С дипломом – в больницу: как СOVID-19 испытывает на прочность вчерашних студентов

Экзамен на прафесійную прыгоднасць

Сёлета ў бальніцы і паліклінікі Віцебскай вобласці прыйшло каля 500 выпускнікоў медыцынскіх ВНУ, у тым ліку 250 інтэрнаў і звыш 230 маладых спецыялістаў, якія скончылі медкаледжы. Многія з іх цяпер працуюць на перадавой — змагаюцца за жыццё і здароўе людзей з каронавіруснай інфекцыяй. Як праходзіць у такіх нестандартных і нават экстрэмальных умовах прафесійнае станаўленне ўчарашніх студэнтаў? З якімі праблемамі яны сутыкаюцца? Ці была дастатковай тэарэтычная падрыхтоўка? Каб пра гэта даведацца, мы пазнаёміліся з маладымі кадрамі Шумілінскай ЦРБ.

Урач агульнай практыкі Анастасія ПЕЧАНЬ, інтэрн Яўген КАЛЕСНІКАЎ і медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Зарына ЗАБІРАВА.

Увага — кожнаму медыку

Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Вольга Скарабагатая знаёміць з сітуацыяй:

— Раён у нас невялікі. Як, адпаведна, і штат медыкаў. Таму кожны доктар, фельчар, медсястра — на слыху. «Схавацца» за больш дасведчанымі калегамі не атрымаецца. Таму і аўтарытэт сярод пацыентаў нашы навічкі напрацоўваюць самі. Характэрна, што маладыя кадры — у асноўным мясцовыя хлопцы. Добра ведаюць раён, знаёмы з падапечнымі. Гэта бясспрэчны плюс. Паглядзіце на нашу кантактную брыгаду, якая абслугоўвае амбулаторных хворых ковід-інфекцыяй. Моладзь — як на падбор: актыўная і дасведчаная.

Знаёмімся. Кантактная брыгада як раз збіраецца на выезд. Урач Анастасія Печань першы год працуе самастойна на пасадзе ўрача агульнай практыкі. У мінулым годзе была інтэрнам тут жа, у райбальніцы, і таксама абслугоўвала ковідных хворых. Бясконцыя супрацьчумныя касцюмы, бахілы, рэспіратары... Сапраўднае баявое хрышчэнне! Але Анастасія Аляксандраўна ні на што не скардзіцца і нават жартуе: за год праз яе прайшло столькі новай інфармацыі, як за шэсць гадоў універсітэцкай вучобы. Каронавірус шмат чаму навучыў, а галоўнае — выпрацаваў звычку заўсёды быць напагатове.

— Да абеду я прымаю пацыентаў, за мной замацаваны ўчастак, да якога адносяцца 2,2 тысячы чалавек, — распавядае Анастасія пра свае будні. — Пасля з кантактнай групай выязджаем у Шуміліна і іншыя населеныя пункты раёна на дом да амбулаторных хворых і тых, хто на самаізаляцыі. Ці складана працаваць з пацыентамі, у каго пацвержданы СOVID-19? Не сказала б. Такія ж, як і астатнія, можа, болей напалоханыя невядомым вірусам і маюць патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы. Кожны «бачыць» у сябе пнеўманію. Мы гэта ўлічваем. Абследуем, размаўляем, тлумачым, выдаём бясплатныя лекі. А наступны раз прыязджаем — і чалавеку ўжо лепш. А ў цябе — пачуццё задавальнення!

Насця прызнаецца, што шмат часу неабходна надаваць самаадукацыі. З кожным днём з'яўляецца ўсё больш інфармацыі пра вірус, агучваюцца новыя сімптомы, часта карэкціруюцца пратаколы лячэння. СOVID-19 не хоча здавацца — відазмяняецца. І да гэтага трэба быць падрыхтаваным. Дарэчы, дзяўчына — не адзіны медык у сям'і. Яе бабуля Надзея Антонаўна ўсё жыццё працавала ў медыцыне: спачатку ў Сібіры, потым у Шумілінскай ЦРБ і адным з сельскіх ФАПаў раёна.

— Спачатку я марыла стаць судмедэкспертам, але потым перадумала, — гаворыць Анастасія Печань. — І ніколькі не шкадую. Няпростыя абставіны з пандэміяй успрымаю як экзамен на прафесійную прыгоднасць.

Многія з выпускнікоў медыцынскіх ВНУ і медкаледжаў цяпер працуюць на перадавой — змагаюцца за жыццё і здароўе людзей з каронавіруснай інфекцыяй.

Замест Мінска — у глыбінку

Галоўны ўрач бальніцы Вольга Скарабагатая сцвярджае: згодна са статыстыкай выздараўленняў і ўлічваючы водгукі пацыентаў, маладыя кадры добра спраўляюцца з гэтым выпрабаваннем.

Урач агульнай практыкі інтэрн Яўген Калеснікаў працуе ў ЦРБ амаль чатыры месяцы. Але да гэтага, яшчэ падчас вучобы ў ВНУ, тры гады запар праходзіў тут практыку. Як і Насця, ён мог паехаць працаваць у Мінск ці Віцебск, аднак вярнуўся на радзіму.

На выклікі і абследаванні ў бліжэйшыя вёскі Раман ездзіць на службовым веласіпедзе.
Зараз Яўген Пятровіч асвойвае інфекцыйную спецыялізацыю пад чулым кіраўніцтвам дасведчанага інфекцыяніста Святланы Ляснічэнкі. Разам з доктарам Печань працуе ў кантактнай брыгадзе і выязджае дадому да хворых каронавірусам, дапамагае ў стацыянары. Сам Яўген, як заўважыла галоўны ўрач, праз некаторы час можа заняць пасаду загадчыка амбулаторыі ў пасёлку Нікіціха. Ён кажа, што пакуль ёсць магчымасць, асвойвае ўсё запар:

— У жыцці лішніх ведаў не бывае. Я вучыўся ў кадэцкім вучылішчы і спачатку марыў стаць ваенным урачом, але перадумаў. Бацькі маім выбарам задаволены. Я першы ў сям'і лекар. Мама — настаўніца, бацька — ветэрынар. За гэты час я зразумеў, што выбраў верны, хоць і складаны шлях. Пацыенты ўсе розныя, і да кожнага трэба знайсці падыход. Часам гэта бывае няпроста. Нядаўна бабуля ў стацыянары заявіла, што ртутны тэрмометр «няправільны». Аказалася, яна проста не ўмее ім карыстацца. Спрабавала збіць «лінейку» да нуля, а не атрымлівалася... Пенсіянерцы можна пазайздросціць — не было неабходнасці раней вывучаць настолькі «складаны» прыбор.

З раніцы Яўген таксама вядзе прыём пацыентаў у паліклініцы. Потым абзвоньвае амбулаторных хворых: як сябе адчуваюць, якія новыя сімптомы з'явіліся, ці не падымалася тэмпература? Такім чынам складаецца маршрутны ліст кантактнай брыгады на бягучы дзень. Абавязкова з улікам спісу хворых і іх кантактаў, які пастаянна абнаўляе санэпідслужба.

— Да кожнага пацыента з COVID-19 за час лячэння прыязджаем дадому па 2—3 разы. У астатні час трымаем сувязь па тэлефоне. Дома я шмат чытаю, знаёмлюся з вопытам работы айчынных і замежных спецыялістаў. На жаль, мяркуючы па ўсім, нам яшчэ доўга прыйдзецца жыць з небяспечным вірусам. Таму трэба быць у курсе ўсіх апошніх даследаванняў і напрацовак, — дзеліцца думкамі Яўген.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і Зарына Забірава, медсястра тэрапеўтычнага аддзялення, якое часова перапрафіліравалі ў інфекцыйнае. Дзяўчына таксама працуе першы год. І сцвярджае: практычныя навыкі, на засваенне якіх у звычайных умовах спатрэбілася б паўгода-год, удалося адпрацаваць да аўтаматызму ўжо за першыя два месяцы працы. І гэта пры тым, што ўсіх цяжкіх хворых Шумілінская ЦРБ адпраўляе на лячэнне ў Віцебск.

Лепшы фельчар на вёсцы

Раман КАРНІЛАЎ: «Штодня наведваю тых, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі па COVID-19».
Пасёлак Дабея знаходзіцца за дзесяць кіламетраў ад райцэнтра. Тут ёсць ФАП, які зусім нядаўна ўзначаліў малады спецыяліст — акушэр, памочнік урача па амбулаторнай дапамозе Раман Карнілаў. Хлопец мясцовы. Пасля заканчэння Аршанскага медкаледжа вярнуўся на радзіму. Зараз зона яго абслугоўвання — дзесяць вёсак і 290 чалавек. Большая частка пацыентаў — пенсіянеры, у тым ліку інваліды, састарэлыя, адзінокія.

Як жа Раман Уладзіміравіч падтрымлівае гутарку з бабулямі і дзядулямі? Гэта пытанне і задаём вельмі строгаму з выгляду сельскаму медыку.

— Усё ў парадку. Сістэма наладжана. Каля дзясятка наведванняў пацыентамі ФАПа ў дзень, 3—4 выклікі дадому, — тлумачыць Раман. — Бывае і такое, што бабулі проста прыходзяць пагаварыць: атрымаць псіхалагічную падтрымку, знайсці душэўную раўнавагу. Думаеце, на гэта не трэба звяртаць увагі? Яшчэ як трэба! Псіхалагічныя праблемы могуць абвастрыць хранічныя захворванні, так што лепш аддаць перавагу прафілактыцы. Штодня наведваю тых, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі па COVID-19. Некалькі разоў ездзіў у вёску Лялюгі да 92-гадовай жыхаркі. Пенсіянерка жыве адна, ёй дапамагае сацработнік, але і так зразумела, што бабулі так не хапае субяседнікаў. Ёсць пэўныя праблемы і са здароўем. Таму пры кожным зручным выпадку заходжу да яе.

На выклікі і абследаванні ў бліжэйшыя вёскі Раман ездзіць на службовым веласіпедзе. У самыя аддаленыя, за 7–8 кіламетраў, — на транспарце, які выдзяляе амбулаторыя.


— З каронавіруснай інфекцыяй у нас цяпер адносна спакойна, адзначае Раман. — Хоць асобныя выпадкі ёсць. Асаблівую ўвагу надаю прафілактыцы: вучу падапечных санітарна-эпідэміялагічным правілам, тлумачу, хто, калі і дзе павінен насіць маскі, як важна вытрымліваць сацыяльнае дыстанцыяванне. Ці слухаюцца? Безумоўна. А як інакш? Я ж і праверыць магу…

Begunova@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter