На вуліцах Мінска з’явіўся новы від гарадскога транспарту

Электробус набірае ход

Рухавікі ўнутранага згарання найбольш забруджваюць паветра ў вялікіх гарадах. І Мінск – не выключэнне. Аднак ёсць надзея, што з часам паветра ў горадзе стане больш чыстым. Цяпер на вуліцах сталіцы пачалі з’яўляцца электробусы, прычым – беларускай вытворчасці.

Нагадаем, першы электробус, з запасам ходу на 12 кіламетраў пасля пяціхвіліннай падзарадкі, выйшаў “на публіку” летась напрыканцы верасня. Дэманстраваўся ён на выставе “БелАгра-2016”. Машына створана, як вядома, на мінскім прадпрыемстве “Белкамунмаш”. Дарэчы, па дызайне Электробус Е433 мала чым адрозніваецца ад новых мінскіх тралейбусаў ці гібрыднага аўтобуса, створанага ў 2012 годзе. У яго камфортны салон на 90 пасажыраў, 29 месцаў для сядзення. Ад электробуса няма шкодных выкідаў у атмасферу. Машына будзе зараджацца на прыпынку ці дыспетчарскай станцыі, адпраўляцца па маршруце, пасля – падзараджацца па меры неабходнасці. Для хуткай зарадкі на даху яе ёсць спецыяльнае прыстасаванне.

У Мінску абкатваюцца два ўзоры электробусаў, а ў першым квартале 2017-га на гарадскія маршруты выйдуць яшчэ 18 машын.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter