Специальные плантации для вырубки и елки из питомника: посмотрели, как лесхозы готовятся к предновогодней торговле

Елачкi з iголачкi

Крыху больш за тыдзень — i можна адпраўляцца па пухнатую навагоднюю прыгажуню. Першыя елачныя кiрмашы адкрыюцца ў краiне 19 снежня. Як бы ні мянялiся з гадамi нашы ўяўленнi аб навагоднiм дызайне, яго прыгажосцi i практычнасцi, попыт на жывую елку будзе заўсёды: менавiта яе густы хваёвы водар i зялёныя калючыя iголкi ствараюць святочны настрой i прымушаюць паверыць у цуд. Каб убачыць, якiя дрэвы апынуцца ў нашых дамах пад Новы год, карэспандэнт «Р» адправiўся ў дзяржаўную лесагаспадарчую ўстанову «Смалявiцкi лясгас».

Высечка елак да Новага года шкоды прыродзе не наносіць, бо дрэвы вырошчваюць на спецыяльных плантацыях.

З плантацыі ў дом

Да Новага года работнікі лясгаса збіраюцца нарыхтаваць больш за тысячу дрэў. Ляснічы Валмянскага лясніцтва Міхаіл Шнітоўскі пры­знаецца, што справа гэта толькі на першы погляд здаецца простай:

— Іголкі колюць рукі, сыплюцца за каўнер, а калі снег вышэй за шчыкалаткі, нават да дрэва дайсці цяжка. Пакуль атрасеш ялінку ад снегу, пакуль высечаш — увесь прамокнеш. Часам трэба нарыхтаваць больш дрэўцаў, часам менш, але ў сярэднім у дзень нарыхтоўваем 60–80 штук. Гэта каля 10–20 елачак на работніка, даволі вялікая нагрузка. Так працягваецца два тыдні, без выхадных.

Як бы супярэчліва гэта ні гучала, але высечка елак да Новага года шкоды прыродзе не наносіць, бо дрэвы вырошчваюць на спецыяльных плантацыях.

— Плошча такой плантацыі — 2,2 гектара, тут прыкладна 8–9 тысяч еўрапейскіх елак, — распавядае ляснічы. — Акрамя таго, елкі да свят нарыхтоўваюць падчас дзяжурнай высечкі ў месцах, дзе іх быць не павінна: на абочынах дарог, у зоне газаправодаў, ЛЭП. Таксама высечка можа насіць і санітарны характар: лясны масіў прарэджваюць, калі дрэў становіцца занадта шмат, каб не высільвалася глеба.

Да Новага года работнікі лясгаса збіраюцца нарыхтаваць больш за тысячу дрэў. 

Больш за ўсё Міхаілу падабаецца адчуваць у сваёй працы дачыненне да свята, мець зносіны з людзьмі, якія прыязджаюць не проста па атрыбут, а па добры настрой. Паступова ён перадаецца і ляснічым:

— Жыццё мяняецца, і жаданні людзей таксама. Калі ў савецкі час людзям было досыць самай звычайнай, нязграбнай елкі, то цяпер, асабліва ў моладзі, патрабаванні іншыя: дрэва павінна быць геаметрычна роўным, пухнатым і каб стаяла да вясны. Елка, зразумелая справа, рана ці позна засохне, але месяц прастаяць можа. Трэба толькі правільна даглядаць: паставіць у зямлю або слоік з вадой, паліваць і ўвільгатняць галінкі, не размяшчаць побач з батарэяй або камінам.

Еўрапейская ці блакітная?

Пакінуўшы плантацыю еўра­пей­скай елкі, адпраўляемся ў Драчкоўскі гадавальнік, дзе больш шырокі асартымент: калючая, канадская і блакітная елкі — толькі малая частка. Усяго ў гадавальніку каля 80 відаў іглічных, ліставых і кустовых дрэў, менавіта тут можна ўбачыць ялінкі ў кадушках. Нас сустракае начальнік гадавальніка Смалявіцкага лясгаса Алена Сыцько.

— Вось тут у нас трохгадовая елка расце, — паказвае суразмоўца на 40–60-сантыметровыя ялінкі, праводзячы экскурсію на мясцо­васці.

— Тры гады — і такая маленькая? — не хаваю здзіўлення.

— Пойдзем пакажу аднагодкі, і вы зразумееце, што гэта не такая ўжо і маленькая, — усміхаецца Алена.

— Аднагодкі? Там, дзе пустое поле і проста снег ляжыць?

— Так, гэта вясной 2020 года пасеяна.

— А які від елкі лепш ставіць у кватэру на Новы год? — карыстаючыся кампетэнцыяй суразмоўцы, задаю актуальнае пытанне.

— Універсальная парада — стаўце еўрапейскую елку. Напрыклад, у блакітнай — спецыфічны пах, як у ядлоўцу, — не кожнаму падабаецца. З іншага боку, гэта дрэва з блакітным адлівам, яно больш пухнатае, іголкі больш тоўстыя.

Плошча такой плантацыі — 2,2 гектара, тут прыкладна 8000–9000 еўрапейскіх елак.

Гадавальнік — гэта свой непаў­торны свет дрэў. На яго тэрыторыі знаходзяцца цяпліцы, сістэма паліву аўтаматычная. Калі вясной не паспяваюць пасадзіць усе са­джанцы, ёсць халадзільнік. Працуе гадавальнік і 31 снежня. Бывае, што і ў гэты дзень прыязджаюць пакупнікі па елкі, спадзеючыся паспець набыць прыгажуню да наступлення Новага года.

Цэны на дрэвы залежаць ад месца рэалізацыі, сорту і вышыні. Елка або хвоя з самавывазам з лясніцтва будзе каштаваць: ад 1,1 метра — да 2–15 рублёў, ад 2,1 да 3 метраў — 18 рублёў, пачынаючы з 3,1 метра — да 4–73 рублёў. У лясгасе, дарэчы, прадаюць і вялікія елкі для ўстаноўкі на плошчы: ад 15 да 20 метраў за 581 рубель. У гадавальніку можна набыць дрэвы ў кадушках — іх вышыня не перавышае аднаго метра: елка еўрапейская ў кадушцы — 25 рублёў, елка калючая ў кадушцы — 35 рублёў, хвоя ў кадушцы — 15 рублёў, букет навагодні (прыгожа звязаныя ў букет яловыя галінкі даўжынёй не больш за паўметра) — 5 рублёў.

Работнікі лясгасаў не стамляюцца пераконваць аматараў дармаўшчыны: лепш купіць дрэва на базары ці непасрэдна ў лясгасе, чым плаціць штраф да 50 базавых велічынь. З незаконнай высечкай змагаюцца — арганізоўваюць рэйды, пасты ўздоўж дарог і ўстанаўліваюць камеры фотафіксацыі.

Арцём БЯГОЎСКІ.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter