На электрадойкі не хапае энергіі мясцовых улад

Электрадойкi без энергii райсаветаў

ПАДСОБНАЯ гаспадарка да сённяшняга часу — адна з важнейшых крыніц фінансавай падпіткі вяскоўца. Асабліва калі ў ёй ёсць карова. На жаль, малочны статак у гэтым сектары з году ў год скарачаецца. Тлумачэнні стандартныя: у пенсіянераў не хапае сіл, а моладзь не жадае, бо з жывёлай шмат клопатаў.

І праўда. Адной з праблем з’яўляецца даенне. Калі на фермах даўно малакапровады і нават робаты, то вясковец доіць, як сто і дзвесце год таму — рукамі.

Нядаўна адно прадпрыемства наладзіла выпуск спецыяльных перасоўных міні-доек. Выгада яўная — за лічаныя хвіліны ёй можна падаіць некалькі кароў. Але, як не дзіўна, устаноўкі  купляюць не надта. З пачатку года на ўсю краіну разышлося каля 100 штук. Больш за ўсё набылі іх у Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях  і толькі адзінкі ў Гродзенскай. Прадстаўнікі апошняй між іншым паскардзіліся, што не ведалі аб апараце, хаця на сайце прадпрыемства ў інтэрнэце як быццам усё распісана. Аднак паспрабуй знайсці той сайт ды здагадайся, што менавіта на гэтым заводзе вырабляюць тыя апараты.

Гэта адно. Другое — цана. Для электрадойкі яна — 770 рублёў, а для бензінавай — 838. На першы погляд, грошы нібыта і не такія вялікія, аднак толькі не для вяскоўца, дзе лічаць кожны рубель. У прынцыпе, па вялікаму рахунку, хто трымае 5—6 кароў, грошы гэтыя можна за месяц-паўтара за малако вярнуць. Але ж неабходна мець  на ўвазе і псіхалогію вяскоўца, які ніколі не купіць ката ў мяшку.

Гэта, бачна, меў на ўвазе і старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, калі тры гады таму ўпершыню ўбачыў электрадойку ў Мінску на выставе і прама адтуль забраў яе, а потым угаварыў кіраўніцтва ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат” набыць такія ўстаноўкі  і перадаць бясплатна для ўладальнікаў падсобных гаспадарак, якія трымаюць па пяць кароў. Адтуль і пайшло. Хутка па хадайніцтву старшыні суседняга Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Шпеца камбінат набыў таксама электрадойку і для  Венедзікта Казарэвіча з аграгарадка Вялікае Сяло.

“Сельская газета” пісала пра гэтую ініцыятыву. Менавіта дзякуючы ёй справа тады некалькі зрушылася з месца. Цяпер толькі ў Германавіцкім сельсавеце, дзе жыве Венедзікт Казарэвіч, маюць электрадойкі чатыры гаспадары. Ён зараз, праўда, гадуе толькі дзвюх кароў, але тая электрадойка не засталася без справы: яна “перавандравала” да дачкі ў аграгарадок Навасельцы, якая мае пакуль што трох рагуль. 

Аб чым хацелася б сказаць. Набыццё Глыбоцкім малочна-кансервавым камбінатам электрадоек для сваіх малаказдатчыкаў аказалася прадбачлівым і абдуманым крокам.  Не было б гэтых апаратаў — і хутчэй за ўсё многія б не трымалі сёння па 5—6 кароў. А так за 10 месяцаў у Глыбоцкім раёне з падсобных гаспадарак прададзена звыш 4890 тон малака, па Шаркаўшчынскаму — 4996 тон. Лічы, яшчэ два буйныя сельгаспрадпрыемствы.

На жаль, ініцыятывы сваіх калег, набыццё электрадоек для лепшых  малаказдатчыкаў, якія трымаюць па 4—5 кароў, не падтрымалі ў іншых мясцінах.

Калі рыхтаваў матэрыял, пазваніў у некаторыя райсаветы дэпутатаў. Ні ў адным не маглі сказаць не толькі пра колькасць  даільных апаратаў у падсобных гаспадарках, а нават не ведалі, ці ёсць яны.

Былі і такія адказы: а навошта тая электрадойка, калі кароў мала, а калі і трымаюць, то не больш адной-дзвюх?

Падумаў: можа, людзі таму і не гадуюць жывёлу, што трэба яе ўручную даіць.  І узгадаў старшыню Глыбоцкага райсавета дэпутатаў Галіну Унуковіч, яе шаркаўшчынскага калегу Уладзіміра Шпеца, якія па ўласнай ініцыятыве аблегчылі працу вяскоўцаў. І тыя не засталіся ў даўгу. А чаму ж спяць у шапку астатнія райсаветы?

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter