Элегія для намаляванага піяніна

Стужка беларускага рэжысёра Ірыны Кадзюковай “Казкі старога піяніна. Фрэдэрык Шапэн” намінавана на расійскую кінапрэмію “Залаты арол” як лепшы анімацыйны фільм.
Стужка беларускага рэжысёра Ірыны Кадзюковай “Казкі старога піяніна. Фрэдэрык Шапэн” намінавана на расійскую кінапрэмію “Залаты арол” як лепшы анімацыйны фільм.

Аб адукацыйным анімацыйным праекце сумеснай вытворчасці “Беларусьфільма” і расійскай студыі “М.И.Р.” сёння ведаюць ва ўсім свеце. Ён быў прэзентаваны ў Амерыцы, Італіі, Францыі і іншых краінах. Расійскі ўрад узнагародзіў яго ганаровай прэміяй у галіне культуры, а музей “Луўр” уключыў фільмы цыкла ў спецыяльную праграму для паказу дзіцячай аўдыторыі.

Сэнс праекта — даступным спосабам распавесці аб доўгім жыццёвым шляху вялікіх кампазітараў, іх памкненнях і дасягненнях. Задача не з простых — рэжысёры абмежаваны ў хронаметражы. Аднак і расійскія, і нашы рэжысёры нядрэнна з ёй спраўляюцца. Сярод фільмаў беларускай вытворчасці — карціны, прысвечаныя Сяргею Пракоф’еву (рэжысёр Юлія Цітова), Роберту Шуману і Іагану Баху (Алена Пяткевіч), Людвігу ван Бетховену (Уладзімір Пяткевіч) і Фрэдэрыку Шапэну (Ірына Кадзюкова). Серыя, прысвечаная Шапэну, якая намінавана на сёлетняга “Залатога арла”, пачынаецца з вострава Маёрка, дзе галоўны герой бавіць час у кампаніі французскай пісьменніцы Жорж Санд. Аднойчы ўвечары па просьбе яе дачкі кампазітар пачынае распавядаць пра сябе — успамінае, як ужо ў тры гады складаў першыя мелодыі ў бацькоўскім доме, а ў восем музіцыраваў у вялізнай зале палаца Радзівілаў падчас балю.

Фільмы з цыкла “Казкі старога піяніна” неаднаразова намінаваліся на прэмію “Залаты арол”, а карціна “І. С. Бах” беларускага рэжысёра Алены Пяткевіч стала яе лаўрэатам у 2012 годзе. Ці атрымаецца ў Ірыны Кадзюковай паўтарыць дасягненне сваёй калегі і займець фігурку “Залатога арла”, даведаемся 23 студзеня, калі адбудзецца ўручэнне чарговай прэміі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter