцю, як бяруцца ў сілу 3000 соснаў, высаджаныя імі ўвесну.

Інтэрактыўны праект “Прырода роднага краю”, рэалізаваны пры падтрымцы ПРААН і прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыз”, — першы ў Беларусі. Ён скіраваны як на экавыхаванне школьнікаў, так і ў будучыню. Спадзяемся, экаклас у Германавічах стане прыкладам для тых, хто шукае новыя прыёмы далучэння школьнікаў да прыродаахоўнай дзейнасці.

Голас Радзімы № 28 (3532), чацвер, 27 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter