Зри в корень: как в питомниках страны выращивают саженцы для восстановления наших лесов

Елка зелянее, сонейка блішчыць

Здароў, вясновае свежае паветра і руплівая праца на прыродзе: ужо заўтра ў краіне пачынаецца чарговая, чатырнаццатая акцыя «Тыдзень лесу». Галоўная яе мэта — прыцягнуць увагу грамадства да неабходнасці беражлівага стаўлення да ляснога фонду і, зразумела, яго папаўнення. У мінулым годзе валанцёры высадзілі больш за 23 млн дрэў на агульнай плошчы каля 5,5 тысячы гектараў. Далучыцца да акцыі можа кожны, для гэтага неабходна звярнуцца ў бліжэйшыя лясгас ці лясніцтва. Там забяспечаць і пасадачным матэрыялам, і неабходнымі інструментамі, а таксама пакажуць месцы, дзе павінен вырасці малады лес. Карэспандэнт «Р» зацікавілася, адкуль бяруцца высадкі разнастайных дрэў, і адправілася ў лясны гадавальнік.

Вераніка Стасевіч, інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі, правярае якасць пасадачнага матэрыялу.

Навука вырошчвання

Асноўнымi лесаўтваральнымi пародамi дрэў у краiне традыцыйна застаюцца сасна, елка i бяроза. Iх вырошчванню аддадзена значная ўвага i ў лясным базiсным гадавальнiку Бярэзiнскага лясгаса.


— У нас два асноўныя напрамкi працы: вырошчванне пасадачнага матэрыялу для закладкi лесу, а таксама дэкаратыўных дрэў i кустоў для забеспячэння насельнiцтва i арганiзацый матэрыялам для добраўпарадкавання i ўпрыгожвання тэрыторый, — зазначае Аляксандр Вайтовiч, начальнiк гадавальнiка. — Перавага аддаецца хвойным пародам, але неабходна ствараць i змешаныя пасадкi. Таму для аднаўлення лясоў гадуем не толькi сасну i елку, але i бярозу, ясень, дуб, алешыну чорную, лiпу, клён, лiстоўнiцу. У дэкаратыўным аддзяленнi растуць туi, ядловец, кiпарысавыя вiды, якiя ўжо цалкам адаптавалiся да нашага клiмату, спiрэя, фарзiцыя, язмiн, вярба i многае iншае.

Перад пачаткам адгрузкі пасадачнага матэрыялу спецыялісты павінны ўсё праверыць.

Агульная плошча гадавальнiка Бярэзiнскага лясгаса — 27 гектараў. Для лесааднаўлення тут вырашчана каля 9 млн экзэмпляраў высадкаў разнастайных дрэў. Гадавальнiк поўнасцю забяс-печвае патрэбы свайго лясгаса ў пасадачным матэрыяле, а таксама пастаўляе прадукцыю на ўнутраны рынак.

— У нас ажыццяўляецца поўны цыкл вырошчвання, нават насеннем забяспечваем сябе самi, — ганарыцца Аляксандр Мiкалаевiч. — Часткова збiраем у лесе, але маем i сваё, селекцыйнае. Вось бачыце там, каля лесу, сосны? Гэта наша лесанасенная плантацыя. Каб стварыць яе, у лесе выбiраецца лепшае дрэва, з яго зразаюць парасткi i ўкараняюць iх на прышчэпу. Гэтыя маленькiя дрэўцы атрымлiваюць у спадчыну ўсе матчыны ўласцiвасцi i якасцi. Затым iх высаджваюць на вызначаныя ўчасткi, а ўжо адтуль нарыхтоўваюць палепшанае насенне.


У гэтым годзе сабрана 40 тон насення сасны, а елкi — каля 20 тон. А вось на жалуды сёлета неўраджай: аказваецца, збiраць iх можна не кожны год. Гэта цэлая навука: перш чым прыступiць да збору насення, праводзяць феналагiчныя назiраннi.

У закрытым грунце атрымліваюць больш моцныя саджанцы.

Для закладкi пасадачнага матэрыялу выкарыстоўваецца спецыяльная лясная сеялка, якая адпраўляе зярняткi проста ў грунт. Можна вырошчваць iх i ў цяплiцах. Плошчы, зразумела, меншыя, але ў закрытым грунце атрымлiваецца матэрыял лепшай якасцi. 

Ад пасадкi зярнятка да пераезду саджанца на самастойнае жыццё ў лес праходзiць розны перыяд. Сасне, напрыклад, дастаткова года-двух, а елкi праводзяць у гадавальнiку першыя тры-чатыры гады жыцця. Веранiка Стасевiч, iнжынер па лесааднаўленнi i мелiярацыi, зазначае, што ў нашай краiне вiтаецца закладка буйнапамернага пасадачнага матэрыялу: ён лепш прыжываецца, яго лягчэй даглядаць пасля высадкi ў лесе.

Маладзенькія сеянцы бярозы падобныя да аловачкаў.

Дзiцячы сад для елкi

У чаканнi пераезду на пастаяннае месца жыхарства зiхацiць расой на зялёных лапках цэлая плантацыя трохгадовых елачак — больш за 5 млн экзэмпляраў. Лiтаральна сёння-заўтра сюды прыйдзе трактар са спецыяльным клямарам, стане на граду i выкапае «моладзь», крыху падрэзаўшы карэньчыкi. Гэта пойдзе дрэўцам на карысць: так стымулюецца фармiроўка каранёвай сiстэмы. Затым iх апрацуюць спецыяльным растворам, якi не дазволiць высахнуць прыдаткавым карэньчыкам, i адправяць па лясгасах i ляснiцтвах.

Больш за 5 млн экзэмпляраў трохгадовых елачак хутка пераедуць у лес, на пастаяннае месца жыхарства.

Лiставыя дрэвы пакуль цяжка адрознiць: ясенi, дубы i бярозы выглядаюць як аловачкi, што тырчаць на градах. У адной з цяплiц кiпiць праца: тут капаюць сеянцы бярозы, ачышчаюць карэньчыкi ад зямлi, каб апрацаваць iх спецыяльным абсарбiруючым саставам, якi ўтрымае вiльгаць у карнявой зоне. На плошчы ў 360 квадратных метраў вырасла каля 200 тысяч дрэўцаў.



Крыху далей пушыстым дываном пакрылi зямлю ў больш буйной цяплiцы 500 тысяч малюсенькiх гадавалых хвоек. Пустазелля сярод iх не вiдаць: хвоi, хоць i зусiм маленькiя, на сваёй тэрыторыi чужых не пацерпяць. Дарэчы, для iх высадкi выкарыстоўваецца не звычайны грунт, а спецыяльны субстрат на тарфяной аснове. 



Аляксандр Вайтовiч звяртае ўвагу, што ў гадавальнiку выкарыстоўваюцца самыя перадавыя тэхналогii для догляду саджанцаў. На ўсёй тэрыторыi створана сiстэма аўтаматычнага палiву, ёсць i спецыяльная машына, якая падключаецца да любога з сеткi гiдрантаў. Для механiзаванага догляду раслiн на пасяўных аддзяленнях выкарыстоўваюцца спецыяльныя агрэгаты, якiя падрыхляць глебу, выдаляць пустазелле, унясуць мiнеральныя падкормкi i ўгнаенне, сродкi абароны ад хвароб. Намаганнi даюць добры вынiк: у мiнулым годзе тут выра-шчана каля 10 млн гадаванцаў, 777 тысяч з якiх — саджанцы, а больш за 8,6 млн — сеянцы.



— Падчас акцыi «Тыдзень лесу» ў гэтым годзе Бярэзiнскi лясгас плануе высадзiць больш за 120 тысяч дрэў на плошчы звыш 20 гектараў. У кожным з дзесяцi нашых ляснiцтваў ужо падабраны дзялянкi, на якiх падрыхтавана глеба. Мяркуем, што ўдзел у пасадцы лесу прымуць не менш за 400 чалавек: школьнiкi, работнiкi прадпрыемстваў, прадстаўнiкi мясцовых улад, — падлiчыў Вiталь Умiнскi, намеснiк дырэктара лясгаса па iдэалагiчнай рабоце.

nevmer@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter