Ванна с водой и почти естественные условия обитания — как переносят жару животные из «Эдемского сада» Жировичского монастыря

Экзотыка рукатворнага саду

«Эдэмскi сад» у Старых Жыровiчах — не проста манастырскае падвор’е, а значны аб’ект турызму. Сюды заязджаюць i паломнiкi, i турысты, якiя абралi адпачынак у Беларусi. Прагуляцца па цянiстай алеi, палюбавацца коньмi, паглядзець на рэшткi некалi шыкоўнай сядзiбы i проста падыхаць свежым паветрам — усё гэта можна зрабiць у адным месцы. Узначальвае працу незвычайнага заапарка пад адкрытым небам настаяцель Свята-Траецкага сабора ў Слонiме протаiерэй Дзмiтрый Сёмуха, а дапамагае яму наглядчыца Таццяна Леановiч.

Нядаўна ў «Эдэмскім садзе» пабудавалі царкоўную каплічку.

Напрошваемся ў госцi i перш за ўсё iдзём адведаць мядзведзя Таптыжку. Аднак атрымлiваецца ўбачыць толькi пушыстую карычневую спiну. Драпежнiк знемагае ад спякоты, забiўшыся ў далёкi кут клеткi.

— Гэта наш першы кватарант, — расказвае пра пастаяльца Таццяна Леановiч. — Каб яму было лягчэй пераносiць спёку, ставiм у яго жыллё ванну з вадой. Ён з задавальненнем там ляжыць. Спецыялiсты сцвярджаюць, што гэта самы вялiкi мядзведзь у Беларусi. Вось тут янот Харытон жыве. Цукеркi вельмi любiць. Часам уцякае на волю. Праз нейкi час тэлефануюць жыхары вёскi i просяць забраць «тхара». Самае галоўнае — каб у жывёл была чыстая вада для спатолення смагi. За гэтым строга сочым, хоць, самi бачыце, тэрыторыя вельмi вялiкая, i патрабуюцца сiлы, каб проста абысцi яе некалькi разоў на дзень. Прыязджаю сюды пасля таго, як завяршу справы на ферме. Працую там загадчыцай.

Шматдзетная сям’я Багародчанка часта зазірае да любімых гадаванцаў.

Старыя Жыровiчы — так называюць мясцовыя жыхары ўчастак зямлi, дзе сёння разбiты заасад, — яшчэ некалькi гадоў таму былi амаль непраходнымi зараснiкамi. Рэшткi некалi цудоўнай сядзiбы Аляксандра Солтана параслi бур’яном i пустазеллем. У 2010 годзе ўсё гэта перадалi Жыровiцкаму манастыру.

— Задумалiся: як яго выкарыстоўваць? — успамiнае айцец Дзмiтрый. — З благаславення Уладыкi Гурыя вырашылi даць магчымасць людзям убачыць прыгажосць Богам створанага свету. Аднавiлi сажалкi, высеклi хмызнякi, расчысцiлi дарожкi, сталi будаваць вальеры i засяляць iх жывёламi. Агульнымi намаганнямi рэанiмавалi яблыневы сад, якi займае больш за 20 гектараў.

Усе стараннi манаскай брацii накiраваны на стварэнне падабенства Эдэмскага саду, дзе прадстаўлены дзiкiя i хатнiя жывёлы.

Сын наглядчыцы Таццяны Леановіч ведае ўсіх жывёл па мянушках.

— Вось дзiкабразы, — паказвае наглядчыца на пацешных раслiннаедных з доўгiмi iголкамi на спiне. — Калючкi ў iх, дарэчы, доўгiя, але мяккiя. Далей — лiсiцы, бенгальскi кот, насухi, авечкi, фазаны, паўлiны, нутрыi... Зараз амаль усе жывёлы лiняюць, таму многiя выглядаюць не вельмi прэзентабельна. Дзецям больш за ўсё падабаецца кантактаваць з маленькiмi понi, трусамi i марскiмi свiнкамi. Iх можна пагладзiць, а малых — узяць на рукi.

Адрозненне «Эдэмскага саду» ад звычайнага заапарка — у даверлiвым стаўленнi жывёл да людзей.


— Нашы «сабачкi», — спыняецца Таццяна Iванаўна ля клеткi з ваўкамi. — Гэта пара. Вельмi ласкавыя, любяць увагу. Сёлета ў iх нарадзiлiся ваўчаняты.

Плошча падвор’я — больш за 50 гектараў. Жывёлам ёсць дзе разгуляцца. Большасць насельнiкаў «райскага кутка» жыве практычна ў натуральных умовах, некаторыя i зусiм без вальераў. Быццам бы заапарк атрымаўся, проста не зусiм звычайны.

Горныя казлы адчуваюць сябе выдатна пад кронамі векавых дрэў.

— Для страусаў на зiмоўку пабудавалi невялiкi драўляны домiк, — дадае айцец Дзмiтрый. — Яны цеплалюбiвыя, таму без уцяплення зiму могуць не перажыць. Як бачыце, яны асаблiва не хаваюцца ад пякучага сонца. На падворку — мноства цiкавых пастаяльцаў.

Смела можна сказаць: атрымаўся вельмi пазнавальны кантактны заапарк, хоць аб такой колькасцi жывёл не думалi.

— Неяк само сабой выйшла, — прызнаецца айцец Дзмiтрый. — Людзi проста тэлефануюць i пытаюцца: «Возьмеце лiсiцу?» Адказваем: «Вязiце». А куды? Пачынаем будаваць вальер. З цырка не раз прапаноўвалi мядзведзяў. Але ў нас ёсць адзiн, i больш заводзiць не збiраемся. Ужо занадта клопатная гэта справа.

Белыя лісіцы млеюць ад спёкі і хаваюцца ў норы.

На думку айца Дзмiтрыя, наведвальнiкi заасаду павiнны атрымлiваць пазiтыўны настрой ад прагулак.

— Планаў па пашырэннi тэрыторыi i павелiчэннi колькасцi жывёл у нас няма, а вось па добраўпарадкаваннi — хапае, — раскрывае сакрэт протаiерэй. — Вось дзе мы зараз з вамi iдзём? Гэта старадаўняя брусчатка. Да 1939 года тут жылi людзi. У нас працуюць гiсторыкi, даследчыкi, каб атрымаць больш iнфармацыi аб гэтым месцы. Некаторыя часткi руiн датуюцца XV стагоддзем. Сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць адно: менавiта на гэтым кавалачку зямлi жыў Аляксандр Солтан, якому пастушкi прынеслi абраз Жыровiцкай Божай Мацi. На месцы яго з’явы Солтан паабяцаў пабудаваць храм, якi пасля быў знiшчаны пажарам. Гэта асаблiвая зямля.

vrublevskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter