За пяць месяцаў продаж нашых тавараў за мяжу прыбавiў 2 млрд долараў: у чым сакрэт?

Экспарт на ўзлётнай паласе

Цэлы шэраг міжнародных поспехаў і мерапрыемстваў прымусіў гаварыць пра Беларусь, паўплываў на рост пазнавальнасці нашай краіны ў свеце. І пакуль тэарэтыкі спрачаюцца над тым, ці можна лічыць эканоміку люстэркам палітыкі, мы даказалі практычным шляхам: нават трэба. Лічбы кажуць самі за сябе: беларускі экспарт крута пайшоў угору.


Даныя Белстата і Нацбанка сухія, але бесстароннія. У студзені — маі гэтага года экспарт тавараў і паслуг узрос на 20,6%, калі параўноўваць з аналагічным перыядам 2016-га. Пры гэтым — яшчэ адзін пазітыўны момант! — імпарт за той жа перыяд павялічыўся толькі на 15,7%.

Вось самыя яркія прыклады. Экспарт Беларускага металургічнага завода ў першым паўгоддзі 2017-га вырас на 137,2% — і складае сёння амаль паўмільярда долараў. Удвая нарасціў экспарт у першым паўгоддзі і Беларускі аўтамабільны завод. Прычым пастаўкі нашых БелАЗаў у Казахстан скокнулі на 330,7%, а ва Украіну — на 706,3%.


Намеціўся прарыў на даволі складаным паўночнаамерыканскім кірунку, пра што даў зразумець на днях часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі:

— Двухбаковае супрацоўніцтва расце і па экспарце, і па імпарце. Пачатак 2017 года характарызуецца менавіта апераджальным ростам экспарту беларускай прадукцыі. Гэта пакуль параўнальна невялікія лічбы. Што тычыцца тавараў, за пяць месяцаў мы маем 80 млн долараў — у 2,5 раза вышэй, чым у мінулым годзе. Але калі браць гандаль паслугамі, то беларускія паслугі вельмі паспяхова прадаюцца ў ЗША. У асноўным камп'ютарныя паслугі рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Тэндэнцыя такая, што мы можам дасягнуць 0,5 млрд долараў па выніках 2017 года менавіта па экспарце паслуг.

Зрэшты, прафесар БДУ Барыс Паньшын нічога дзіўнага ў гэтым не бачыць:

— Па-першае, відавочна азначыўся агульнасусветны выхад з рэцэсіі. І пачаўся цэлы шэраг інфраструктурных праектаў, якія неадкладна выклікалі патрэбу ў тэхніцы. Па-другое, стабілізацыя стала ўсталёўвацца ў Расіі — і бізнесмены з фермерамі пачалі прыглядацца да новай тэхнікі. Так што Беларусь са сваёй прадукцыяй аказалася ў трэндзе. Па-трэцяе, мы і не расслабляліся, не распускалі свае вытворчасці і не аслаблялі намаганні па працы на знешніх рынках. Усё гэта дазволіла нам апынуцца «пад рукой» у сусветнага эканамічнага супольніцтва. Несумненна, пазітыўную ролю адыгрывае і ўдзел нашай краіны на міжнароднай арэне, у рабоце розных форумаў і арганізацый. Калі людзі за мяжой бачаць, што Беларусь удзельнічае ў пазітыўных міратворчых працэсах, да яе і стаўленне больш пазітыўнае. Намаганні па фарміраванні пазітыўнага вобразу нашай краіны як надзейнага і дастойнага партнёра і выліліся ў экспартны прарыў.

Максім МІКАЛАЕЎ

osipov@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter