Третий театральный фестиваль «УМОЎNO» стартовал в Полоцке

Эксперымент і талент

У Полацку прадставяць як пластычныя, так і драматычныя спектаклі

Учора ў Полацку пачаўся трэці фестываль пластычных спектакляў «ЎMOЎNO» з міжнародным удзелам. Сімвалічна, што адкрываць і закрываць яго плануюць менавіта полацкія артысты: народны тэатр гістарычнага строю «Полацкі зьвяз» і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, народны тэатр «Пілігрым».


Фэст арганізаваны ў 2019 годзе як першы ў Беларусі міжнародны фестываль монаспектакляў па ініцыятыве народнага тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі зьвяз» пры падтрымцы Полацкага райвыканкама і Полацкага гарадскога Палаца культуры. Удзел у ім прынялі тэатральныя калектывы з пяці краін.

У назву «ЎMOЎNO» арганізатары ўмясцілі адразу некалькі сэнсаў. У аснове — слова mono (ад старажытнагрэчаскага «адзін»): адзін акцёр на ўласным прыкладзе дэманструе мастацтва перадачы эмоцый, змены настрою, паказвае эвалюцыю вобраза героя. З іншага боку, літара «ў» з'яўляецца ўнікальнай, адлюстроўвае адметнасць нашай мовы — яе можна лічыць сімвалам выключнасці беларускай культуры. І вядома, кажучы аб тэатры, нельга не разумець вызначаную ўмоўнасць дзеі на сцэне.

— Падчас пандэміі і звязаных з ёй абмежаванняў у тэатральным жыцці ўзнік пэўны вакуум, — нагадвае ў пачатку размовы кіраўнік народнага тэатра гістарычнага строю «Полацкі зьвяз» Яўгенія Кавалёва. — Мы чакалі сустрэчы з іншымі тэатрамі, як глытка свежага паветра, бо другі фестываль праходзіў у 2021 годзе ў фармаце майстар-класаў. Падчас фестывалю «ЎMOЎNO-2022» запланавана паказаць 12 спектакляў. Важна, каб у выніку прагляду тэатральных пастановак павысіўся ўзровень і гледачоў, і акцёраў. Мэта — абмен вопытам у тэатральных эксперыментах і кірунках на шляху да тэатра будучыні.


Калі першы фестываль сабраў монаспектаклі, у гэтым была яго адметнасць, адлюстраваная ў назве, кірункі фестывалю гэтага года — пластычныя і драматычныя пастаноўкі. Дарэчы, своеасаблівасць творчасці народнага тэатра «Полацкі зьвяз» у тым, што спектаклі і перформансы абыходзяцца без слоў — пластычныя.

— Нам важна не толькі сустрэцца з калегамі, абмеркаваць спектаклі, але і пачуць меркаванні экспертаў пра выкарыстанне на сцэне розных тэатральных прыёмаў, — адзначыла Яўгенія Кавалёва. — Так, відэазапісы спектакляў мы накіруем у кітайскі Муданьцзян — горад-пабрацім Полацка. Цікава, як успрымуць яго кітайскія тэатральныя дзеячы, а мы ў сваю чаргу дакранёмся да тэатральнай культуры горада-пабраціма, абмяняемся думкамі і ўражаннямі. Дарэчы, ацэньваць абодва бакі будуць пастаноўкі на гістарычную тэматыку: Полацк пакажа «Пад крыламі роду» і «Радзівіл».

Прымаюць удзел у фестывалі «ЎMOЎNO» не толькі аматарскія, але і прафесійныя калектывы, напрыклад Беларускі тэатр «Лялька» і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (абодва з Віцебска). Апошні прадставіць сатырычны спектакль «Вытанчаны падман» па п'есе Мікалая Гогаля «Гульцы». Сярод разынак, якія прапануюць арганізатары, таксама спектакль Санкт-Пецярбургскага гарадскога тэатра «Дом Бернарды Альбы». У ім удзельнічаюць 30 актрыс. Сцэны з жыцця жанчын у іспанскіх паселішчах: поўдзень Іспаніі, Андалусія, вялікі дом, дзесяць жанчын, ніводнага мужчыны і ўсёпаглынальная прага кахання.

Яшчэ адна адметная рыса «ЎMOЎNO-2022»: два калектывы прадставяць спектаклі з падобнай назвай. Гэта «Я хачу лятаць» узорнай тэатральнай студыі «Дарослыя дзеці» з Віцебска і «Навучы мяне лятаць» заслужанага любіцельскага калектыву краіны, народнага тэатра «Пілігрым» з Полацка. Аснова п'есы — прыгожая гісторыя кахання фатографа і балерыны. 


У пластычным спектаклі Тэатра дакумента Ганны Сулімы «Василий Кандинский. Без запятых» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Мінск) прадстаўлена вольная інтэрпрэтацыя творчай спадчыны рускага мастака ў стылі абстракцыянізму. Майстры перформанса — народны мала-дзёжны тэатр «Кола» (Віцебск) — дэманструюць пастаноўку «Дыхаць».

Пластычны спектакль «Простыя рэчы» заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, народнага тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск» — гэта некалькі маленькіх гісторый, расказаных сябру ў розных сітуацыях. Аб чалавечых адносінах, высновах, страхах і лёсах, жыцці і каханні.

Тэатр на Нямізе (Мінск) абазначыў жанр спектакля «Каралева прыгажосці» як «сямейная драма ці не зусім...». Гэта гісторыя вайны маці і дачкі ў пастаноўцы Глеба Раманоўскага. Трагікамедыя «Што здарылася ў заапарку» народнага маладзёжнага тэатра «Кола» (Віцебск) — гісторыя аб татальнай адзіноце людзей, аб марных пошуках паразумення, выказаная праз парадаксальны сюжэт.

«Радзівiл», пластычны спектакль «Полацкага зьвязу», таксама вельмі своеасаблівы. Гісторыя Барбары Радзівіл і польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста вядома большасці прыхільнікаў тэатра па п'есе Аляксея Дударава «Чорная панна Нясвіжа», пастаўленай у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Але палачане натхняліся іншай першакрыніцай: пры стварэнні сваёй версіі гісторыі Барбары Радзівіл карысталіся яе сапраўднымі лістамі, выдадзенымі з каментарыямі ў Літве. Ці сапраўды яе атруціла маці караля Жыгімонта Аўгуста? Ці магла Барбара быць з тым, каго кахала? Адказ можна знайсці на полацкай сцэне.

yasko@sb.by

Фота аўтара і Кірыла СМАЛЯКОВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter