Уникальная выставка о жизни Николая II открывается в Могилеве

Экспанаты з гісторыяй

У суботу 9 сакавіка ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава пачынае працу выставачны праект “Царская Сям’я. Узыходжанне”, які раскажа пра жыццё, служэнне і духоўны шлях сям’і імператара Мікалая II.



Наведвальнікі экспазіцыі пазнаёмяцца з рэдкімі фатаграфіямі, копіямі карцін, дакументаў, выпiсак з дзённікаў, сведчаннямі відавочцаў з архіваў, музеяў і прыватных калекцый, якія знаходзяцца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Лівадыі, Залатавусце, Магілёве. Прадстаўленыя матэрыялы дапамогуць пераасэнсаваць некаторыя гістарычныя падзеі, а адзін з блокаў выставы раскажа пра жыццё царскай сям’і ў Магілёве.

Як вядома, Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага знаходзілася ў Магілёве са жніўня 1915 года па люты 1918-га. Нягледзячы на жудасці вайны, кожная сям’я, у тым ліку і царская, жыла сваім жыццём. Па ўспамінах сведкаў таго часу, родныя Мікалая ІІ любілі адпачываць у Пячэрску, на берагах Дняпра, ладзілі пікнікі ў Палыкавічах. Днём імператар часта выязджаў на аўтамабілі, асабліва яму падабаліся месцы непадалёку ад Шклова.

Святар Рыгор Шавельскі, які займаў тады пасаду протапрэсвітэра ваеннага і марскога духавенства, піша ў сваіх мемуарах: “Магілёўскія абывацелі былі ўражаны прастатой царскіх дачок, якія без усялякай аховы гулялі па горадзе, заходзілі ў крамы. Яшчэ больш цесна кантактаваў з гараджанамі спадчыннік прастола цэсарэвіч Аляксей. Ён проста гуляў з магілёўскімі хлапчукамі, якія жылі побач”. Пра гэтыя і іншыя факты з жыцця царскай сям’і жыхары і госці Магілёва змогуць даведацца на выставе, якая будзе працаваць да 14 красавіка.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter