Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Нататкі пра тое, дзеля чаго вандроўнікі з Дона праехалі па зімовых дарогах Расіі і Беларусі звыш чатырох з паловай тысяч кіламетраў

Экспедыцыя на Бацькаўшчыну

Пачну з радаснай падзеі, пра якую нядаўна СМІ напісалі: Мінск і Растоў-на-Доне сталі гарадамі-пабрацімамі. Рашэнне прынялі дэпутаты гарадской думы данской сталіцы. А працэс, як кажуць, быў запушчаны летась, калі праходзіў афіцыйны візіт дэлегацыі ўрада Растоўскай вобласці ў Мінск. Па выніках сустрэчы расійскіх гасцей з старшынёй Мінскага гарвыканкама Андрэем Шорацам была дасягнута дамоўленасць наконт супольнага руху ў бок пабрацімства. І ўсё пайшло, як спланавалі. Зрэшты, і раней гарады мелі ўзаемавыгадныя стасункі. Прадпрыемствы Растоўшчыны экспартуюць у Беларусь алей, жаночае адзенне, лакафарбавыя вырабы ды іншыя тавары. З Беларусі на Дон ідуць прадукты харчавання, абутак, прадукцыя машынабудаўнічых і хімічных прадпрыемстваў. Скажам, летась адміністрацыя Растова набыла 75 нізкападлогавых аўтобусаў вялікай умяшчальнасці — для камфортнай перавозкі турыстаў і жыхароў горада ў час Чэмпіянату свету па футболе-2018.

Дзякуючы экспедыцыі “Дон–Беларусь: 2018” у Растове больш ведаюць пра беларусаў

Мяркую, цяпер паміж гарадамі-пабрацімамі будуць пашырацца як эканамічныя, так і культурныя кантакты, узрасце плынь турыстаў у абодва бакі. У Растове прадаюцца ўжо білеты на прамы авіярэйс да Мінска — ён запрацуе ў красавіку, і наш Саюз беларусаў Дону рыхтуе да падзеі цікавы праект. Самалёт кампаніі Белавія будзе лятаць у Мінск з растоўскага аэрапорта Платаў чатыры разы на тыдзень.

А пакуль яшчэ той красавік — мы з сябрам чакаць не сталі, на пачатку лютага ўзрушыліся ды здзейснілі грамадска-патрыятычную экспедыцыю “Дон—Беларусь: 2018”. Рухацца пачалі на маім аўто 8 лютага 2018 года  у 18 гадзін 18 хвілін. Так супала: засякаў кіламетраж, для пэўнасці глянуў на гадзіннік — і вачам не паверыў. Са мною ўпершыню адправіўся ў Беларусь Васіль Лук’янаў — сябар, які прыдумаў Міжнародны фестываль на Доне, прысвечаны “Слову аб палку Ігаравым”. Ён жа і кіруе праектам, рухае яго ўжо 18 гадоў, а наш Саюз беларусаў Дону ў праекце актыўна ўдзельнічае. Я ў дарозе быў за рулём, а Васіль Васільевіч — за штурмана, ён і зберагаў наш падарожны фонд. Экспедыцыю, дарэчы, падтрымаў і беларус Валянцін Уладзіміравіч Гербач — ваенны пенсіянер, старшыня Растоўскага гарсавета ветэранаў вайны і працы. Дзякуй яму за гэта!

Праз дзесяць дзён, 18 лютага, мы вярнуліся ў Растоў. Асабліва ж мяне радуе, што пабываў я на Брэстчыне, на магілцы бацькі, партызанскага камандзіра Уладзіміра Уладзіміравіча Калатухіна. Ён быў кадравым афіцэрам-палітруком, удзельнічаў і ў Фінскай вайне. У раённым горадзе Камянцы яго ведалі як дырэктара мясцовай школы, там ён і пахаваны. 23 лютага быў яго 100-гадовы юбілей. Стоячы пры магіле, я нібыта вёў з бацькам у думках размову. Што ж, варта прызнаць: нягледзячы на ўсе страты, няўзгоды, жыццё ўдалечыні ад Беларусі, мне за свой лёс не сорамна — і бацьку было б за мяне прыемна. Нечага ж я дасягнуў, рэалізую таленты, імкнуся быць вартым яго светлай памяці. 

Думаў яшчэ, вандруючы па ўснежанай Беларусі, што я шчаслівы чалавек: бо ў мяне ёсць вось такая светлая, добрая і квітнеючая зямля бацькоў. Бацькаўшчына. І тым я таксама багаты. Кожны раз, калі з ёй сустракаюся, згадваю ўсіх сваіх родных і блізкіх людзей. Бачу цудоўныя палескія краявіды з маленства, тую святую зямлю, дзе, як кажуць, пупок мой закапаны. Паўстае перада мною і маміна-дзедава вёска Камень на Піншчыне, дзе нарадзіўся, і вёска Гоцк, што ў Салігорскім раёне (там далей я рос і сталеў), і родная Гоцкая школа, настаўнікі якой вывелі мяне ў людзі...

Уладзімір Банцэвіч і Зінаіда Камароўская сустракаліся ў Коласаўскім музеі
фота івана ждановіча

Калі пра ўсю экспедыцыю расказаць, то цэлая кніга б атрымалася. Была мэта: назбіраць як мага больш экспанатаў для музея расійска-беларускага сяброўства, які мы цяпер пашыраем у 112-й школе Растова-на-Доне. Таму штрыхамі пазначу, дзе пабывалі. А праехалі за 10 дзён 4600 кіламетраў, з іх 1200 — па беларускай зямлі. З Растова ехалі ў Гомель. Там узялі зямлю з мясцовага Кургана Славы, была цікавая сустрэча з Юліяй Купрэевай, дырэктаркай Музея гісторыі города Гомеля.

Зямлю з Кургана Славы ўзялі таксама й пад Мінскам. Дзякуючы журналісту Івану Ждановічу з газеты “Голас Радзімы” (якога, дарэчы, за плённае супрацоўніцтва з суполкаю ўжо запісалі шаноўным сябрам Саюза  беларусаў Дону) мы з карысцю правялі час у Мінску. Пабывалі, у прыватнасці, у Музеі Якуба Коласа, пазнаёміліся з яго дырэктаркай Зінаідай Камароўскай: у нас намячаюцца важныя сумесныя культурныя праекты. Былі сустрэчы ў гарадскім Савеце ветэранаў, у Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчынай вайны. А ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур ад яго дырэктаркі Вольгі Антоненкі атрымалі цудоўны падарунак для нашай бібліятэкі: шматтомную Анталогію беларускай літаратуры. Вялікі дзякуй, Вольга Віталеўна! І яшчэ — Хатынь: узята зямля з мемарыяла, была сустрэча з дырэктарам мемарыяльнага комплексу Артурам Зельскім.

Далей — Брэст. Хоць наведвалі мемарыял “Брэсцкая крэпасць-герой” у нядзелю, і яго кіраўнікоў на працы не было, аднак зямлю з крэпасці нам перадалі, разам з адпаведным сертыфікатам. У горадзе Камянцы былі сустрэчы ў гарвыканкаме, Цэнтры сацыяльнай дапамогі дзецям-інвалідам. Наведалі знакамітую Камянецкую (Белую) вежу, пабывалі ў мястэчку Камянюкі ды Белавежскай пушчы.

З Брэста ехалі на Гомельшчыну, заначавалі ў Гоцку, вёсцы майго маленства. Ранкам была хвалюючая сустрэча у Гоцкай школе з яе дырэктаркай Валянцінай Ермаковіч, настаўнікамі, вучнямі. Далей — сустрэча ў Жыткавіцкім райвыканкаме з Сяргеем Агіевічам, кіраўніком профільнага аддзела. Пабывалі ў старажытным Тураве:  наведалі Краязнаўчы музей, пабачылі пад шкляным дахам раскапаны археолагамі падмурак будаванай у 1170 годзе царквы, сфатаграфавалі велічны помнік Кірылу Тураўскаму. 

Што ў выніку? Экспедыцыю можам назваць эфектыўным мабільным метадам народнай дыпламатыі. Зроблена за дзесяць дзён вельмі шмат. Наведзены свайго роду этна-культурныя і грамадска-патрыятычныя масты паміж Саюзам беларусаў Дону і Гомельскім гарвыканкамам, Салігорскім, Камянецкім і Жыткавіцкім райвыканкамамі трох розных абласцей. Вялікі дзякуй дыпламату Уладзіміру Няронскаму, прадстаўніку Беларускага Пасольства ў Расіі, які даваў нам усюды “зялёную вуліцу”, дапамог ладзіць сустрэчы на афіцыйным узроўні. Я вельмі ўсцешаны, што нас і ў іншых месцах Бацькаўшчыны прымалі вельмі цёпла, хоць мы ж, бывала, падалі людзям — як снег на галаву. Аднак па ўсім маршруце нам шанцавала не толькі з добрымі людзьмі, але ж і з выдатным надвор’ем: тэмпература была крыху ніжэй за нуль, што ў лютым не часта здараецца.

Акрамя зямлі са свяшчэнных мясцін Памяці ды воінскай Славы Беларусі, мы прывезлі ў Растоў-на Доне і дзве сімвалічныя рэчы: сноп жыта з вёскі Гоцк і частку старажытнай абароннай “сцяны” (з пяці завостраных колляў) з вёскі Камянюкі, якія нам падарыў мясцовы ваенны пенсіянер. Само ж тое паселішча блізка да граніцы Саюзнай дзяржавы Расія-Беларусь з Еўрасаюзам. Прывезеныя рэчы размяшчаем у раздзеле “Абаронцам Айчыны — Слава!” нашага “Музея Расійска-Беларускай этнакультурнай і грамадска-патрыятычнай традыцыі”: такую назву нядаўна ў нас афіцыйна зацвердзілі.

Адкрываць музей плануем 2 красавіка: у Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі. Таксама і ў бібліятэцы нашай — свята, бо шмат кніг з Бацькаўшчыны прывезена. То можа, разважаю, дапамог нам і беларускі першадрукар Францыск Скарына, імем якога назвалі мы Беларускі этнакультурны цэнтр на Доне?..

І яшчэ — пра неспасцігальнае. Часам, заўважаў, мы й самі сабе не можам растлумачыць, чаму так цягне нас у тыя ці іншыя справы. Чаму лічым іх у пэўны перыяд жыцця найважнейшымі. Нешта вядзе нас да мэты? Што хаваць: раптам узнікла ў мяне ідэя экспедыцыі. Зіма, хуткія зборы, доўгая дарога, толькі прыкладны план вандроўкі... Так, хацелася мне ўшанаваць памяць бацькі — але ж не ўсе дзеля таго едуць зімою за тысячы кіламетраў на магілу роднага чалавека. Магчыма, наш рух па расійска-беларускіх дарогах, жывыя размовы-кантакты з людзьмі былі патрэбныя для нечага большага? І вось жа супала: праз тры дні пасля нашага вяртання, 21 лютага, Растоўская гарадская дума прыняла рашэнне аб пабрацімстве Растова-на-Доне і Мінска. Я такому вельмі рады! Ініцыятыва ж аб пабрацімстве сыходзіла ад кіраўніка Аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў Растове-на-Доне Уладзіміра Уладзіміравіча Няронскага. А наконт назвы музея, то, прадумваючы яго канцэпцыю, прыходжу да высновы, што праект варта б назваць: “Школьны этнаграфічны музей-майстэрня “Русская изба — Беларуская хата” з мемарыяльнай экспазіцыяй “Абаронцам Айчыны — Слава!” у плыні пабрацімскіх сувязяў гарадоў Растова-на-Доне і Мінска”. Вось так, дзякуючы экспедыцыі “Дон—Беларусь: 2018”, наш музей і набывае свой адметны твар.

Уладзімір Банцэвіч, старшыня Саюза беларусаў Дону

Голас Радзімы № 10 (3562), чацвер, 15 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter